У дзень, калі праваслаўныя веруючыя адзначалі Раство, у Ашмянскім раённым цэнтры культуры прайшлі чарговыя “Калядныя сустрэчы”. Гэтыя святочныя канцэрты даўно палюбіліся мясцовым жыхарам. Каб задаволіць усіх жадаючых, арганізатары ў гэтым годзе павялічылі колькасць прадстаўленняў – ад традыцыйных двух да чатырох.

Сваю гісторыю святочныя імпрэзы адлічваюць з сярэдзіны 1990-х і кожны год здзіўляюць новымі творчымі знаходкамі. “Калядныя сустрэчы” збіраюць тых, хто любіць і шануе музыку, танец, песню і гумар, а работнікі культуры заўзята і адказна рыхтуюць сваю навагоднюю творчую справаздачу.

Мерапрыемства прыемна ўразіла гледачоў фантазіяй і талентам пастаноўшчыкаў і выканаўцаў.

У праграме гучалі і вядомыя мелодыі, і сучасныя кампазіцыі, а таксама песні пра каханне і Новы год, пра сустрэчы і развітанні. Іх упрыгожвалі і дадавалі ім тэатральнасці танцавальныя нумары.

Гледачы дзякавалі артыстам гучнымі апладысментамі.
На імпрэзе таксама прагучалі вынікі раённага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне ўстаноў і арганізацый горада.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ. Фота аўтара