Акцыя “У новы год з Глебаўкай” другі раз прайшла ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава.

ЗАЦІКАВІЛА
— Летась адкрыўся новы будынак, і мы вырашылі паказаць, дзе цяпер вучымся, працуем і што з сябе ўяўляе вядучая ўстанова адукацыі, якая рэалізуе на рэспубліканскім узроўні праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па дызайне, скульптуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, — распавядае дырэктар Аляксандр Шантаровіч.

— Першае мерапрыемства “У новы год з Глебаўкай” правялі з удзелам калектываў, з якімі плённа супрацоўнічаем, — гэта студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік — Інэса Бадзяка) і Канцэртны аркестр Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Радунскага.

— Новая ініцыятыва спадабалася і гасцям, і ўдзельнікам. Таму вырашылі зрабіць акцыю традыцыйнай, — дадае Аксана Філімонава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
ЗДЗІВІЛА

Тым, хто трапіў у каледж упершыню, цікава было прайсціся па новым будынку — для жадаючых арганізавалі экскурсію. На кожным паверсе — тэматычныя выставы.

У экспазіцыях — работы, створаныя навучэнцамі і педагогамі ў розных тэхніках. А яшчэ копіі карцін з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, зробленыя падчас практыкі, — вельмі дакладныя!
НАТХНІЛА
Сёлетнюю праграму дапоўнілі майстар-класамі, якія праводзілі педагогі, а дапамагалі ім навучэнцы. Госці змаглі пазнаёміцца са старажытнымі рамёствамі і зрабіць сабе сувенір.

— Да нас завітваюць не толькі прафесіяналы. Таму мы арганізавалі такія заняткі, каб кожны даў рады, — акцэнтуе кіраўнік установы.
Ва ўсіх аўдыторыях, дзе праходзілі майстар-класы, быў аншлаг. За сталы селі і дарослыя, і дзеці.

З азамі саломапляцення іх знаёміла Таццяна Сцяпурка. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагог выкладае на факультатыўных занятках — навучэнцы імкнуцца зразумець рамяство, якое з’яўляецца спадчынай ЮНЕСКА, каб затым прымяняць веды ў дызайнерскіх практыках. Сярод яе “вучаніц” падчас акцыі была Алена Сапажкова, маці першакурсніцы Надзеі.
— Хацелася паспрабаваць сябе ў новым відзе творчасці і ўбачыць канцэрт. Гэта дапамагае лепш зразумець, чым жыве ўстанова, у якой вучыцца дачка, — адзначыла жанчына. — Рыхтавацца да паступлення ў каледж Надзея пачала загадзя. Мы хваляваліся: трапіць у Глебаўку няпроста. Але намаганні былі таго вартыя: дачцэ падабаецца вучоба, калектыў, яна кожны дзень прыносіць дадому новыя станоўчыя ўражанні.

Цэлая чарга з другакурснікаў Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь выстраілася на майстар-клас да Марыі Дарожкі.

Выкладчыца распавяла пра тэхніку афорта і прапанавала гасцям самім надрукаваць лінагравюру.

Гамяльчанін Арсеній Савінюк прызнаўся: такога раней не бачыў і не рабіў, было цікава.

Майстар-клас па мастацкай дрэваапрацоўцы правёў загадчык вучэбна-вытворчай майстэрні каледжа Канстанцін Салдаценка. Папярэдне педагог з навучэнцамі вырабілі на станку з ЛПК-лазерам драўляныя загатоўкі, а госці іх размалявалі, склеілі, прымацавалі нітачку — атрымалася ўпрыгожанне на ялінку.

Запатрабаваным аказаўся і майстар-клас па кераміцы.
— Калісьці для мяне, першакурсніцы БДУКМ, стала адкрыццём, што кераміка — гэта не толькі гаршкі, — успамінае выкладчыца Ганна Белагурцава.
Вучняў яна зацікаўлівае рамяством праз знаёмства з найлепшымі ўзорамі аўтэнтычнай старажытнай керамікі і сучасных майстроў. Часам адаптуюць іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — атрымліваюцца прыгожыя, нестандартныя работы. Так, у буфеце каледжа можна ўбачыць талеркі, выкананыя па матывах выцінанкі. Іх вырабіла трэцякурсніца Валерыя Чачоткіна.

Дарэчы, у штогадовым міжнародным конкурсе “КрасаWEEK” адна з яе работ была адзначана спецпрызам.
Займальны працэс прывабіў і эканаміста Алесю Шымановіч з сынамі-гімназістамі Германам і Дзімам Глушко. На думку маці, занятак карысны для шматбаковага развіцця дзяцей.
АБ’ЯДНАЛА

Акцыя прыцягнула шмат патэнцыйных абітурыентаў: цудоўны шанц бліжэй пазнаёміцца з месцам, дзе мараць вучыцца многія творчыя асобы. Зацікавіла мерапрыемства і моладзь з іншых устаноў адукацыі — да прыкладу, курсантаў ваенна-медыцынскага інстытута Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Асноўную ж частку ўдзельнікаў складалі навучэнцы каледжа і іх бацькі.
— Мы стараемся часцей праводзіць сямейныя мерапрыемствы, — адзначае Аксана Філімонава. — Так, арганізуем паходы ў філармонію для выхаванцаў, на якія запрашаем бацькоў. Атмасфера ўзаемнага даверу станоўча ўплывае на работу калектыву, дапамагае дзецям у вучобе. А бацькі атрымліваюць большае разуменне аб тым, як праходзіць у нас адукацыйны і выхаваўчы працэс.
УРАЗІЛА
Як і летась, упрыгожаннем акцыі стаў канцэрт.

Прагучалі творы ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Яўген Бушкоў), студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Міхаіла Радунскага, аднаго з найлепшых віяланчэлістаў краіны.
У зале доўга не сціхалі апладысменты ўдзячнай публікі.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і Алісы ГАРАНОВІЧ