Праект газеты “Культура” “У галоўнай ролі — жанчына”
Яна не чытае натацыі — яна дзеліцца досведам. Не дэкларуе — працуе. Не грае роляў — упэўнена ідзе сваёй дарогай, шчодра дорачы цяпло. Такой убачылі Вольгу Шпілеўскую ўдзельнікі дыялогу пакаленняў у межах праекта “Невыпадковыя сустрэчы” ў Нацыянальнай бібліятэцы. І менавіта такі вобраз беларускай жанчыны сёння набывае асаблівы сэнс...

АДДАНАСЦЬ СПРАВЕ
Шлях Вольгі Шпілеўскай можна назваць люстэркам эпохі. Дзяцінства ў Савецкім Саюзе, юнацтва ў турбулентных 1990-х, прафесійнае сталенне — разам з незалежнай Беларуссю. Жыццё склалася не з-за сувязей ці пратэкцыі, а дзякуючы настойлівасці і штодзённым старанням. Скончыўшы сярэднюю школу ў Дзяржынску, самастойна паступіла на факультэт журналістыкі БДУ і пацвердзіла ісціну: у нашай краіне рост гарантаваны кожнаму, хто гатовы браць на сябе адказнасць і працаваць сумленна.
Сёння Вольга Аляксандраўна — дырэктар Нацыянальнага філіяла Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір”, старшыня Беларускага саюза жанчын, член Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу.
— У прафесію трапіла рана: ужо ў 18 пачала кар’еру ў Белтэлерадыёкампаніі. Складанасці, недасыпы, інфармацыйныя штормы — давялося перажыць рознае. Заўсёды бралася за любую задачу, не адмаўлялася нават тады, калі нічога не ведала або адчувала страх. Бо новае — заўсёды магчымасць, выклік. Узначальвала дзяржаўныя газеты, працавала ў Нацыянальным прэс-цэнтры і ў ідэалагічным упраўленні Адміністрацыі Прэзідэнта.
У журналістыцы застаюцца толькі адданыя справе: тыя, хто вытрымаў, сёння кіруюць найбуйнейшымі СМІ і фарміруюць грамадскую думку. Галоўнае — быць шчырым у сваёй рабоце і не баяцца рухацца наперад. Дапамога можа прыйсці, але спыніць ніхто не здольны, — сцісла распавядае пра сябе наша гераіня.
НА МОВЕ ДЗЕЯННЯЎ
Год беларускай жанчыны абвешчаны, аднак у БСЖ гэта не ўспрынялі як нагоду для гучных заяў. Хутчэй — як натуральны працяг штодзённай працы. Таму, адказваючы на пытанне, чым арганізацыя плануе напоўніць сімвалічны перыяд, Вольга Шпілеўская ўпэўнена гаворыць:
— Будзем рабіць тое, што рабілі заўсёды. Вынік нараджаецца не са слоў, а з канкрэтных дзеянняў. Наш саюз — жывы, дынамічны арганізм, які чуйна адгукаецца на запыты людзей.

У аб’яднанні больш за 195 тысяч удзельніц, і менавіта гэтая лічба — найлепшы паказчык даверу і запатрабаванасці. Ініцыятывы БСЖ ахопліваюць розныя сферы, у тым ліку і культурную. Выстава “Яе рук справа” дэманструе набыткі аўтараў-аматараў, праект “Іншая глыбіня” дапамагае мастакам з інваліднасцю.
А яшчэ ладзяцца сямейны фестываль “Разам”, конкурс “Краса Беларусі” сярод шматдзетных маці, форум працаўніц сяла… Усе гэта дзеля падтрымкі стваральнай энергіі жанчын — сведчанне таго, як можна рэалізавацца, не губляючы сувязі з сям’ёй і са штодзённай рэальнасцю.
— Падчас першага форуму працаўніц сяла арганізавалі для вясковых жыхарак паход у Вялікі тэатр, Нацыянальны мастацкі музей, прагулку па сталіцы. І калі 70-гадовая жанчына са слязамі дзякуе: “Ніколі не думала, што ўбачу такое напрыканцы жыцця”, разумееш, дзеля чаго ўсё робіцца, — дзеліцца эмоцыямі Вольга Аляксандраўна.
СТРЫЖАНЬ — СУМЛЕННАСЦЬ
Высокія пасады і вялікая адказная праца патрабуюць заўсёды заставацца ў форме. Што дапамагае захоўваць унутраную сабранасць? Тэніс у шэсць раніцы, плаванне, більярд, бегавая дарожка, дзе часта нараджаюцца новыя ідэі, — для Вольгі Шпілеўскай гэта спосаб трымаць рытм і не губляць яснасць думак.

— Калі развіваешся, будні становяцца насычанымі і цікавымі. Людзі і падзеі напаўняюць. Без руху не магу. Хочацца 100 гадоў сустрэць, напрыклад, на каньках, — з усмешкай кажа гераіня.
Сваім стрыжнем Вольга Аляксандраўна лічыць сумленнасць — якасць, без якой ёй цяжка ўявіць і ўласнае існаванне, і адносіны з іншымі.
— Заўсёды думаю: як бы я хацела, каб паступілі са мной? Таму не прымяраю роляў і не хаваюся за маскамі — застаюся сабой у любых абставінах. Менавіта гэта дае адчуванне ўнутранай свабоды, спакою і прыгажосці.
ДЗЕЛЯ ТЫХ, ХТО ПОБАЧ
Традыцыі ў доме Вольгі Шпілеўскай простыя і шчырыя: сумесныя святы, агульны чат з лаканічнай назвай “Сям’я”, штодзённае адчуванне прысутнасці — нават тады, калі паміж блізкімі кіламетры. Пра выхаванне дачкі суразмоўніца гаворыць асабліва цёпла, без павучальнага тону:
— Дзеці асвойваюць жыццё праз прыклад бацькоў. Я не дыктую, што правільна, што — не. Даю права на памылкі. Як можна забараніць чалавеку тое, у чым ён упэўнены? Важна быць побач і дазволіць прайсці ўласны шлях.
Разуменне адказнасці за тых, хто побач, натуральна пераносіцца і на прафесійнае асяроддзе, у якім таксама пануюць давер і ўзаемная падтрымка.

— Вельмі люблю сваю работу. Калі выбіраеце справу жыцця, прыслухоўвайцеся да сэрца. Спрабуйце, шукайце — тады праца не стане цяжарам, а будзе крыніцай энергіі. Так нараджаюцца сапраўдныя дасягненні. Вось і мая нядаўняя ўзнагарода — медаль Францыска Скарыны — не пра асабістае. Гэта прызнанне МТРК “Мір” і Беларускага саюза жанчын — арганізацый, якія сталі для мяне другой сям’ёй.
У падобных словах — сутнасць сапраўднай беларускі: прыгожай і поўнай бязмежнай любові, стойкай і мудрай, той, якая кожны дзень без гучных заяў стварае будучыню сваёй краіны.
Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА