Археалагічныя помнікі і брацкая магіла атрымалі ахоўны статус. Адпаведныя пастановы апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Міністэрства культуры зацвердзіла праекты зон аховы матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у Мінскай і Магілёўскай абласцях — ведамасныя пастановы № 131 і № 132 ад 28 лістапада размешчаны на сайце pravo.by.
У пастанове № 131 — размова пра брацкую магілу ў вёсцы Амговічы Слуцкага раёна. Аб’ект — нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць трэцяй катэгорыі, уключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Праект зон аховы закліканы забяспечыць зберажэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці, адпаведнага навакольнага асяроддзя і заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі ГКК, ахоўнай зоны і яе мяжы, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання. Дакумент складзены на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
У цэнтры пастановы № 132 — археалагічныя помнікі ў аграгарадку Каменічы Асіповіцкага раёна. Праект зон аховы распрацаваны для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей трэцяй катэгорыі, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта чатыры курганныя могільнікі. Дакумент падрыхтаваны Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на аснове архіўна-бібліяграфічных, натурных і археалагічных даследаванняў, а таксама аналізу ландшафту.
kultura-info.by