Казкі мастака-самурая

Мастацтвазнаўцы кажуць: так, як Уладзімір Шапо, не малюе ніхто. Яго карціны — палімпсесты, дзе розныя дзівосныя вобразы сплятаюцца і накладаюцца адзін на адзін. Здаецца, перад табой — рэбус, які давядзецца доўга разгадваць, ці — лабірынт, дзе лёгка заблукаць.

 

Толькі сам майстар можа выступіць упэўненым гідам у гэтым лабірынце, дзе сплятаюцца жывыя ўспаміны з паваеннага дзяцінства, авангардысцкі імпэт і хрысціянскія сюжэты. Мастак ахвотна запрасіў нас на сваю алхімічную кухню, каб раскрыць бэкграўнд прадстаўленых твораў. Калі коратка, гэта ўсё яго жыццё.

 

ДАР БАЦЬКІ

— Мая мама — масквічка. На Беларусь яна патрапіла падчас аперацыі “Баграціён”. Вызваляла Віцебск, Полацк… Потым асноўныя сілы пайшлі далей, на Прыбалтыку, а мама засталася, бо працавала на рэтранслятары, які перадаваў радыёсігнал з перадавой у Маскву. Іх часць дыслацыравалася бліз Ушачаў, а мой будучы тата — нядаўні партызанскі камісар — быў пасланы туды “савецкую ўладу аднаўляць”.

Праз чатыры гады па сканчэнні вайны на свет з’явіўся я.

Ад бацькі ўспадкаеміў фенаменальную памяць. Магу прыгадаць сваё жыццё недзе гадоў з трох у найдрабнейшых дэталях. Адзін з першых успамінаў такі: я сяджу на плячах (літаральна на пагонах!) стрыечнага дзеда — маёра авіяцыі. Мы праходзім міма маўзалея, на якім стаяць Сталін, Берыя… Так, я бачыў іх жывымі! Гэта была кастрычніцкая дэманстрацыя 1952 года на Краснай плошчы. Памятаю той дзень, нібы ўчора…

 

СТОЛ НА 9 МАЯ

— Нарадзіўся я ў мястэчку Відзы, але неўзабаве тату (ён быў партыйным функцыянерам) перавялі на працу ў Полацк, які ў вайну страшна пацярпеў. Вакол руіны, у паветры — трупны пах… На вуліцах шмат калек, вар’ятаў…

І ўсё ж я незваротна палюбіў гэты горад майго дзяцінства. Так на адной карціне з’явіўся кітаец, які нясе кошык з маім родным Полацкам. Правобраз — рэальны! Уяўляеце: рынак, бруду па калена, пашарпаны шэры паркан… А на ім — неверагодныя дзівосныя ліхтары, гірлянды, лялькі, дыванкі з іерогліфамі, якія прадаваў той кітаец… У паваеннай галечы гэта выглядала сюррэалістычна.

Памятаю, на 9 Мая тата выносіў у наш полацкі дворык стол, ставіў на яго сціплую пачостку і гранёныя шклянкі, адну з іх накрываў лустай хлеба. Прыходзілі госці — людзі, пакалечаныя вайной. Размовы былі стрыманыя. Калі я адлюстроўваў гэта на палатне, перад вачыма стаяла тая сцэна: панурыя мужыкі сядзяць за сталом, асветленым газавай лямпай… А я пад ім хаваўся і чуў іх непрыхарошаныя расповеды пра партызанскае жыццё, блакаду…

 

БРАСЛАЎСКІ САДОЎНІК

— У першы клас пайшоў ужо ў Браславе. Гэты заходні гарадок вайна амаль не закранула. Ён уражваў дагледжанасцю, утульнасцю… А якія там былі фантастычныя кветкі! Памятаю, іду ў школу міма клумбы — і вырашыў адну краску сарваць. І раптам… рука аднялася! Усё цела пачало часацца. Я ажно зніякавеў ад болю: крычаў, коўзаўся па зямлі… На шчасце, літаральна з клумбы, пакрэхтваючы, выпаўз дзіўнаваты чалавечак і працягнуў мне пляшачку з лекамі: на, бяры і хутчэй намазвай… Як выявілася, тыя прыгажэзныя краскі — вельмі атрутныя.

Садоўніка звалі Адольф Гелер — ён быў этнічным немцам. Працаваў прафесарам біялогіі Тартускага ўніверсітэта — пакуль не занесла на адпачынак у Браслаў (было тое яшчэ “за польскім часам”). Гелер шалёна закахаўся ў мясцовую прыгажуню. Яна потым уцякла ад яго з нейкім гусарам, а садоўнік трывала асеў на Беларусі. Праз шмат гадоў я намаляваў яго партрэт.

 

УСЕСАЮЗНАЯ БУДОЎЛЯ

— Упершыню ў Наваполацк я патрапіў яшчэ перад інстытутам. Патрапіў не ў горад, а на яго будоўлю, якая ішла на маіх вачах. Працаваў тэхнікам-канструктарам, а на грамадскіх пачатках — камандзірам “Камсамольскага пражэктара”, насценгазеты з карыкатурамі на злабадзённыя тэмы. Мы былі смелымі і бязлітаснымі ў плане выяўлення недахопаў. Дырэктары нас як агню баяліся: зніміце прэмію, аштрафуйце, толькі не пускайце гэтых на прахадную. Нашу сатыру просты люд успрымаў — ажно вішчаў ад захаплення.

Потым, ужо пры атрыманні дыплома, я мог размеркавацца ў Маскву, бо меў адны з найлепшых вынікаў. Але выбраў Наваполацк — і ніколі не шкадаваў. Гэта быў сапраўдны цэнтр культуры. Ладзіліся ўсесаюзныя мастацкія выставы, выдатныя канцэрты… З “Песнярамі” пазнаёміўся, калі яны называліся “Лявонамі”…

А самае галоўнае, што да новага горада ставіліся не толькі як да ўтылітарнага, але і як да эстэтычнага асяроддзя. Існаваў нарматыў, паводле якога пэўны працэнт у каштарысе будоўлі выдаткоўваўся на мастацкае аздабленне. Так нават на звычайных пад’ездах з’явіліся мазаікі — між іншым, аўтарскія праекты. Іх узровень адсочваўся адмысловымі саветамі. Я зрабіў для горада не адзін дзясятак твораў — скажам, дызайн загса, які і дасюль радуе маладыя сем’і.

А яшчэ ў Наваполацку я чвэрць стагоддзя выкладаў у мастацкай школе — выключна для душы, каб мець магчымасць стасавацца з дзецьмі. Бо зносіны з дарослымі дораць куды меней асалоды, а часам і наогул няма пра што з імі гаварыць.

 

СЦЯЖЫНКА ДА РЭЧАІСНАСЦІ

— Чаму не адлюстроўваю рэчаіснасць такой, якая яна ёсць? Бо і стагі сена, і бярозкі, і захад сонца, і ўсё тое, што настолькі любяць пейзажысты, Госпад стварыў да мяне! Мы таксама з’явіліся на свет у выніку Яго творчага акта. І Ён наказаў: давайце, сябры, працягвайце, працуйце над сваім! А мы замест гэтага малюем бярозкі, зробленыя Ім з нічога — і куды лепей за нас!

Як у іканапісе, для мяне важнае не падабенства, а вобраз. Тое, што рупліва збіраеш з розных элементаў, якія жывуць у тваёй душы. З успамінаў, думак, адчуванняў…

Дадаецца і дзейнасць розуму: як я трактую колер, кампазіцыю, прастору… З гэтых лапікаў, цаглінак і складаецца мая сістэма вобразнасці. Але ж сцяжынку да рэчаіснасці ў сваіх творах пакідаю.

Як мастак я ўжо ў студэнцкую пару быў збольшага падобным на сябе цяперашняга. Зразумела, такія працы ў інстытуце не прымалі — гэта ж далёка не акадэмізм. Тое зусім не перашкаджала вучыцца на выдатна. Як сапраўдны хітрун, я штосьці маляваў для сябе, а штосьці — для адзнакі. Рабіў не пару-тройку кампазіцый, як іншыя, а паўсотні. Адна з іх абавязкова атрымлівала пяцёрку.

Пазней, выкладаючы ў мастацкай школе, я заўсёды казаў вучням: можаце маляваць што заўгодна і як заўгодна, але базіс засвоіць павінны, каб ніхто пасля не вінаваціў вас у невуцтве. Потым будзеш рабіць патройныя тулупы, але на пачатку адпрацуй абавязковую праграму.

 

ШЛЯХ САМУРАЯ

— Калі нехта думае, што мастацтва — пра грошы і славу, ён памыляецца. Шлях мастака — гэта шлях самурая, які рушыць насуперак плыні, сустракаючыся з жорсткай рэчаіснасцю. І ніхто не гарантуе, што ў выніку ты дасягнеш на такім шляху поспеху. Таму многія збочваюць.

У цяперашні поўны спакус час не кожны гатовы ўтрапёна працаваць, ведаючы, што яго пачнуць купляць добра калі гадоў праз 10 — пры ўсіх выбітных здольнасцях. Дый тое не факт. Усім трэба тут і зараз!

Упершыню я паўдзельнічаў у прафесійнай выставе паўстагоддзя таму. І што, хіба мае карціны прынеслі мне дастатак? Зрэшты, прадаю іх не надта ахвотна: у музеі або асобам зацікаўленым. Але гэта не такія і частыя выпадкі. Таму нікога не магу абнадзеіць...

 

ЗАРАЗЛІВЫ ПРЫКЛАД

— Чаму ж усе трое маіх сыноў сталі мастакамі? Не, што вы, я іх на гэты шлях не штурхаў. Наадварот, папярэджваў. Заводзіў сур’ёзныя размовы: маўляў, займіцеся справай, вы ж не пры двары Медычы… Хопіць у сям’і аднаго мастака.

Ды, мабыць, прыклад мой стаў заразлівым. Фарбы, музыка, цікавыя размовы, багема, барадатыя сябры… У савецкі час усё гэта выглядала шалёна прывабна. Правёўшы дзяцінства ў маёй майстэрні, яны і самі захапіліся. Хаця я папярэджваў! Калі сыны адзін за адным адпраўляліся ў мастацкую школу, кожнаму казаў: або ты станеш тут зоркай, або сыдзеш. І ўсе зрабіліся зоркамі! Кожны працаваў разоў у пяць болей за звычайнага выхаванца. Паўсюль, дзе б яны ні вучыліся, мае сыны прыкметна вылучаліся сярод іншых.

Адукацыя была і дома, у хатняй бібліятэцы. Я выпісваў усе часопісы, якія толькі магчыма, бо начытанасць надае ўпэўненасці. Падыходам яны падобныя да мяне — такія самыя працаўнікі, якія ні хвіліны не сядзяць без справы.

А вось візуальна мы ўсе розныя. Кожны абсталяваў у мастацтве свой свет. Апошнюю з выстаў, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мне, па шчырасці, сыны зладзілі. Я б ужо, мабыць, паленаваўся штосьці камусьці даказваць, а ў іх імпэту паболей, таму яны настаялі. Адсюль і выснова — рабі дзяцей, каб яны табе потым выставы рабілі! (Уладзімір Дзмітрыевіч у каторы раз заразліва пасміхаецца.)

Ілья СВІРЫН. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА