У адказе перад будучыняй

Праект газеты “Культура” “У галоўнай ролі — жанчына”

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне і за падрыхтоўку праекта “Патэтычны дзённік памяці”. Як нараджаўся спектакль, на якія каштоўнасці абапіраецца калектыў і куды вядзе стваральная жаночая энергія яго кіраўніка — у размове з генеральным дырэктарам Кацярынай Дулавай.

 

— Кацярына Мікалаеўна, шчыра віншуем з высокай узнагародай. Як вы ўспрынялі гэтую навіну?

— Дзякуй. Адчувала, што адбываецца нешта асаблівае. Не магу сказаць, што чакала ўзнагароды, але думка пра яе ўзнікала. Разумелі: за апошнія дзесяцігоддзі тэатр не звяртаўся да чагосьці больш грандыёзнага за “Патэтычны дзённік памяці”. Здагадваліся: праца не застанецца незаўважанай. Рэакцыя каманды была надзвычай цёплай.

Гэта сапраўды ўзнагарода для ўсіх — не пра пэўныя імёны і не пра асабістыя дасягненні. Прэмія належыць кожнаму, хто ўклаў у спектакль энергію і душу: артыстам, аркестру, хору, мастакам, касцюмерам, бутафорам, тэхнічным службам. Гэта наш агульны плён. І самае дарагое, што такая высокая ацэнка аб’ядноўвае і дорыць новыя сілы рухацца наперад.

— У Год беларускай жанчыны вашы намаганні паўстаюць як прыклад моцнага, мудрага і клапатлівага жаночага лідарства. Як адчуваеце сябе ў гэтай справе?

— Пайшоў ужо пяты год, як я працую ў Вялікім тэатры, і ад пачатку было ясна: новы этап адрозніваецца ад папярэдняга. 33 гады мая дзейнасць была звязана з Акадэміяй музыкі, 11 з іх — з пасадай рэктара. Там — навучальная ўстанова, тут — жывая сцэнічная прастора. Але аснова ў абодвух выпадках — людзі.

Кіраўнік у любой сферы — той, хто здольны аб’яднаць, заўважыць патэнцыял і пусціць яго ў агульнае рэчышча. У тэатры гэта праяўляецца асабліва выразна: перад табой вынік доўгага адукацыйнага шляху, калі на сцэну выходзяць ужо сфарміраваныя артысты, якія працягваюць расці, а ты становішся сведкам іх прафесійнага сталення.

Не менш значная і зваротная сувязь ад гледача. Яна ўзнікае імгненна — у цішыні паміж нотамі, у апладысментах, у першых словах пасля спектакля. Менавіта такая жывая эмоцыя і дае разуменне, дзеля чаго ўсё робіцца.

— Узначальваючы падобную складаную і дынамічную інстытуцыю, якімі прынцыпамі кіруецеся?

— Любая трансфармацыя пачынаецца з уважлівага ўнікання: адразу назіраеш, аналізуеш, спрабуеш зразумець логіку працэсаў і ўнутраныя механізмы. І толькі пасля гэтага наступае момант, калі становіцца відавочна: нешта патрабуе мадэрнізацыі, нешта — асэнсаванага ўдасканалення, а нешта мусіць нарадзіцца нанова. Пачалі шырэй выкарыстоўваць прастору тэатра, выйшлі за межы традыцыйнага фармату “сцэна — зала”. З’явіліся свежыя формы дыялогу з публікай: сямейныя і дзіцячыя праекты, экскурсіі за кулісы, адкрытыя імпрэзы.

Асобная адказнасць — праца з рэпертуарам. Варта было развітацца з пастаноўкамі, візуальна і ідэйна састарэлымі, абнавіць дэкарацыі і касцюмы, склад выканаўцаў. Глядач павінен адчуваць: яго тут чакаюць, яго час і ўвага сапраўды каштоўныя, а сустрэча з вялікай сцэнай — заўсёды падзея.

— Менавіта ў працэсе пераасэнсавання і нарадзіўся “Патэтычны дзённік памяці”. Што стаяла за ўвасабленнем манументальнага палатна?

— Гэта была калектыўная рэфлексія. Наперадзе чакалі значныя даты — 80-годдзе вызвалення Беларусі, 80 гадоў Вялікай Перамогі.

Да падобных нагод нельга падыходзіць фармальна. Узнікла ўнутраная патрэба паглядзець на нацыянальны рэпертуар па-іншаму, у больш шырокім вымярэнні — гістарычным і чалавечым. Так паступова склаўся праект, які, па сутнасці, стаў анталогіяй беларускай музыкі XX—XXI стагоддзяў.

У адзінае цэлае зліліся оперы, балеты, сімфанічныя, вакальна-харавыя творы. Больш за 10 партытур, напісаных у розныя часы, загучалі як адзін вялікі дзённік — дзённік народа, напоўнены болем, памяццю і надзеяй.

Падрыхтоўка доўжылася амаль год — ад пошуку і збору архіўных матэрыялаў, у тым ліку дакументаў Генеральнай пракуратуры пра генацыд беларускага народа, і кансультацый з гісторыкамі да распрацоўкі касцюмаў, дэкарацый і творчага ўзаемадзеяння з нацыянальным мастацтвам. На сцэне паўсталі вобразы Краснага Берага, Хатыні, Брэсцкай крэпасці, яўрэйскага гета, партызанскіх атрадаў... З самага пачатку мы разумелі: фальшу тут быць не можа.

— Колькі людзей занята ў спектаклі такога маштабу?

— Падчас паўтарагадзіннага дзеяння на сцэну выходзіць больш за 250 чалавек — трупы балета і оперы цалкам, хор, міманс, сімфанічны аркестр, дзіцячыя калектывы. Апошнія хочацца адзначыць асобна. Пяці- і шасцігадовыя малышы пражывалі страшныя старонкі гісторыі з абсалютнай шчырасцю. Гэта не ігра, не імітацыя, а менавіта пражыванне.

Як старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі я пераканана: удзел юных артыстаў у падобных праектах становіцца магутным выхаваўчым працэсам. Прэзентацыя спектакля маладому пакаленню таксама была мэтанакіраванай: школьнікаў і студэнтаў прывозілі з розных рэгіёнаў краіны, каб яны маглі ўбачыць усё на ўласныя вочы. Бо вывесці такі спектакль за межы сцэны, каб данесці да кожнага, — надзвычай складаная задача.

— Але ўсё ж у вас атрымалася справіцца з выклікам…

— Так! Прадставілі праект у Маскве ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Рэакцыя гледачоў была шчырай і глыбіннай. Тэма часам можа здавацца “ўжо прагаворанай”, недзе — празмерна дыдактычнай, але, калі паміж сцэнай і залай узнікае жывы эмацыйны ток, разумееш: сэнс дасягнуў адрасата.

Аднак, напэўна, самым значным для мяне стаў другі паказ, і ўжо не толькі як для кіраўніка, але і як для звычайнага чалавека. Гэта выступленне ў Брэсцкай крэпасці. Прыехалі туды, дзе ўсё пачыналася, і апынуліся літаральна на тых камянях, якія захоўваюць памяць першых дзён вайны. Калектыў размясціўся адразу на трох сцэнах, быў задзейнічаны экран, і ўзнікала адчуванне амаль трохмернага ўспрымання — нібыта велізарная жывая мастацкая прастора рухаецца насустрач табе. І ўсё — тут і цяпер, без пасярэднікаў. Можаце ўявіць, як у такой атмасферы прагучала карціна “Брэсцкая крэпасць”…

— Натуральна, узнікае пытанне: ці будзе прадстаўлены спектакль яшчэ дзе-небудзь?

— Безумоўна, пра гэта думаем. У праекта асаблівы лёс: “Патэтычны дзённік памяці” — не проста рэпертуарная пастаноўка, а твор, шчыльна звязаны з гістарычнай памяццю, сімвал нацыянальнага супраціву. Такой рабоце ёсць месца ў самых розных кантэкстах. Таму не выключаю, што ў будучыні з’явіцца запыт на новыя падарожжы, а спектакль зможа загучаць у іншых залах, у тым ліку ў іншых краінах. Я бачыла ўражанні замежных гасцей — напрыклад, в’етнамскай дэлегацыі. Гэта было вельмі паказальна. Кожны народ перажывае трагедыю праз прызму ўласнага мінулага, але калі мастацтва знаходзіць водгук, то яно гаворыць на ўніверсальнай мове.

Больш за тое, падобны вопыт даў імпульс новым задумам. Ужо анансавалі маштабны праект — оперу-балет, прысвечаную Полацку і выбітным асобам, звязаным з ім. Шлях беларускай дзяржаўнасці, яе нараджэнне — у змаганні, у духоўнасці, у любові, у драматычных і светлых падзеях — дае надзвычай моцны матэрыял. Упэўнена: гэта будзе партытура таго ж размаху і ўнутранай сілы.

— Калі зазірнуць наперад, які вектар развіцця Вялікага тэатра лічыце галоўным?

— Тэатр — нешта істотна большае за відовішча. Гэта месца, дзе душа знаходзіць свой адбітак, дзе тонка раскрываюцца чалавечыя эмоцыі і сэнсы — не толькі праз слова, але і праз музыку, святло, рух, праз саму атмасферу. Калі пасля спектакля глядач кажа: “Душа адпачыла”, разумею — вось дзеля чаго ўсё і ладзіцца.

Для мяне асабліва важна, што тэатр мае яшчэ і асветніцкую місію. Праз гады сюды вернуцца тыя, хто сёння ўпершыню пераступае парог, — дзеці. І калі ў іх застанецца патрэба ў сцэне, у мастацтве, у сапраўдным перажыванні, значыць, мы ідзём правільным шляхам.

Хочацца верыць, што Вялікі тэатр будзе прырастаць найперш духоўным патэнцыялам — тым глыбінным рэсурсам, які яшчэ не раскрыты цалкам, але ўжо здольны весці за сабой. У такім разуменні наша ўстанова нагадвае вялікую сям’ю: усе розныя, але аб’яднаныя агульнай справай і адказнасцю перад памяццю і будучыняй.

Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва тэатра