Набліжаецца… “Час танцаваць”

Апублiкавана: 13 сакавiка 2026 Стужка Традыцыі Мінск Конкурсы

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Завяршыўся прыём заявак на ўдзел у V адкрытым рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць”. Фінальны этап спаборніцтва зладзяць 4 красавіка ў канцэртнай зале “Мінск”.

 

“Час танцаваць” — маштабны сацыяльна значны праект, арганізатарам якога з’яўляецца Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мэты конкурсу — выяўленне і падтрымка найбольш таленавітых, перспектыўных выканаўцаў і калектываў, а таксама ўмацаванне міжкультурных сувязей з краінамі блізкага і далёкага замежжа.

— Падрыхтоўка да спаборніцтва вядзецца бесперапынна. Для Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра “Час танцаваць” — адзін з самых важных праектаў, — падкрэсліў дырэктар РКАЦ Аляксандр Сідарэнка. — І нягледзячы на чатырохгадовы вопыт правядзення, ён працягвае ўзбагачацца новымі падыходамі і цікавымі рашэннямі.

 

РАЗ­НА­СТАЙ­НАСЦЬ І АД­КРЫ­ТАСЦЬ

Далучыцца да танцавальнай падзеі могуць сольныя выканаўцы і калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі ды іншых краін. Ніжні ўзроставы цэнз — чатыры гады. Верхняга абмежавання па-ранейшаму няма.

— Прыемна, што склад канкурсантаў з кожным разам пашыраецца. З’яўляюцца новыя ансамблі, адкрываюцца яркія імёны. Па добрай традыцыі прыязджаюць артысты з Кітайскай Народнай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі. Сёлета, спадзяёмся, “Час танцаваць” таксама парадуе нас разнастайнасцю. Удзельнікаў фінальнага этапу аб’явім да 20 сакавіка, — расказаў дырэктар цэнтра. — Зробім усё магчымае, каб яны адчувалі сябе камфортна.

Ужо правялі маштабныя рамонтныя работы, закупілі новае гукавое і светлавое абсталяванне. Лаўрэатам I, II і III ступеняў і пераможцам у пяці намінацыях — класічны, сучасны, эстрадны, бальны і народны танец — уручаць дыпломы і памятныя прызы. Апошнія з нагоды юбілею атрымаюць таксама грашовую прэмію. Уладальніка гран-пры чакае ўзнагарода ў памеры 200 базавых велічынь. Прадугледжаны і спецыяльныя прызы: “За захаванне і развіццё традыцый народнага танца”, “За найлепшую балетмайстарскую работу” і “За ўвасабленне ў танцы вобраза беларускай жанчыны” — сёлетняе яркае новаўвядзенне.

 

ШМАТ­ГРАН­НЫ ПАД­ЫХОД

Ацэньваць выканаўцаў будуць выбітныя харэографы краіны. Старшыня камісіі — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат філалагічных навук, прафесар кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская. Ганаровую місію яна выканае ўжо ў пяты раз.

— Штогод адбываецца частковая ратацыя членаў журы, але збольшага склад застаецца нязменным, — адзначыла старшыня судзейскай калегіі. — Такая практыка дазваляе экспертам бачыць важныя тэндэнцыі развіцця айчыннага харэаграфічнага мастацтва, даваць ім грунтоўную адзнаку. Разглядаюцца выступленні па глыбока прадуманай і шматграннай методыцы. Увага надаецца не толькі тэхнічнаму аспекту выканання, але і акцёрскаму майстэрству, касцюму, тэме і ідэі твора ды агульнай арганічнасці.

— Узровень калектываў прыкметна расце, пашыраецца тэматычная палітра. Сцэнічная культура становіцца багацейшай, што выяўляецца ў разнастайнасці касцюмаў і музычнага матэрыялу, — падзялілася назіраннямі Святлана Гуткоўская. — Аналізуем і ўлічваем у далейшай працы праблемныя ўчасткі кожнага этапу.

 

У АД­ПА­ВЕД­НАС­ЦІ З ЗА­ПЫ­ТА­МІ

Неад’емны элемент праекта — насычаная адукацыйная праграма, накіраваная на павышэнне прафесійнага ўзроўню танцораў і балетмайстраў. Рэалізуецца яна ў два этапы. Падчас спаборніцтва заняткі праводзяцца для педагогаў і выхаванцаў. Другі “тур” — увосень. У ролі вучняў — кіраўнікі і харэографы ансамбляў. Адбываюцца больш цесныя зносіны прафесіяналаў. Важна, што далучыцца да гэтых семінараў могуць і тыя, хто не ўдзельнічаў у конкурсе.

— Вельмі эфектыўны падыход: прыкладна праз паўгода пасля фіналу педагогі могуць пераасэнсаваць атрыманы досвед, па-новаму паглядзець на дасягнутыя вынікі, — мяркуе Святлана Гуткоўская. — Тэмы семінараў пастаянна мяняюцца. Тэарэтычныя майстар-класы, як правіла, прысвячаем тэхналогіям увасаблення харэаграфічнага твора, узаемасувязі музыкі і танца, асаблівасцям выбару выразных сродкаў і прымянення балетмайстарскіх прыёмаў. Практычныя ж ладзяцца ў адпаведнасці з запытамі кіраўнікоў калектываў. Звычайна выбар падае на народны і сучасны напрамкі.

 

САП­РАЎ­ДНЫ ПРА­РЫЎ

Вопытам удзелу ў конкурсе падзяліўся ўладальнік гран-пры 2025-га Stay Dance Project, які выступаў у намінацыі “Сучасны танец”.

— У конкурсе ўдзельнічаем з моманту яго заснавання, таму леташняя перамога — сапраўдны прарыў для нас. Грашовая ўзнагарода значна дапамагла Stay Dance Project. Дзякуючы прызу стварылі касцюмы для нашых выхаванцаў, купілі якаснае гукавое абсталяванне, — расказаў кіраўнік калектыву Станіслаў Грэчка. — Год таму прадстаўлялі Гомельскую вобласць. Прывозілі пастаноўку, прысвечаную трагічнай гісторыі дзвюх сясцёр — зняволеных канцлагера “Азарычы”. Гэты твор вельмі важны для мяне, бо прысвечаны маёй бабулі, якая таксама перажыла жахі вайны.

 

НА­ТА­ЛІЦ­ЦА ПРЫ­ГА­ЖОС­ЦЮ

Імёны фіналістаў і падрабязная праграма іх выступленняў, што пройдуць 4 красавіка, з’явяцца на афіцыйным сайце канцэртнай залы “Мінск”.

— “Час танцаваць” — унікальная пляцоўка, дзе літаральна за адзін дзень можна ўбачыць вялізную колькасць калектываў і разнапланавых нумароў. І самае каштоўнае, што дае наш конкурс многім творчым людзям, — шанц атрымаць праўдзівую адзнаку, а затым выкарыстаць яе для росту і адточвання свайго майстэрства, — адзначыў Аляксандр Сідарэнка. — Упэўнены: кожны ўдзельнік пакажа найлепшыя навыкі, прадэманструе ўсю сілу і прыгажосць харэаграфічнага мастацтва, а гледача накрые цэлая бура станоўчых эмоцый.

Ві­яле­та ГРЫН­КЕ­ВІЧ. Фо­та з сай­та kzminsk.by