Перспектыўным студэнтам пашчасціла атрымаць прафесійныя парады ад міністра: 10 лютага Руслан Чарнецкі правёў сустрэчу з таленавітай моладдзю — навучэнцамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі
МАЙСТАР-КЛАС АД МІНІСТРА
Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, мерапрыемства зладзілі з мэтай стымулявання творчай дзейнасці будучых рэжысёраў, якія назапашваюць веды ва ўстановах адукацыі нашай сферы. Запрошаныя да кіраўніка ведамства юнакі і дзяўчаты не простыя студэнты, а тыя, хто ўжо сёння ўдала спалучаюць навучанне з практыкай, выступаючы памочнікамі або асістэнтамі рэжысёраў на рэгіянальных і рэспубліканскіх святах. Падчас сустрэчы таленавітым пачаткоўцам быў прапанаваны шэраг падзей 2026 года, дзе маладыя творцы могуць праявіць сябе ў якасці стажораў і тым самым пракласці шлях у прафесію.

Падчас сустрэчы
Размова атрымалася карыснай і надзвычай шчырай: Руслан Іосіфавіч падзяліўся з моладдзю сваімі сакрэтамі майстэрства, распавёў, на што трэба звяртаць увагу ў першую чаргу і якія нюансы ніколі не выпускаць з поля зроку. Такім чынам афіцыйнае мерапрыемства пераўтварылася ў адмысловы майстар-клас ад міністра.
У СКЛАДЗЕ ДЭЛЕГАЦЫІ

Наталля Петухова
— Ад Універсітэта культуры і мастацтва было накіравана 29 навучэнцаў і чацвёра супрацоўнікаў, — распавядае загадчыца кафедры рэжысуры БДУКМ Наталля Петухова. — Перавага аддавалася студэнтам трэцяга і чацвёртага курсаў. Адбіралі іх зыходзячы з актыўнасці на занятках і ў пазаўрочны час, на мерапрыемствах універсітэта. Улічвалі таксама паспяховасць, ініцыятыўнасць і крэатыўнасць.
Па словах Наталлі Вячаславаўны, кожны з гэтых рабят рэгулярна ўдзельнічае ў конкурсах сцэнарыяў, прадастаўляючы ў Міністэрства культуры свае канцэпцыі правядзення святаў на розных пляцоўках. Вось і цяпер некаторыя працуюць над праектамі, з якімі плануюць паўдзельнічаць у творчых спаборніцтвах.

Наталля Коваль
— Парады, пачутыя ад міністра, думаю, дапамогуць нашым выхаванцам удасканаліць напісанае, — адзначыла намеснік дэкана факультэта мастацкай культуры Наталля Коваль. — Спадзяюся, гэтая сустрэча стане для моладзі добрым штуршком для кроку наперад і дапаможа здабыць аўтарытэт не толькі ва ўніверсітэце, але і ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі краіны.
БУДУЧЫНЯ ГАЛІНЫ

Алеся Войтка
За плячыма чацвёртакурсніцы Алесі Войтка — шэраг святаў, падчас якіх яна, пачынаючы з першага года навучання, замацоўвала атрыманыя ва ўніверсітэце веды. Самымі значнымі і каштоўнымі дзяўчына называе цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў краін СНД і ўрачыстае шэсце на Дзень Незалежнасці ў 2024 годзе. — Мая задача заключалася ў каардынацыі дзейнасці ўдзельнікаў, — распавядае Алеся.
— Абодва мерапрыемствы вельмі маштабныя і адказныя, але розніца адчувалася. У першым я працавала з прафесійнымі артыстамі, у тым ліку замежнымі, што накладвала дадатковую адказнасць. Разам з тым была арганізаванасць, разуменне пастаўленых задач. А падчас правядзення шэсця ахоплівала хваляванне ад ўсведамлення найвышэйшай урачыстасці галоўнага дзяржаўнага свята. Але дзякуючы старэйшым справілася з эмоцыямі і якасна адпрацавала.

Сустрэчу з міністрам Алеся лічыць каштоўным вопытам, магчымасцю ўдасканаліць навыкі і заявіць пра сябе на высокім узроўні.
— Мне спадабалася, як Руслан Іосіфавіч ставіцца да моладзі: ён неаднаразова падкрэсліў, што мы — будучыня галіны і ад нас, як і ад іншых таленавітых студэнтаў — артыстаў, рэжысёраў, мастакоў, музыкантаў, — залежыць тое, якой будзе беларуская культура ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
ЗАЯВІЦЬ ПРА СЯБЕ
Сяброўкі Алесі — Аляксандра Занько і Ганна Пшэднік — таксама ўдала спалучаюць заняткі, пазаўрочныя мерапрыемствы, удзел у рэспубліканскіх праектах. Дзяўчаты ўжо не раз рыхтавалі канцэпцыі правядзення таго ці іншага свята. А складнікі праграмы, падрыхтаванай Ганнай, нават увайшлі ў сцэнарый правядзення Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Ганна Пшэднік
— Такім чынам, лічу, што напалову перамагла ў конкурсе, — усміхаецца дзяўчына. — Чаму напалову? Таму што выніковы сцэнарый склаўся з маіх задум і задум другога прэтэндэнта.
Сёлета дзяўчына распрацавала яшчэ адну канцэпцыю правядзення свята рэспубліканскага ўзроўню. Парады, атрыманыя ад Руслана Чарнецкага, падштурхнулі яе да новых ідэй, таму праца будзе дапоўнена і адкарэктавана з улікам патрабаванняў.
— Я ўдзячна лёсу за тое, што трапіла на прыём, а таксама маім педагогам за тое, што дапамаглі мне знайсці сябе.
ДЗЯКУЙ НАСТАЎНІКАМ
Аляксандра Занько прызнаецца, што прызвычаілася вучыцца і пераймаць вопыт у кожнага выбітнага дзеяча мастацтваў, з кім даводзіцца стасавацца. Перадусім яна адзначае ўнікальную школу майстроў роднага ўніверсітэта.

Аляксандра Занько
— Сапраўднае захапленне і незабыўны досвед я атрымала ад сумеснай працы з рэжысёрскім складам БДУКМ, — распавядае Аляксандра. — Быць асістэнтам на праектах сапраўднага мастадонта нашай прафесіі Аляксандра Вавілава, а таксама працаваць поплеч з таленавітымі маладымі рэжысёрамі Максімам Паповым і Аляксеем Сакам — гэта бясцэнная школа. У такіх асоб варта вучыцца найвышэйшаму прафесіяналізму, творчай дзёрзкасці і неверагоднаму задору.
Акрамя таго, універсітэт дае магчымасць папрацаваць і з іншымі знакамітасцямі. Так, для Аляксандры важнай прафесійнай старонкай стала супрацоўніцтва з рэжысёрам Вялікага тэатра Ганнай Маторнай на ўрачыстасцях дзяржаўнага ўзроўню.

— Мне хочацца паспрабаваць сябе ў розных фарматах: у ваенна-патрыятычных мерапрыемствах і эстрадна-забаўляльных, на адкрытых і закрытых пляцоўках, для моладзі і людзей сталага ўзросту. Бо спецыяліст высокага класа павінен умець стварыць любое свята так, каб яно закранула душу кожнага ўдзельніка.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з Тэлеграм-канала
Міністрэства культуры Рэспублікі Беларусь і архіваў гераінь