Паказалі здабыткі, атрымалі парады

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва наведаў Міёрскі раён Віцебскай вобласці. Чым азнаменаваўся візіт кіраўніка галіны ў паўночны рэгіён краіны?

 

ШЧЫРАЯ РАЗМОВА

Першы пункт — Міёрская раённая бібліятэка. Падчас сустрэчы з работнікамі культуры міністр акцэнтаваў увагу на аспектах, якія хвалююць людзей, праз прызму Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. У шчырай размове абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і ў тым ліку развіцця нашай галіны.

— Прыемна, што Руслан Іосіфавіч гаварыў пра тое, як і дзеля чаго павінны працаваць усе мы і кожны паасобку, тым самым матываваўшы да дзейнасці прысутных, — распавядае загадчыца сектара культуры Міёрскага райвыканкама Аксана Падзява. — Тое, як даступна кіраўнік ведамства гутарыў з намі пра важнае, думаю, знайшло водгук у сэрцах маіх калег і натхніла на новыя працоўныя здзяйсненні.

Супрацоўнікі бібліятэкі задавалі міністру пытанні на розныя тэмы і атрымлівалі кампетэнтныя адказы. Ніводзін, хто звяртаўся, не застаўся непачутым альбо незадаволеным адказам.

 

БУДЗЕ БІБЛІОБУС!

Што датычыцца працы раённай бібліятэкі, то, па звестках Таццяны Цыцылінай, загадчыцы сістэмы, яна складаецца з 17 устаноў: раённай, Міёрскай дзіцячай, Дзісненскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання і 13 сельскіх. Паслугамі ахоплены каля 49% ад агульнай колькасці насельніцтва, а гэта амаль 9,5 тысячы чытальнікаў! Багаты тут і кніжны фонд — больш за 120 тысяч экзэмпляраў кніг і перыядычных выданняў. Сіламі бібліятэкараў ладзяцца шматлікія мерапрыемствы: ад пасяджэнняў клубаў па інтарэсах, што дзейнічаюць у кожнай установе, да прэзентацый літаратурных навінак, сустрэч з аўтарамі і іншымі цікавымі асобамі Міёршчыны.

— Адно пакуль шкада — па тэхнічных прычынах не поўнасцю можам ахапіць жыхароў аддаленых вёсак, — заўважыла Таццяна Міхайлаўна.

Аднак і гэтае пытанне вырашальнае: як запэўніла Аксана Падзява, ужо сёлета запланавана набыццё спецыялізаванага аўтамабіля — бібліобуса. І зроблена гэта будзе за кошт бюджэту.

 

“ЖЫВАЯ” ВЫСТАВА

Такая форма прэзентацыі работы устаноў культуры Міёршчыны, як “жывая” выстава практыкуецца даўно. Кіраўніца галіны раёна ўпэўнена: лепей адзін раз пабачыць, як усё “круціцца-верціцца”, чым сто разоў пачуць.

Разгарнулася такая выстава і ў дзень візіту міністра.

Сваё майстэрства дэманстраваў Дзісненскі дом рамёстваў з майстар-класам адмысловай вышыўкі па сетцы, якой займаецца яго загадчыца Ірына Ядрэўская.

Яна расказала, што да гэтага віду творчасці натхніў адзін з экспанатаў раённага музея: на палатне, звязаным кручком, квітнелі ўзоры. Але рэч была не ў вельмі добрым стане, і майстрыха ўзялася яе аднаўляць. І так захапілася, што стала сама ствараць падобныя шэдэўры.

Загадчыца народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Святліца” Алена Батарчук на ганчарным крузе вырабіла збан, прапанаваўшы высокаму госцю пакінуць на ім аўтограф. Руслан Іосіфавіч з задавальненнем выканаў просьбу майстрыхі.

Дарэчы, і ў гэтай установе плануецца абнаўленне абсталявання: неўзабаве ў дапамогу ганчарам з’явіцца новая муфельная печ для абпалу вырабаў.

 

ЗОРКІ ЗАПАЛЬВАЮЦЦА

Міёрскую дзіцячую школу мастацтваў на “жывой” выставе прадстаўляў пяцікласнік-баяніст Уладзіслаў Маскаўчэнка. Ён выканаў “Гумарэску” беларускага кампазітара Аляксандра Пажарыцкага.

— Гэта вельмі таленавіты і працавіты хлопчык, — гаворыць пра свайго падапечнага дырэктар школы мастацтваў Ігар Лавец. — Музыкай Уладзіслаў пачаў займацца яшчэ ў пяцігадовым узросце з педагогамі з Ратамскай ДШМ. Цяпер вучыцца ў нас — радуе стараннасцю і поспехамі на рознага ўзроўню конкурсах.

Задавальненне, якое хлопчык атрымлівае, граючы на баяне, не засталося па-за ўвагай міністра. Руслан Іосіфавіч адзначыў, што з гэтага юнага музыканта пры пэўных абставінах можа атрымацца сапраўдная зорка.

Усяго ў Міёрскай школе мастацтваў навучаецца больш за 320 юных музыкантаў, танцораў, мастакоў. Тут дзейнічаюць чатыры аддзяленні: фартэпіянна-скрыпічнае, народнае, харэаграфічнае і выяўленчага мастацтва.

Кіраўніцтва ўстановы клапоціцца пра тое, каб кожны вучань адчуваў сябе камфортна і ўтульна. Летась у школе мастацтваў скончыўся рамонт трэцяга паверха: быў прыведзены ў належны стан, аснашчаны прафесійнымі люстэркамі і станкамі кабінет для ўрокаў танцаў, адноўлены памяшканні для індывідуальных і групавых заняткаў.

Наведваючы харэаграфічны клас, Руслан Чарнецкі высока ацаніў набытае прафесійнае абсталяванне, даў некалькі парад па яго выкарыстанні з найбольшым каэфіцыентам. Цяпер у планах — рамонт другога і першага паверхаў. Па словах Ігара Уладзіміравіча, працы наперадзе шмат: замена электраправодкі, рамонт прыбіральняў, аднаўленне глядзельнай залы.

— Да таго ж хочацца добраўпарадкаваць і прылеглую тэрыторыю, — марыць дырэктар. — Замяніць тратуарную плітку, упрыгожыць цэнтральны ўваход.

— Праектна-каштарысная дакументацыя гатовая не толькі па школе мастацтваў, але і па іншых аб’ектах сферы культуры раёна, — дадае Аксана Падзява. — Зараз яна праходзіць экспертызу, і як толькі будзе зацверждана — прыступім да работ.

Аксана Айвараўна выказала ўдзячнасць міністру за слушныя парады, якія ён даў па выбары экранаў, абсталявання закулісся і глядзельнай залы Дома культуры і ўвогуле на што яшчэ варта звярнуць увагу ў паўсядзённай рабоце.

— Сустрэча з кіраўніком ведамства была нам вельмі карысная, — упэўнена Аксана Падзява. — Мы змаглі не толькі прадэманстраваць свае здабыткі, але і атрымаць з боку міністэрства пэўную дапамогу.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва сектара культуры Міёрскага РВК