Лілія Вабішчэвіч, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, раскрывае прафесійныя планы і задумы, дзеліцца шчырымі разважаннямі пра творчасць і натхненне.

— Лілія, калі вы зацікавіліся мастацтвам?
— Цяга да яго жыла ўва мне з маленства. Спрабавала сябе ў розным — ад вакальных і танцавальных студый да ігры на скрыпцы. Але ніводнае з гэтых заняткаў не змагло па-сапраўднаму завалодаць сэрцам. Затое маляванне — зусім іншае! Таму і загарэлася ідэяй пайсці ў мастацкую школу ў сваім родным Століне. Маму ўгаворвала яшчэ з пачатковых класаў, але атрымалася толькі ў сёмым. І вось на першым жа ўроку пацвердзілася — маё!

— У якім напрамку хочацца расці зараз?
— Актыўна асвойваю лічбавую графіку. А наконт працы з “жывымі” матэрыяламі, любімчыкамі застаюцца простыя алоўкі і клеявыя фарбы.
— Што імкняцеся даносіць да гледача?
— Бясконцую прыгажосць нашага свету, цёплыя эмоцыі і пачуцці, якія зведваю падчас малявання.

— Самая цудоўная частка жыцця мастака — гэта…
— Бачыць, як пад рукамі нараджаецца хараство, адчуваць драйв у працэсе і потым з гонарам разумець: атрымалася менавіта так, як марылася!
— А складанасці сустракаюцца?
— З няпростага, што застаецца дагэтуль, — працаваць у моманты, калі няма неабходнага настрою. А ў цэлым усё даецца лёгка! Толькі часам трэба праявіць больш самадысцыпліны і ўседлівасці.

— Здаралася, што выдыхаліся, “перагаралі”?
— Калі нуда і накрывала, то ненадоўга. Дэдлайны ніхто не адмяняў, таму не дазваляю сабе расклейвацца. А каб перазагрузіцца, стараюся хоць крыху адкласці справы і пераключыцца на іншыя актыўнасці.
— Наколькі вы адкрыты да крытыкі?
— Падыходжу да яе свядома! Цаню зваротную сувязь ад тых, хто прасунуўся далей за мяне, і ўбіраю максімум з іх слоў дзеля самаўдасканалення. А вось ад заўваг дылетантаў імкнуся абстрагавацца.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашыя любімыя працы.
— Кожная па-свойму дарагая майму сэрцу! Але на першым месцы — партрэты і работы на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Добра ўдаецца перадаваць дух таго часу.
— А дзе звычайна шукаеце сюжэты?
— Творчы працэс для мяне — хутчэй паток, чым загадзя спланаваны маршрут. Задумы нараджаюцца спантанна! Моцна натхняюць крутыя праекты аднагрупнікаў, эстэтычны кантэнт з Pinterest…

— Умовы, што настройваюць на патрэбную хвалю…
— Гэта атмасфера хатняй утульнасці, цішыні, стваральнай адзіноты... Так значна лягчэй засяродзіцца, а ідэі прыходзяць хутчэй.
— Хто ваш любімы мастак? А кірунак?
— Міхаіл Савіцкі! Што да стыляў, абажаю гіперрэалізм. Так падабаецца капацца ў дэталях, прадумваць усё да дробязяў!
— З кім з вядомых асобаў хацелі б пагаварыць? Аб чым бы спыталі?
— З Іванам Айвазоўскім! Даведалася б пра ідэальныя з яго пункту гледжання каляровыя спалучэнні і пра тое, як яму ўдавалася дасягаць такой неверагоднай дакладнасці ў адценнях.

— На ваш погляд, большую вагу ў творчай прафесіі мае прыроджаны дар або настойлівасць?
— Талент — толькі іскра, адна са шматлікіх цаглінак, з якіх будуецца поспех. Куды важнейшыя ўпартасць, уседлівасць, мэтанакіраванасць, адказнасць. Без гэтага любы талент згасне, не знайшоўшы шляхі да рэалізацыі.
— Якія словы падтрымкі сказалі б таму, хто толькі-толькі бярэцца за аловак?
— Грунтоўныя парады пакуль рана раздаваць, бо самой яшчэ многа чаго трэба спасцігнуць… Адзінае непарушнае правіла, якое вынесла са свайго невялікага плавання, — ніколі не здавацца. Няўдачы — частка шляху, і галоўнае — працягваць рухацца да мэты, заставацца настойлівым і паслядоўным.
— Паколькі заўсёды хочацца быць наперадзе, саперніцтва застаецца адным з галоўных матыватараў.
— А што, наадварот, выбівае з каляіны? — Няпрошаныя парады і відавочныя ісціны. Недарэчная суб’ектыўнасць таксама стамляе.

— Якія рысы цэніце ў сабе?
— Стараннасць і рашучасць, бо яны падштурхоўваюць наперад, прымушаюць працаваць на поўную і атрымліваць выдатныя вынікі!
— А ёсць якасці, што перашкаджаюць?
— Няўпэўненасць і, як вынік, звычка маляваць “у стол” і абясцэньваць свае дасягненні.
— Вы схільная да перфекцыянізму?
— Так, у мяне вельмі высокія патрабаванні да сябе. Заўсёды імкнуся давесці справу да канца, каб было хаця б “задавальняльна”. А калі нешта не клеіцца, пагатоў не адступлю, пакуль не зраблю ідэальна.

— Якія зараз жыццёвыя прыярытэты? Чым гарыць душа?
— Жаданнем тварыць, прыўносіць у наш свет прыгажосць! Мару скончыць Глебаўку, дзе вучуся цяпер. Потым — паступіць ва ўніверсітэт, каб максімальна раскрыць патэнцыял і рэалізавацца як дызайнер і мастак.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні