Павялічыць уклад турызму ў эканоміку мінімум у два разы — такую задачу на пяцігодку паставіў Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні на VІІ Усебеларускім народным сходзе. Што робіцца дзеля выканання загаду і як гэтаму спрыяе наша сфера?

Тэму “Развіццё турыстычнай сферы Беларусі: захаванне традыцый, умацаванне сувязяў і ўклад у эканоміку” разгледзелі на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.
Як адзначыла кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вераніка Шышкоўская, сёння развіццё турыстычнай сферы — адна з прыярытэтных задач дзяржавы.

Палац у Косаве
Асаблівае месца займае культурна-пазнавальны турызм, які садзейнічае ўмацаванню эканамічнага патэнцыялу, пашырэнню культурных сувязей, павышэнню міжнароднага іміджу краіны, папулярызацыі нацыянальных традыцый і захаванню гістарычнай спадчыны, што ўключае гістарычныя помнікі, архітэктурныя комплексы, музеі, этнаграфічныя аб’екты, а таксама багацце традыцыйных рамёстваў, звычаяў і святаў.
Пры Міністэрстве культуры дзейнічае рабочая група па развіцці культурна-пазнавальнага турызму, штогод фарміруецца каляндар брэндавых мерапрыемстваў.

У іх ліку — Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, які летась сабраў больш за 5000 удзельнікаў з 44 краін.

Падчас выставы “Адпачынак-2025”
Актыўна вядзецца міжнароднае супрацоўніцтва. Больш за 30 устаноў культуры прынялі ўдзел у 27-й Міжнароднай вясновай выставе турыстычных паслуг “Адпачынак-2025”.
У рамках XII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прадэманстравалі народную творчасць і традыцыйную кухню.
ДОМА І ЗА МЯЖОЙ

Вераніка Шышкоўская
Па словах Веранікі Шышкоўскай, асаблівая ўвага надаецца ўключэнню аб’ектаў гісторыка- культурнай спадчыны ў турыстычнае абарачэнне. З 2004 па 2025 год у яго ўведзена больш за 12 аб’ектаў, якія раней не выкарыстоўваліся.

Вежа ў Каменцы
Сёння Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей налічвае больш за 5600 аб’ектаў.

Неглюбскі рушнік
Беларусь актыўна прадстаўляе свае традыцыі на міжнародным узроўні, у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо ўключаныя сем беларускіх элементаў.
Установы культуры штогод праводзяць больш за 500 мерапрыемстваў рознай накіраванасці.

Нясвіжскі замак
Музеямі заключана каля 1900 дагавораў з турыстычнымі арганізацыямі, укараняюцца віртуальныя экскурсіі і аўдыягіды на замежных мовах.

Падпісаны мемарандум з Кітайскай Народнай Рэспублікай аб правядзенні славянскага фестывалю “Беларускі гарадок” у Наньтуне і Нанкіне.
ПЕРШАЕ ЎРАЖАННЕ

Дар’я Шыбека
Загадчык сектара па развіцці турызму ўпраўлення міжнароднай дзейнасці і турызму камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дар’я Шыбека звярнула ўвагу на ролю экскурсаводаў: гэта першая асоба, з якой сустракаюцца госці, стварае першае ўражанне ад краіны.
На пачатак года ў Мінску атэставаныя 390 экскурсаводаў і 94 гіды-перакладчыкі, з іх летась — 73 экскурсаводы і 13 гідаў-перакладчыкаў.
У рамках развіцця экскурсійнай інфраструктуры таксама быў атэставаны новы аўдыягід “Сталічны маршрут”, які ўключае ў сябе інфармацыйнае суправаджэнне па аб’ектах уздоўж веламаршруту.

Інфармацыйная шыльда праекта “Сталічны маршрут”
Шлях працягласцю больш за 70 кіламетраў ахоплівае ўсе дзевяць раёнаў горада. Для навігацыі на вуліцах усталяваныя інфармацыйныя шыльдачкі з QR-кодамі. З дапамогай іх турыст можа атрымаць падрабязнае апісанне славутасцей на сваім смартфоне.
ГАСТРАНАМІЧНЫ СКЛАДНІК
У Мінску працуюць 59 гатэляў і 19 аналагаў з агульнай умяшчальнасцю каля 13 000 месцаў.

Гатэльны комплекс у Лошыцы
Сярод іх — адкрыты летась трохзоркавы гатэль у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, які знаходзіцца ў гістарычным будынку вінакурні канца ХІХ стагоддзя.

Стравы беларускай кухні
У сталіцы налічваецца больш за 4000 аб’ектаў грамадскага харчавання, асаблівая ўвага надаецца прамоцыі нацыянальнай кухні.
Адным з паспяховых фарматаў гастранамічных мерапрыемстваў сталі вялікія гарадскія пікнікі, якія праводзяцца ўлетку, збіраючы тысячы наведвальнікаў і ствараючы прастору для адпачынку і знаёмства з культурай харчавання ў Мінску. Папулярнасцю карыстаюцца фарматы фудзон, фудкортаў і фудмаркетаў, якія прыцягваюць людзей розных узростаў.
ПЛЯЦОЎКІ ДЛЯ ДЫЯЛОГУ

Сёлета плануецца адкрыццё двух новых візіт-цэнтраў Інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск” у раёне Верхняга горада і Палаца спорту.
Працягваецца работа над мадэрнізацыяй турыстычнага партала: платформу абновяць да пачатку летняга сезона, на сайце з’явяцца зручны пошук месцаў размяшчэння, гатовыя турыстычныя маршруты і экскурсіі.
З 7 па 11 красавіка ў Мінску пройдзе “Вялікі турыстычны тыдзень”. Асноўная яго падзея — IV Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс, які збярэ адмыслоўцаў з розных краін.
Таксама адбудзецца форум Travel Hub “Садружнасць”, накіраваны на развіццё турыстычных маршрутаў паміж краінамі СНД.
Яшчэ адной важнай падзеяй стане міжнародная выстава Expo HORECA Minsk 2026, дзе прадставяць найноўшыя рашэнні для гасцінічнай і рэстараннай індустрыі.
Антон РУДАК. Фота з матэрыялаў прэс-канферэнцыі,
сайта Нацыянальнага агенцтва па турызму і з архіва "К"