Еўразійскі Міжнародны конкурс лічбавага мастацтва «Кінаматык — нейрасетавае відэа» падвёў вынікі.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла 5 сакавіка ў Мемарыяльнай зале Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пераможцамі сталі 15 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана.




Заснавальнік спаборніцтва, што стартавала ў лістападзе 2025 года, — Міжнацыянальны дзелавы сход Беларускага грамадскага аб'яднання «Русь». Генеральныя партнёры — Сінадальны аддзел Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, Саюз Праваслаўных жанчын, Беларускі саюз кінематаграфістаў і Канфедэрацыя саюзаў кінематаграфістаў. Сярод інфармацыйных партнёраў — РВУ «Культура і мастацтва».

Сярод мэтаў маштабнага праекта — вывучэнне, захаванне і развіццё праваслаўных і культурных традыцый славянскіх народаў, умацоўванне грамадскай дыпламатыі паміж народамі краін — удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза, пашырэнне гуманітарных сувязей і абмен новымі ідэямі з дапамогай сучаснай творчасці.

Да конкурсу маглі далучыцца грамадзяне дзяржаў Еўразійскай прасторы ва ўзросце ад 8 гадоў. На разгляд міжнароднага журы выносіліся нейрасеткавыя відэа, згенерыраваныя на адну з прапанаваных духоўна-маральных і патрыятычных тэм.

Ад кожнага ўдзельніка прымалася адна праца ў межах яго узроставай катэгорыі.

У ліку пераможцаў аказалася 10 аўтараў з розных рэгіёнаў нашай краіны. Прадстаўлены розныя сюжэты: «Беларусь сінявокая», «Старажытны горад», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Зямля пад белымі крыламі», «Мама» ды іншыя.


Азнаёміцца з творамі фіналістаў можна на афіцыйным сайце конкурсу.
Ангеліна САРОКА. Фота аўтара