Адзін з галоўных кірункаў

Для Палужскай сельскай бібліятэкі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці дыплом І ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” ХХХІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — не выпадковасць. З’яўляючыся адзінай установай культуры аграгарадка, кніжная скарбніца насамрэч выконвае ролю цэнтра духоўнага росту і патрыятычнага выхавання, а таксама месца цікавых сустрэч і баўлення вольнага часу вяскоўцаў.

 

ПРОСТА ПРА ВАЖНАЕ

— Адзін з галоўных кірункаў дзейнасці Палужскай сельскай бібліятэкі — патрыятычнае выхаванне моладзі, — расказвае дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх.

Прыкладам, на дашкалят і малодшых школьнікаў разлічана новая праграма “Гадуем патрыётаў”. У яе межах дзецям прапануюць паглыбіцца ў гісторыю, культуру і традыцыі роднай краіны. Дзякуючы цыклу інтэрактыўных заняткаў, сустрэч з цікавымі людзьмі, тэматычных выстаў і квэстаў перад юнымі гасцямі адкрываюцца яркія старонкі гераічнага мінулага і сучаснасці Айчыны.

— Нашы самыя маленькія наведвальнікі з захапленнем слухаюць аповеды пра подзвігі продкаў і тое, як яны праяўлялі бязмерную любоў да роднай старонкі, — гаворыць работніца Палужскай сельскай бібліятэкі Галіна Кавалевіч. — Зразумела, што, падбіраючы выданні для гэтай катэгорыі чытачоў, найперш улічваем узрост: тут галоўнае — расказаць пра важнае даступнымі словамі, так, каб інфармацыя надоўга затрымалася ў дзіцячай памяці, а малышы вызначылі для сябе адпаведную лінію паводзінаў.

 

ДЛЯ САМЫХ ЮНЫХ

Сярод ключавых кампанентаў працы Палужскай бібліятэкі — тэматычныя “Літаратурныя гасцёўні”, дзе Галіна Кавалевіч разам з памочнікамі (гэта больш дарослыя аматары кнігі) дэкламуе хлопчыкам і дзяўчынкам урыўкі з твораў беларускіх аўтараў. Асабліва эмацыйна ўспрымаюцца словы Алеся Пісьмянкова, Васіля Віткі, Алега Лойкі, Еўдакіі Лось, Рыгора Барадуліна, Анатоля Грачанікава. А потым для замацавання ведаў праводзяцца конкурсы, падчас якіх бібліятэкар нагадвае радкі вершаў ці апавяданняў, а дашкольнікі малююць ілюстрацыі да іх.

На майстар-класах “Мы памятаем, мы ганарымся!” маленькія чытачы ствараюць паштоўкі, аплікацыі ды іншыя дэкаратыўныя вырабы, прысвечаныя розным падзеям Вялікай Айчыннай.

— Такія пазакласныя актыўнасці вельмі падтрымліваюць педагогі і бацькі, адзначаючы важнасць патрыятычнага выхавання, — падкрэслівае Галіна Мікалаеўна. — У выніку бібліятэку ўсё часцей наведваюць сем’ямі.

 

МАЛЕНЬКІЯ ГЕРОІ

Праграма па выхаванні патрыётаў таксама аб’ядноўвае некалькі цыклічных мерапрыемстваў, разлічаных на школьнікаў.

— Яны з цікавасцю ўспрымаюць успаміны ветэранаў, якіх ваеннае ліхалецце напаткала прыкладна ў тым жа ўзросце, — працягвае Галіна Кавалевіч. — На падобных сустрэчах пануе незвычайная цеплыня: старэйшыя акунаюцца ў свет дзяцінства, а малыя больш глыбока разумеюць перажытае апавядальнікамі, праецыруючы пачутае на сябе.

Цыкл “Маленькія героі вялікай краіны” — элемент цэлай бібліятэчнай праграмы. У яе ўвайшлі таксама серыі мерапрыемстваў “Дарогамі Перамогі” і “Адзінства ў разнастайнасці”, пазакласныя заняткі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай, Афганскай і іншых войнаў “Героі нашага часу”.

Сярод іншых складнікаў — знаёмствы з персанажамі ваенных твораў беларускіх аўтараў: чытанне, агульнае абмеркаванне, а потым — квізы, квэсты, гульні і віктарыны. Усё гэта прываблівае юных наведвальнікаў бібліятэкі, і неўзабаве хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца аматарамі кніг, літаральна “праглытваюць” іх.

 

ШЛЯХАМ ПЕРАМОЖЦАЎ

Патрыятычнае выхаванне моладзі ва ўстанове не абмяжоўваецца зваротам да тэматычнай літаратуры і выставамі, сустрэчамі са знакамітымі людзьмі Карэліцкага краю. Тут распрацаваны маршрут выхаднога дня, што ахоплівае шэсць мясцін. Сярод іх — помнік Герою Савецкага Саюза Яну Фогелю; магіла партызанкі Кацярыны Главінскай у Палужжы; знак, прысвечаны 58 закатаваным фашыстамі насельнікам Карэліччыны; мемарыяльны комплекс “Зорка”, узведзены ў 1972 годзе ў гонар 227 воінаў і партызан, што загінулі пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ды 1864 жыхароў краю, якія аддалі жыццё за Радзіму.

А яшчэ — магіла Мікалая Белуша, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, і спаленая нацыстамі разам з усімі людзьмі вёска Новае Сяло.

 

СЯМЕЙНАЕ ЧЫТАННЕ

Далучэнне да твораў аб Вялікай Айчыннай і адмысловыя мерапрыемствы — частка працы і са сталымі наведвальнікамі. У бібліятэцы арганізоўваюцца “Літаратурныя сустрэчы пакаленняў”, дзе госці старэйшага і малодшага ўзростаў абмяркоўваюць кнігі. Пажылыя дзеляцца думкамі, суадносячы вобразы з рэальнымі падзеямі. У межах патрыятычных праектаў сем’і з асаблівай цікавасцю сталі звяртацца да мастацкай літаратуры пра вайну, з’явілася традыцыя сямейнага чытання такіх твораў. Бацькі разам з дзецьмі знаёмяцца з работамі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі. Кнігі пра гераізм і подзвіг нашага народа сталі неад’емным элементам мерапрыемстваў у бібліятэцы і па-за яе сценамі.

Ірына СТАНКЕВІЧ Фота з архіваў установы