Ці павінен малады мастак прымяраць на сябе берэт мэтра? Мабыць, так, калі гутарка пра амбіцыі выключна творчыя. Тут высокую планку варта ставіць ад самага пачатку.

Выстава “Перасячэнне гарызонтаў”, якая працуе ў галерэі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава, стымулюе маладняк менавіта на такое стаўленне да творчасці. Яе канцэпцыя вельмі арыгінальная: карціны навучэнцаў і выпускнікоў Глебаўкі суседнічаюць у адной зале з работамі прызнаных майстроў беларускага жывапісу, што ўваходзяць у карпаратыўную калекцыю аднаго з банкаў.
ПАРА ДЛЯ МАЙСТРА
Творы мэтраў і пачаткоўцаў рэдка выстаўляюцца разам. Што ні кажы, далягляды ў іх розныя… Куратары выставы задаюцца пытаннем: ці магчымае іх перасячэнне? І тут жа адказваюць: так, але толькі ў пэўных варунках.

Але ж не варта чакаць, пакуль яны з’явяцца самі сабою: лепей стварыць іх сумысля. Прычым творы аўтараў рознай “вагавай катэгорыі” не проста суседнічаюць у адной выставачнай прасторы. Паводле задумы, яны дэманструюцца парамі: карціна знанага мастака поруч з палатном маладога.
Па словах аднаго з куратараў выставы Анастасіі Беланоўскай, падабраць такія пары было задачай няпростай, але ж карпатлівая праца з назапашанай у Глебаўцы калекцыяй жывапісу прынесла свой плён.

Май Данцыг. Да пабачэння, Віцебск

Іван Бацяноўскі. Заслаўе
Часам гэтыя творы знітоўвае сам жанр — скажам, віцебскі краявід слыннага Мая Данцыга выстаўлены побач з заслаўскім пейзажам выпускніка Глебаўкі Івана Бацяноўскага.
Агульным назоўнікам можа стаць тэматыка, як у выпадку з Таццянай Грыневіч і сёлетняй выпускніцай Марыяй Блашчук. Гераінь іх твораў аб’ядноўвае не толькі агульная пастава — дзяўчына на ровары бадай заўсёды выглядае самавіта, — але і прага спазнання свету ў розных яго праявах, якой прасякнутыя абедзве карціны.

Васіль Касцючэнка. Веснавы нацюрморт
Бывае, што карціны злучае ў пары стылістыка або падобны падыход да адлюстравання рэчаіснасці. Так, у сваім “Вясновым нацюрморце” Васіль Касцючэнка выяўляе не рэальныя прадметы, але сам настрой — і атрымліваецца абстракцыя, у якой ледзь прачытваюцца абрысы рэальных аб’ектаў.

Тамара Дзяменцьева. Юр'еў дзень
Выпускніца каледжа Тамара Дзяменцьева ў дыпломнай карціне “Юр’еў дзень” таксама адмаўляецца ад педантычнага ілюстратарства дзеля перадачы праз колер і рысы ўласных адчуванняў.
У ЧЫМ АДРОЗНЕННЕ?
У якасці эксперыменту наведвальнікам можна прапанаваць адгадаць, дзе ў пары твор мэтра, а дзе пачаткоўца. І калі мастацтвазнаўцы і “гурманы” з задачай, напэўна, справяцца, то шараговыя гледачы могуць і памыліцца. А вось навучэнцы каледжа маюць добрую нагоду задацца пытаннем: якія ўласцівасці павінна мець карціна, каб яе набылі ў калекцыю, — бо куратары-мастацтвазнаўцы адабралі гэты твор з мноства іншых? Чым ён адрозніваецца ад вучнёўскага пейзажа ці нацюрморта? Выстава такія адказы дае.
Глебаўцы ўсіх пакаленняў рэгулярна выязджалі на пленэры. І нядзіўна, што ў зборы навучальнай установы назапасілася процьма эцюдаў з краявідамі. Некаторыя прадстаўлены ў экспазіцыі — прычым імёны іх аўтараў гісторыя не захавала. Хаця тыя вучнёўскія выявы беларускіх хацін даволі таленавітыя, не пазбаўленыя індывідуальнасці. Але калі бачыш побач з імі такія самыя хаціны пэндзля Ігара Бархаткова, дзе кожны мазок прамяніць дзівосным святлом, разумееш, да чаго жывапісу трэба імкнуцца.

ПРА НАГЛЕДЖАНАСЦЬ
Якую ролю падобныя выставы могуць адыграць у навучальным працэсе?

Дырэктар каледжа Аляксандр Шантаровіч
— Нельга выхаваць мастака — ды і наогул творчую асобу, — не паказаўшы прыклады, здатныя натхніць, — адказвае дырэктар каледжа Аляксандр Шантаровіч. — Нагледжанасць у мастака павінна быць каласальнай. Хаця, канешне, важна выбіраць, што глядзець і на што арыентавацца. І мы імкнёмся прывіць моладзі такі крытычны падыход.
Менавіта таму навучэнцы калежа актыўна наведваюць найлепшыя музейныя выставы. Ды і калідоры Глебаўкі нагадваюць галерэю. Аляксандр Валер’евіч перакананы: для навучання мастацтву асяроддзе мае вялікае значэнне. Часам яго ўплыў нават неўсвядомлены: убачаны краем вока вобраз, які пакінуў след не толькі на сятчатцы, але і недзе глыбей, можа потым праявіцца ўжо ва ўласнай творчасці таго ці іншага юнага мастака.
У той самы час дырэктар каледжа лічыць: зусім неабавязкова, каб вучнёўства набывала характар пераймання, каб маладыя творцы запазычвалі ў мэтраў жывапісныя прыёмы, каларыстычныя рашэнні і тым болей тэмы.
— Важна, каб далучэнне да мастацкай школы было ўдумлівым, асэнсаваным, — лічыць ён. — Дзівіць, калі сучасны хлопец бярэ сюжэт у папярэднікаў: скажам, мама ў вёсцы мые немаўля ў ночвах…

Я пытаюся: ці ты сам такія ночвы калі бачыў? Не? Дык навошта малюеш? Кожны павінен адлюстроўваць у творчасці нешта сваё — тое, што блізка і актуальна менавіта яму. Каб, абапіраючыся на той досвед, які назапасілі класікі, малады мастак праяўляў індывідуальнасць.
АДЧУВАННЕ ШКОЛЫ
Без сумневу, важна, каб маладыя творцы ад самага пачатку свайго шляху ўсведамлялі прыналежнасць да беларускай мастацкай школы, якую ім наканавана працягваць. Выстава гэтаму спрыяе.

Як распавяла Анастасія Беланоўская, у яе рамках праводзяцца майстар-класы і лекцыі, падчас якіх мэтры бліжэй знаёмяцца з сённяшнімі навучэнцамі Глебаўкі.
— Думаецца, сталыя мастакі радыя патрапіць у гэтую супольнасць маладняку, каб падзяліцца досведам, — кажа яна. — Многія з мэтраў некалі тут вучыліся. І для іх гэта добрая магчымасць вярнуцца думкамі ў бурапенныя гады маладосці.
І сапраўды, некаторыя з колішніх глебаўцаў ужо сталі класікамі. Іх раннія творы захоўваюцца ў фондах каледжа — агулам там назапасілася болей за 2000 работ. Таму ў паветры лунае ідэя стварэння свайго музея. Убачыць, з чаго пачыналі слынныя сёння майстры, аматарам мастацтва будзе цікава. А для цяперашніх навучэнцаў гэта стане дадатковым стымулам удасканальвацца.
Ілья СВІРЫН