Малады мастак Кірыл Міхаленка прыцягнуў да сябе ўвагу СМІ, яшчэ не зладзіўшы ніводнай персанальнай выставы. Справа ў тым, што ён малюе… нафтай. Такая незвычайная “фішка” ўмомант прымагніціла ласых на арыгінальныя сюжэты журналістаў.

Ва ўсіх ахвотных узнікла магчымасць пабачыць нафтавыя карціны. Выстава Кірыла Міхаленкі, што праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, стала добрай нагодай паразважаць, што ёсць гэтая з’ява: піяр з эпатажам або адметная творчая практыка?
НАФТА ДЗЕЛЯ НАФТЫ
Жывапісца, які знарок абраў для палотнаў “нестандартныя” матэрыялы, сёй-той параўнае з вядомым Феафанам Мухіным — аўтар замест фарбаў выкарыстоўваў авёс, скардзячыся на яго дарагавізну. Вобраз камічны… Хаця само памкненне паарыгінальнічаць наўрад ці вартае высмейвання — пагатоў у такой справе, як жывапіс. Тут трэба разбірацца індывідуальна.

Выстава Кірыла Міхаленкі мае лаканічную назву Petroleum — гэтак будзе нафта на латыні. Таксама, дарэчы, называецца і кожная з 20 прадстаўленых карцін. “Нафта ў дадзеным праекце з’яўляецца наўпроставым выказваннем, сумленным і чыстым матэрыялам”, — гаворыцца ў эксплікацыі. То-бок мастак не толькі абмяжоўвае сябе ў плане выяўленчых сродкаў, але і наўмысна адмаўляецца ад дадатковых тэм і кантэкстаў.
Адпаведна, пытанне, што ён сваімі творамі хацеў сказаць, апрыёры недарэчнае. Карціны фарміруюць “абстрактныя вобразы ў свядомасці гледача ў залежнасці ад стану і магчымасцей самога гледача”, як пазначана ў эксплікацыі.
Здавалася б, дадаць тут нешта цяжка: што ўбачыў, тое тваё… Аднак куратарскі тэкст да выставы — бадай самы вялікі з тых, якія апошнім часам даводзілася чытаць. Літар шмат, і яны адлюстроўваюць не саму сутнасць прац, а іх культуралагічны кантэкст.
МАНІФЕСТ
Куратарам праекта Petroleum выступіў Максім Пятруль. Сугучча тут выпадковае… Хаця хто яго ведае? У эксплікацыі масціты скульптар сцісла прасочвае развіццё мастацкай думкі ад Антычнасці і да малявання нафтай, пераканаўча адлюстроўвае ролю творцы не як рамесніка, а як медыятара паміж прыродай і чалавечай свядомасцю.

“Ручное размалёўванне тканіны ці паперы з самамэтай імітацыі відочнага на нашых вачах адыходзіць у мінулае…” — сцвярджае куратар. Практыкі мастацкага капіявання рэчаіснасці Пятруль не без сарказму параўноўвае з народнымі рамёствамі. Апошнія цікавяць перадусім этнографаў, заняўшы ўтульную, але не вельмі пачэсную нішу ў сённяшнім свеце, літаральна сатканым з тэхналогій. Нафта ж — тая кроў, што цячэ па жылах сучаснасці, прымушаючы яе рухацца несупынна ды ўсё хутчэй.
Адным словам, маніфестам Кірыл абзавёўся амбітным ды грунтоўным. Спрачацца з выказанымі ў ім пастулатамі можна і трэба. Аднак ніхто ўжо не ўсумніцца ў тым, што праект па стварэнні нафтавых карцін — гэта не жарцікі.
МІФАЛОГІЯ
Кірыл Міхаленка “малюе рукамі”. Аднак ён зусім не “этнаграфічны” мастак. Наадварот, усімі спосабамі падкрэслівае сваю светапоглядную сучаснасць. Ведае, што такое NFT, паспяхова супрацоўнічае з брэндамі…

Дый выбар персанальнай “фішкі” ў жывапісе таксама невыпадковы, бо грунтуецца на біяграфіі аўтара і дазваляе ствараць яго персанальную міфалогію. Як сцвярджае Кірыл, ён з’явіўся на свет роўненька ў Дзень нафтавіка. Свята ў Рэчыцы адзначаецца шырока. Адпаведна, для ўраджэнца нафтавай сталіцы Беларусі выкарыстанне чорнага золата — лічы, вяртанне да вытокаў і повязь з бацькоўскай зямлёй. З якой нафту і здабываюць.
Наколькі важная для мастака яго ўласная міфалогія? Тут нехта адкажа: гэта проста піяр і завышэнне цаны. Іншы запярэчыць: не, тое таксама і частка творчай практыкі, — ды прыгадае мноства вядомых імёнаў, ад Далі да Бойса. Дый ці мала класікаў абапіралася на факты біяграфіі (выдуманыя або сапраўдныя), каб надаць працам больш вагі ці проста пагуляць з публікай? Звычайна апошняй было цікава. Тут адразу прагучыць рэмарка: класікі ўмелі заінтрыгаваць не толькі гэтым… Заўвага дарэчная. Таму час перайсці да адказу на галоўнае пытанне: ці могуць уразіць нафтавыя карціны самі па сабе?
ДУЭТ З ЛЁНАМ
Як часцяком бывае ў абстрактным мастацтве, творчы метад тут прэвалюе над вынікамі. Згадайма, да прыкладу, знакаміты “жывапіс дзеяння”, калі фарба адвольна распырсквалася па палатне. Аднак гэта не значыць, што вынікі — то-бок самі карціны — не маюць асаблівай важнасці. Чамусьці ў Джэксана Полака атрымлівалася распырскваць фарбу куды лепш, чым у іншых. І менавіта з гэтай прычыны яго працы каштуюць шмат мільёнаў і ты надоўга спыняешся ля іх у музеях.
На шчасце, адметнасць Кірыла Міхаленкі не толькі ў тым, што ён малюе нафтай. Творы не проста прыцягваюць позірк — літаральна ўсмоктваюць яго ў сябе, выклікаючы ў публікі ўнутраную рэакцыю. Пазбаўленыя тэм, сюжэтаў і вобразаў абстрактныя палотны складана апісваць словамі.

Затое на іх можна глядзець — доўга і медытатыўна. Нафта з дапамогай рук мастака літаральна ажывае, пачынае рухацца, набывае мноства адценняў — ад светла-шэрага да амаль чорнага — у самых розных спалучэннях. Вельмі трапна (і, відаць, асэнсавана) падабрана і аснова для карцін. Кампанію рэчыву, якое ўвасабляе сучасную тэхнагенную эпоху, склаў такі традыцыйны беларускі матэрыял, як лён. Тонкая тканіна літаральна прасвечваецца, убіраючы ў сябе іншародныя малекулы і ствараючы ілюзорную аб’ёмнасць.
Ці здолеў бы мастак дасягнуць такога эфекту з дапамогай звычайных фарбаў? Цалкам магчыма. Але гэта было б не настолькі цікава.
Ілья СВІРЫН