З лістапада па сакавік у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе выстава, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Экспазіцыя “Вясна ўвосень” падрыхтавана сумесна з Аршанскім музеем Уладзіміра Караткевіча, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.
Выстава займае дзве залы і раскрывае жыццёвы і мастацкі шлях пісьменніка праз зварот да казачнай прозы: праект змяшчае выяўленчую спадчыну Уладзіміра Сямёнавіча. Куратар — загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Ірына Князева.

Тут можна пабачыць малюнкі класіка, выкананыя як у дзяцінстве, так і ў сталым узросце, а таксама ілюстрацыі да кніг Караткевіча, створаныя Пятром Драчовым, Юрыем Зайцавым, Арленам Кашкурэвічам, Лізаветай Пастушэнка, Валерыем Славуком, іншымі мастакамі.

Дапаўняюць скульптурныя выявы літаратара аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх.
Шырока прадстаўлены фотаздымкі, афішы спектакляў паводле работ пісьменніка, яго лісты і асабістыя рэчы — пачынаючы з тых, што спадарожнічалі Уладзіміру Сямёнавічу ў першыя гады жыцця.
Сярод экспанатаў — кніга “Дваццаць сем месяцаў на дрэйфуючым караблі «Георгій Сядоў»”, якая захавалася ў сямейным зборы сваякоў Караткевіча. Яе ў 1942-м перадалі маленькаму Валодзю бацькі, калі ён знаходзіўся ў эвакуацыі на Урале. На вокладцы тата пазначыў, што гэта падарунак на памяць пра Вялікую Айчынную вайну, а мама пажадала сыну быць такім жа, як удзельнікі складанай палярнай экспедыцыі.

Таксама ў экспазіцыі можна ўбачыць адзенне творцы, некалькі чорцікаў са знакамітай калекцыі Караткевіча, партфель, гадзіннік і кубак, якім аўтар карыстаўся падчас апошняй вандроўкі ў 1984 годзе. Побач — дакументы з архіва класіка, у тым ліку яго дыпломная работа, прысвечаная легендам і казкам.
Антон РУДАК. Фота аўтара