Чытальная зала. Дзіцячая

Падарунак да навагодніх свят падрыхтавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі: у галоўнай кніжнай скарбніцы краіны адкрылася дзіцячая чытальная зала.

 

ДЛЯ БУДУЧЫХ ЗНАЎЦАЎ

Яна размясцілася на трэцім паверсе “алмаза ведаў” і стала адной са структур інфармацыйна-асветніцкага цэнтра. Па словах генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, гэты прынцыпова новы для ўстановы кірунак мае на мэце папулярызацыю чытання сярод юных беларусаў праз гульні, майстар-класы, цікавыя сустрэчы, квэсты. Ужо распрацавана некалькі адукацыйных праграм, разлічаных на дашкольнікаў, вучняў малодшых класаў, падлеткаў.

— Мы прывыклі, што Нацыянальная бібліятэка — дарослая ўстанова, куды прыходзяць студэнты і прафесура, навукоўцы, — распавёў Вадзім Францавіч. — І гэта насамрэч так. Але чытанне трэба папулярызаваць з самага ранняга ўзросту, таму прасоўваем шэраг праграм у нашым інфармацыйна-асветніцкім цэнтры. Вядома, з дзецьмі гэта варта рабіць у гульнявой, займальнай форме, на што і разлічана новая зала.

 

РОЛЬ ГРАМАДСКАСЦІ

Як паведаміў Вадзім Гігін, пляцоўку стваралі пры актыўнай падтрымцы Беларускага саюза жанчын. Супрацоўніцтва з арганізацыяй доўжыцца не першы год, сумесна рэалізаваны шэраг праектаў. Дзіцячая чытальная зала стала чарговым.

— Праект папулярызуе сямейнасць, — адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання Вольга Шпілеўская. — Саюз жанчын — гэта хто? Перадусім мамы, якія з маленства чытаюць сыночкам і дочкам добрыя казкі, цікавыя апавяданні. Калі матулі прывядуць дзетак у Нацыянальную бібліятэку і разам з імі паўдзельнічаюць у адной з прапанаваных праграм — будзе вельмі хораша.

Вольга Аляксандраўна спадзяецца, што новая чытальная зала стане збіраць багата людзей і што тут кожны маленькі беларус знойдзе свайго самага каштоўнага сябра. Такім суразмоўніца лічыць кнігу, якая вучыць справядлівасці, жыццёвай мудрасці і ў якой дабрыня заўжды перамагае ліха.

 

ПАЗНАННЕ СВЕТУ

Усе распрацаваныя адукацыйныя праграмы, па словах загадчыцы інфармацыйна-асветніцкага цэнтра Таццяны Пракоф’евай, накіраваны на пазнанне свету праз кнігу і будуюцца вакол сямейных каштоўнасцей.

— Разам з дзецьмі ды іх бацькамі мы зазірнём у свет беларускай прозы, пазнаёмімся з найлеп- шымі творамі Карлюкевіча, Мазго, Чарняўскага, іншых выбітных айчынных аўтараў, — распавядае Таццяна Уладзіміраўна. — Развучым з малымі лічылкі і вершыкі, разгадаем загадкі і даведаемся новыя прыказкі.

Для больш дарослых хлопчыкаў і дзяўчынак, акрамя іншых напрамкаў, прадугледжана экалагічная адукацыя. На прыкладах Біянкі і Прышвіна бібліятэкары павядуць гасцей у жывёльны і раслінны свет, навучаць чытаць складаны падручнік — кнігу прыроды. Падлеткаў зацікавяць квэсты па творах, пройдзеных у школе, а таксама сустрэчы з асобнымі іх аўтарамі.

— Традыцыйны для нашай установы літаратурны чацвер цяпер будзе ладзіцца і ў новай чытальнай зале для юных наведвальнікаў, — дадала Таццяна Пракоф’ева. — Так што запрашаем на захапляльныя вечарыны.

 

НЕ ТОЛЬКІ КНІГА

Дарэчы, на пляцоўцы плануюцца і майстар-класы для ўсіх узроставых груп. Як кажа загадчыца інфармацыйна-асветніцкага цэнтра, гасцям прапануюць увасобіць персанажаў літаратурных твораў, выкарыстоўваючы разнастайныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яшчэ адзін кірунак — прагляд анімацыйных і ігравых стужак у рэтракіназале. Яна разлічана таксама на сямейнае наведванне.

— І дарослым будзе цікава апынуцца ў дзяцінстве разам з любімымі героямі, — пераканана Таццяна Уладзіміраўна. — Спадзяюся, пасля сеансаў гледачы стануць абмяркоўваць убачанае і прачытанае — дзяліцца ўражаннямі, выказваць свой пункт гледжання, параўноўваць літаратурныя творы і экранізацыі.

Акрамя праграм для сямейнага наведвання, у новай чытальнай зале ёсць распрацоўкі для груп — напрыклад, класаў.

— Чакаем вучняў у рамках шостага школьнага дня. Для іх падрыхтаваны спаборніцкія інтэлектуальныя гульні. Паверце, будзе займальна, — запэўніла Таццяна Пракоф’ева.

 

ВАЖНЫ МОМАНТ

Адкрыццё залы прайшло ў цёплай і нават сямейнай атмасферы, якая, спадзяюцца ў бібліятэцы, будзе панаваць тут і надалей.

Дарослыя госці Вольга Шпілеўская ды ўладальніца тытула “Міс Беларусь — 2025” Алена Кучарук і гаспадар свята Вадзім Гігін успомнілі сваё дзяцінства з кнігай, прыгадалі любімыя казкі і апавяданні.

На ўрачыстасць запрасілі будучых карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі — шасцікласнікаў сталічнай СШ № 13. У якасці падарунка ад іх — вакальнае выступленне Арсенія і Аксаны Сабалеўскіх.

Правам перарэзаць чырвоную стужку ад дзяцей уганаравалі ўдзельніцу ўзорнага тэатра фальклорнай ігры “Скамарохі” Сафію Іванкоўскую.

— Для мяне гэта вельмі захапляльны момант, — прызналася сямікласніца. — Пабываць на такой важнай падзеі, стаяць побач з найлепшымі людзьмі краіны і разумець, што, калі старацца, змагу вырасці падобнай, — гэта надзвычай значна!

Сафія вельмі любіць чытаць, і менавіта на папяровым носьбіце, таму яна адна з першых, хто стане наведвальнікам дзіцячай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На памяць аб мерапрыемстве ўдзельнікі з дапамогай Таццяны Пракоф’евай зрабілі закладкі для кніг.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Ангеліны САРОКІ