Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Іосіфавіч Чарнецкі прадставіў 10 сакавіка калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы новага мастацкага кіраўніка. Ім стаў рэжысёр Дзмітрый Аляксандравіч Акімаў.

— Пачынаецца новая старонка ў гісторыі славутага, флагманскага тэатра Беларусі. Упэўнены, што наперадзе нас чакае мноства цудоўных спектакляў і ўражанняў! — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь і пажадаў творчых поспехаў.

— Мая першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі развіцця тэатра на доўгі перыяд, каб мы ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказчыках: творчым, эканамічным і грамадска-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатр адпавядаў свайму высокаму статусу, — сказаў Дзмітрый Аляксандравіч Акімаў у слове ў адказ.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА