Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся. Якія аб’екты займелі новы статус і чым яны адметныя?
Рашэнні аб уключэнні шэрагу новых пазіцый у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей былі ўхвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры напрыканцы мінулага года.

Так, члены савета аднагалосна падтрымалі прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Традыцыйная тэхналогія бандарных вырабаў у Глускім раёне Магілёўскай вобласці”. Звычай захоўваюць патомныя ўмельцы ў сям’і Станкевічаў разам з пераемнікамі.

Ініцыятар перадачы рамяства тут Уладзімір Станкевіч, майстар у трэцім пакаленні, адзіны — па бондарстве на Магілёўшчыне. З вучнямі ён стварае бочкі, цэбры, цацкі, удзельнічае ў святах, фестывалях, выставах і семінарах.
Справа бондара патрабуе ўседлівасці, цярпення і нават ведаў геаметрыі, а таксама ўмення выбраць правільнае дрэва, высушыць яго і апрацаваць. З дубу выходзяць найлепшыя бочкі для засолкі гуркоў і памідораў, ліпа і клён пасуюць для захоўвання мёду, асіна — для квашання капусты, з елкі ці ліпы заўжды майстравалі ёмістасці для малака.
Уладзімір прытрымліваецца перанятых ад продкаў тэхналагічных і вытворчых таямніц. Вырабы адмыслоўца і яго вучняў ды паслядоўнікаў вылучаюцца сярод іншых выкарыстаннем драўляных абручоў і ўжываннем матэрыялу з прыгожай тэкстурай ды натуральнай прыроднай афарбоўкай, што надае рэчам непаўторнасць і маляўнічасць.
(Працяг будзе)
Антон РУДАК