Сумесны праект газеты “Культура” і Вялікага тэатра працягваецца. Чытачы, якія першымі даслалі правільныя адказы на нашу віктарыну ў Telegram-канале, атрымалі білеты на спектаклі і цяпер дзеляцца ўражаннямі.

Таццяна Самойлюк:

— Балет “Маленькі прынц” — вельмі прыгожы, кранальны! Я, як Ліхтаршчык і Лётчык, цэлы вечар атрымлівала асалоду ад прыгажосці. Дзякуй тэатру за эмоцыі, а газеце за прыемную неспадзяванку. Жадаю росквіту, новых творчых поспехаў і ўдалых эксперыментаў. Радуйце гледачоў ды чытачоў і далей.
Жанна Скрыцкая:

— Паход у Вялікі тэатр пакінуў неверагодныя ўражанні! Мы з сяброўкай паглыбіліся ў святочную атмасферу мастацтва. Опера-буфа “Любоўны напой” падарыла буру эмоцый. Ігра артыстаў — выдатная. Асабліва хочацца адзначыць Юрыя Гарадзецкага ў ролі Немарына. Дзякуй творцам за тое, што дораць нам сапраўднае мастацтва, дзе можна забыцца пра рэальнасць і пражыць цэлае жыццё за пару гадзін, а газеце — за шанц патрапіць у тэатр.
Наталля Ільінчык:

— Выказваю велізарную падзяку любімай газеце “Культура” за ўзрушальную магчымасць паслухаць Сімфонію № 40 Вольфганга Амадэя Моцарта. Вечар у тэатры перасягнуў усе чаканні. Атмасфера будынка, бліскучае выкананне — усё склалася ў ідэальную карціну. Дзякуй рэдакцыі і тэатру за такі каштоўны і душэўны сюрпрыз. Вы не проста праводзіце віктарыну, а дорыце людзям незабыўныя эмоцыі і ад- чыняеце дзверы ў свет прыгожага.
Ала Шынкарык:

— Мне пашчасціла трапіць у тэатр з зяцем. Спектакль вельмі спадабаўся, артысты ігралі з душой. А якія прыгожыя касцюмы! Музыка Чайкоўскага выдатная! Такога “Яўгена Анегіна” я ўбачыла ўпершыню. Уражанні — цудоўныя! З задавальненнем схадзіла б яшчэ раз. Дзякуй газеце за шанц дакрануцца да тэатральнага матстацтва.
kultura-info.by