Эфектныя пошукі персанальнай утопіі

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь працягвае радаваць публіку маштабнымі і змястоўнымі выставачнымі ініцыятывамі. Чарговым быў праект “Вечнае зялёнае”, які атрымаўся самым інтраспектыўным. Яго ўдзельнікі разважалі “пра пошук ідэальнага месца, персанальную ўтопію, прастору не столькі фізічную, колькі сімвалічную”.

 

ЗАДАЧА З ДЗВЮМА ЗОРАЧКАМІ

Такія тэмы “хайпавымі” не назавеш. Каб іх адлюстраваць, мастакі змушаныя дзяліцца з аўдыторыяй глыбокімі асабістымі перажываннямі. Як жа данесці настолькі няпросты матэрыял да большменш шырокай публікі — на якую і разлічаны праект? Куратарская каманда НЦСМ прапанавала свае ноу-хау, якія сапраўды працуюць. Пераканаўча раскрыць складаныя (але важныя) тэмы для “звычайнага” гледача — гэта для любога куратара задача з зорачкай. Нават з дзвюма. Апошняе засведчыць кожны, хто наведваў выставы сучаснага мастацтва ў вялікіх арт-цэнтрах за мяжою. Часта на іх папросту нудзішся ды недаўменна паціскаеш плячыма. Бо куратар з задачай не справіўся.

На праекце “Вечнае зялёнае” складанасць тэмы кампенсавалася эфектнымі і прадуманымі экспазіцыйнымі рашэннямі. Некаторыя работы, не надта пераканаўчыя паводле сваёй задумы, раскрывалі патэнцыял менавіта дзякуючы ўдаламу ўвасабленню ў прасторы, якое часам нараджалася супольнымі намаганнямі аўтара і куратараў непасрэдна падчас мантажу выставы.

І вось серыя фота ўжо пераўтвараецца ў дыхтоўны мультымедыйны праект, кожны складнік якога даткліва прадуманы…

 

ВЫБІТЫЯ ДЗВЕРЫ Ў САД

Скразным вобразам выставы стаў сад — як метафара дасканаласці, цішыні, супакою. Розных спосабаў яе ўвасаблення тут нямала. Але сад у прамым сэнсе слова не фігуруе нідзе — калі не лічыць размешчаныя ў экспазіцыі экскурсы ў гісторыю садаводства, якія маюць яўна адукацыйны характар і цэментуюць агульны кантэкст.

 Прасторавая інсталяцыя Аляксандра Трускоўскага мае назву “Выбітыя дзверы ў сад” (аўтар зазначае, што брутальна выбіў іх, магчыма, ён сам). Дзверы, дарэчы, звычайныя, такія часам вядуць у кватэры старых “хрушчовак”. Што ж мы бачым у гэтым садзе? Не, не дыван травы, а пясок пустэльні. Чарговы эфектны твор галоўнай зоркі, адкрытай апошнім часам куратарамі НЦСМ, прымушае замерці ў здуменні.

Што хацеў сказаць мастак? Наўрад ці тут магчымыя адназначныя высновы. Ды, зрэшты, у дадзеным выпадку яны і не патрэбныя.

 

ГІПСАВАЕ РЭХА ДОМА

Гутарка пра інсталяцыю Вольгі Ранько “І рэха мне не адкажа”. Яна пра канкрэтнае месца — вясковы дом, “дзе прысутнасць не патрабавала доказаў, дзе каханне існавала як паветра, а час не фіксаваўся, а пражываўся”. Але ўсё гэта — у мінулым. Тое месца, у суб’ектыўным вымярэнні, ужо не існуе: у доме жывуць іншыя людзі, з уласнымі гісторыямі.

Таму аўтарка аднаўляе гэтую вельмі патрэбную для яе прастору сродкамі мастацтва. Такі спосаб рэканструкцыі немінуча выклікае скажэнні: недарэмна ж у многіх мовах слова “мастацтва” мае адзіны корань са “штучнасцю”. Таму і вынесеныя з дому прадметы “абгорнутыя” ў гіпс: скульптары выкарыстоўваюць яго для стварэння больш або менш дакладных копій з’яў рэчаіснасці.

З гэтага матэрыялу быў зроблены цэнтральны аб’ект інсталяцыі: адбітак цела цяжарнай на той момант мастачкі ў натуральную велічыню. Ён стаў інтэгральным элементам гэтай мультымедыйнай прасторы. Бо менавіта асоба аўтаркі колісь напаўняла прастору вясковай хаты ледзь не сакральным зместам.

 

МЕСЦЫ СІЛЫ

Напярэдадні выставы яе куратары папрасілі ўсіх ахвотных апісаць сваё месца сілы і даслаць звязаныя з ім артэфакты. Вынікі былі атрыманыя самыя розныя: для кагосьці гэта майстэрня, а для кагосьці — батанічны сад.

Аляксандр Абуховіч візуалізаваў асабісты вырай — містычную прастору, дзе чалавек адчувае сябе спакойна ды ўтульна. Гэтае месца сілы — у выглядзе дзіўнага шклянога куба — літаральна ўмантаванае ў восеньскі мінскі краявід. Маўляў, цудоўны край можна знайсці і ў шэрай будзённасці.

На выставе былі адлюстраваны і глабальны трэнд апошняга часу: многія гарадскія жыхары знаходзяць сваё месца сілы ў вёсцы. Пагатоў драўляная хата куды лепей асацыюецца з домам, ніж панэльная ячэйка.

 

ЗНАЙСЦІ АПІРЫШЧА

Зразумела, “вясковае” месца сілы ў кожнага мае свае геаграфічныя каардынаты. Вольга Баравікова ў праекце “Тое, што застаецца” ставіла важнае пытанне: ці можна падзяліцца імі з іншымі? І паколькі адным націскам на іконку ў смартфоне справа яўна не абыдзецца, спосаб яна прапануе вынаходлівы.

Квазіфатаграфічная тэхніка цыянатыпіі дазваляла рэчаіснасці пакідаць свае адбіткі самым непасрэдным, бадай механічным чынам. Тканіну з зафіксаванымі на ёй абрысамі мастачка змяшчае ў прыроднае асяроддзе, дзе ў працэс уключаюцца дождж, мароз ды розныя іншыя не заўсёды прадказальныя фактары, запрашаючы такім чынам само блізкае сэрцу і целу месца выступіць у ролі сутворцы.

Падобную методыку выкарыстоўвае і Сяржук Мядзведзеў — толькі ўжо не літаральна, а канцэптуальна. У рамках свайго праекта ён размясціў створаныя чалавекам прадметы ў натуральнае асяроддзе. Часам аўтар уяўляе, як рэчы ажываюць і становяцца часткай прыроды. Таму з жырандолі ўвосень асыпаюцца падвескі — нібы лісце з дрэваў. Здымкі былі зробленыя на нованабытай “малой радзіме” мастака — глухім слаўгарадскім кутку, пацярпелым ад радыяцыі, які дазволіў аўтару знайсці апірышча ў жыцці.

 

ШЛЯХІ ЎЦЁКАЎ

Зрэшты, шляхі ўцёкаў ад траўматычнай рэчаіснасці могуць быць самымі рознымі. Адзін з іх — стварэнне дробных нагодаў для радасці. Для гэтага трэба дазволіць сабе тыя звычкі, якія “нармальнаму чалавеку” могуць падацца вар’яцкімі. Прыкладам, падымаць з зямлі пластмасавыя кулі ад дзіцячых пісталецікаў. Мастачка Лізавета Рудамётава ўжо мае іх цэлую калекцыю. Такое хобі прымушае яе пільней глядзець па ногі, адцягваючы ўвагу ад навакольных праблем. Аўтарка займаецца пошукам паўсюль, дзе толькі бывае, і за гады працы стварыла карту сваіх знаходак.

 

НАЗАД У ДЗЯЦІНСТВА

Выдатным маршрутам для ўнутраных уцёкаў з’яўляецца і ўласнае дзяцінства — дакладней, памяць па тую пару, калі кожны з нас быў шчаслівым ды бесклапотным.

Вольга Якаўлева візуалізавала гэты шлях у бяспечнае мінулае досыць літаральна. Яе праект “Запасны выхад” складаўся з пластмасавага малатка, якім трэба разбіць шкло ў той свет, калі кожны насіў малюткі абутак і гуляўся ў “пятнашкі”. Сярод прадметаў за тым шклом ёсць нават бірка з радзільні. Пытанне толькі, ці магчыма раструшчыць шыбу такім цацачным малаточкам.

Настасся Сегранёва ў сваёй працы “Клетка памяці” адлюстроўвала пагрозу такога маршруту: з аднаго боку, памяць пра светлую пару становіцца надзейным і ўтульным прыстанішчам, з іншага — ёсць небяспека ў ёй замкнуцца, тым самым пазбавіўшы сябе будучыні. Рухавыя і жывыя кадры сямейнай хронікі наўмысна дысанавалі з пластмасавым бюстам, унутр якога быў змешчаны экран, што іх транслюе.

 

ЧАСТКА ПАЗЛА

Сама назва — “Вечнае зялёнае” — адсылае да экалагічнай тэматыкі. Аднак публіцыстычнага адлюстравання глабальных праблем прыроды, завуаляванага ў мастацкія выказванні, там не было. Выстава — пра чалавека, прычым акцэнт робіцца на тым, што кожны прадстаўнік гэтага віду таксама з’яўляецца часткай сусвету. І таксама мае карані, хай і ў метафарычным сэнсе.

Але экалагічная праблематыка на выставе не была абмінутая ўвагай — зразумела, не ў публіцыстычным, а ў філасофскім ракурсе. Якая цана пазнання прыроды чалавекам і ці заўсёды вартае пазнанне такой цаны? Пытанне выразна сфармулявала Юлія Ложкіна ў праекце “Знішчэнне — сістэматызацыя”. Гэта фотаперформанс: спярша аўтарка ачысціла ад зеляніны “паддоследныя” лапікі на полі (на першым здымку — акурат такія “зандажы” сярод травы), потым сістэмна ды ўпарадкавана размясціла на белым фоне выдзертыя расліны (на другім здымку). І тут узнікае пытанне: ці кампенсуе выяўленае на другім фота тое, чаго не стае на першым? Ці вартае чалавечае ўмяшальніцтва — хай і з найлепшымі, даследчыцкімі мэтамі — прагалу ў натуральнай экасістэме? Да таго ж вынятую частку пазла назад ужо не ўставіш.

 

ПЕРАМОГА ПРЫРОДЫ

Урэшце, што ні кажы, чалавек успрымае прыроду “са сваёй званіцы”. І якім бы ні быў гэты ракурс бачання, ён у кожным разе застанецца чалавечым.

У відэа “Alien” Вольга Маслоўская спрабавала ўявіць оптыку прыроды, яе погляд на сітуацыю. Ён хаатычны — камера скакала па розных краявідах, выхопліваючы то адзін фрагмент, то іншы і не факусуючыся ні на чым канкрэтным. Аднак мастачка хацела падкрэсліць: і такое зусім альтэрнатыўнае бачанне мае права на існаванне.

У інсталяцыі Валерыя Карпянкова “Survival Mode” прыродны і чалавечы фактары (лес і пачварныя бетонныя канструкцыі) нібы сышліся ў паядынку. І яго вынік многіх суцешыць: прырода ўсё ж перамагае, бетон крышыцца.

 

ФАТАЛЬНАЯ ПАГРОЗА БАЛОНІКУ

“Вечнае зялёнае” — ужо чацвёртая вялікая выстава НЦСМ, зладжаная той самай куратарскай групай за апошні год. Папярэднія, нагадаем, былі пра моду, камунікацыю і архіў у шырокім сэнсе слова.

Такая паслядоўнасць прыносіць адчувальны плён: аўтары, матываваныя магчымасцю кантактаў з публікай, растуць на яе вачах — і дзякуючы ім. Вынікі адчувальныя. Калі першыя ўбачаныя мною працы мастачкі, схаванай пад нікам Alice in Fotoland, не тое каб надта ўразілі, то гэтым разам яна прэзентавала папраўдзе выкшталцоны праект, варты ўсіх магчымых біенале свету. Эвалюцыя адбылася, лічы, цягам аднаго года!

Аўтарка даследуе, бадай, самую складаную тэму ў нашым жыцці: прычынна-выніковыя сувязі. І робіць гэта элегантна, вынаходліва ды адначасова даходліва. На яе відэа створана сітуацыя, калі мноства фактараў уплываюць адзін на аднаго, а трыгерам у тым ланцугу становіцца з’яўленне чалавека. Драматургія прадуманая ідэальна: глядач з заміраннем сэрца назірае за тым, як шыпы, прымацаваныя да вентылятара, на які міліметр набліжаюцца да паветранага шарыка. Ды паколькі вентылятар круціцца згодна з зададзенай вытворцамі амплітудай, фатальнага для балоніка сыходу ўсё ж удаецца пазбегнуць.

Такіх зразумелых, але выразна алегарычных калізій кароткае відэа ўтрымлівала шмат. Болей за тое: банальным прадметам — кшталту таго ж вентылятара — быў нададзены магічны статус носьбітаў найвышніх сілаў.

Яшчэ адна частка праекта — нешта сярэдняе паміж манускрыптам сярэднявечнага алхіміка і дзіцячай кніжкай-“самаробкай”. Што ж, на нашае жыццё — як паўсядзённае, так і ўнутранае — часцяком уплываюць фактары, не менш банальныя за амплітуду руху таго ж вентылятара…

 

ЛАЙФХАК З “ЗАПАРОЖЦАМ”

Шыкоўная мультымедыйная інсталяцыя Валерыя Карпянкова і Марыі Бекштанёвай “Ілюзія механікі”, якая стала фінальным пунктам праекта і галоўным яго цвіком, уражвала найперш заварожвальнай відовішчнасцю. Затым ідэяй: аўтары нібы рэінкарнавалі той закінуты “запарожац”, які дагніваў у двары дзяцінства кагосьці з іх — і, канешне, прывабліваў малых, — у зусім іншай, эфемернай прасторы. Ірэальнасць надавала і галаграфічная відэапраекцыя: знутры машыны ідзе нейкі фантастычны снег...

Ну а па-трэцяе, глядач абавязкова адзначаў: апрача глыбінных сэнсаў, завадатары выставы неяк здолелі таксама загрузіць у маленькую залу на другім паверсе сапраўдны кузаў “запарожца”. Што, вядома, не можа не выклікаць павагі.

 

***

Як ні круці, сучаснае мастацтва заўсёды было трохі пра відовішчнасць (яе прынята называць модным лацінізмам “спектакулярнасць”). Пры ўсім сваім канцэптуальным складніку, многія выбітныя творы імкнуліся ўздзейнічаць таксама і на вочы ды пачуцці гледачоў, уражваючы маштабамі або выкарыстаннем тэхналогій. Гэта хіба апошнім часам публіка выпрацавала стэрэатып: сучаснае мастацтва абавязкова павінна быць нудным.

Але ж выстава “Вечнае зялёнае” яго аспрэчвала, даводзячы, што адлюстраванне сур’ёзных, складаных, асабістых, бадай інтымных тэмаў можа быць вынаходлівым, пераканаўчым — і відовішчным. Не страчваючы пры гэтым глыбіні і змястоўнасці. Наведвальнік не губляў адчування, што ён прыйшоў менавіта на выставу сучаснага мастацтва, дзе яго будуць не забаўляць, а прымушаць засяродзіцца.

Гэта быў не лёгкі камерцыйны атракцыён, які вабіў яркай абгорткай. Інтэлектуальную і мастацкую планку тут ніхто не паніжаў, каб дагадзіць публіцы. Аднак апошняе зусім не азначае, што публіка засталася незадаволенай.

Ілья СВІРЫН. Фота аўтара