Таямніцы старадаўніх распяццяў і абразоў

Апублiкавана: 13 снежня 2025 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Музейны супрацоўнік наўрад ці асацыюецца з вобразамі Шэрлака Холмса або Эркюля Пуаро. Аднак для ўласцівых дэтэктывам метадаў і ў музеі знаходзіцца прымяненне. Вядома, не ў галіне крыміналістыкі, а для запаўнення шматлікіх лакун нашай гісторыі.

 

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь не толькі захоўвае і папулярызуе скарбы айчыннага мастацтва — ён спецыялізуецца і на іх даследаванні. Пра гэты амаль нябачны для наведвальнікаў аспект дзейнасці ўстановы мы гутарым з яе навуковым супрацоўнікам Станіславам Чавусам. Галоўная тэма яго росшукаў — старадаўняя беларуская скульптура.

 

“НЕ ТОЕ” ЎКРЫЖАВАННЕ

У музейнай зале мы спыняемся ля фігуры ўкрыжаванага Хрыста. Гэтае распяцце даўно прызнанае шэдэўрам старажытнага беларускага мастацтва. Суровая і лаканічная дасканаласць скульптурнага ўвасаблення Збаўцы літаральна магнетызуе гледачоў — і, вядома, не пакідае абыякавымі мастацтвазнаўцаў. Даследаваннем гэтага твора займалася ўжо не адно іх пакаленне.

Зусім нядаўна ён быў вядомы як Галубіцкае ўкрыжаванне — бо, як лічылася, паходзіў з вёскі Галубічы (цяпер у Глыбоцкім раёне). Распяцце выявілі яшчэ ў 1921 годзе, пасля чаго яно нібыта патрапіла ў створаны Іванам Луцкевічам Віленскі беларускі музей, а ўжо адтуль — у зборы Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, непасрэднай папярэдніцы Нацыянальнага мастацкага.

— Мастацтвазнаўцы звярталі ўвагу на вельмі архаічнае ўвасабленне аблічча Хрыста, якое мае выразныя рысы раманскага стылю, — кажа Станіслаў Чавус. — Для Беларусі такі твор — унікальны. Распяцце датавалі XIV стагоддзем, што рабіла яго самым старадаўнім узорам хрысціянскай сакральнай скульптуры ў краіне.

Але пазней вядомы даследчык з нашага музея Аляксандр Ярашэвіч такое датаванне аспрэчыў: у Галубічах да канца XVI стагоддзя не было ні царквы, ні касцёла — дзе ж магло знаходзіцца гэтае ўкрыжаванне?

Іншыя навукоўцы звярнулі ўвагу на тое, што цела Хрыста тут мае анатамічную будову, звыклую для скульптурных выяў пазнейшага часу. Ды і сам Збаўца прадстаўлены не як кароль нябёсаў, што больш уласціва для раманскай стылістыкі, а як пакутнік за грахі чалавецтва — а такая трактоўка характэрная для наступных эпох.

Таму ў наступных публікацыях распяцце датавалі ўжо не XIV, а пачаткам XVІI стагоддзя — часам, калі ў Галубічах з’явілася драўляная цэркаўка. Пры гэтым тэрмін “Галубіцкае ўкрыжаванне” трывала замацаваўся ў літаратуры.

Аднак нядаўна атрыбуцыю твора давялося змяніць. Праглядаючы старыя інвентарныя кнігі Віленскага беларускага музея, Станіслаў Чавус заўважыў памылку, зробленую шмат гадоў таму кімсьці з яго папярэднікаў. Рэч у тым, што ў запісе пра Галубіцкае ўкрыжаванне прыводзіцца зусім іншы памер гэтага твора — усяго каля 40 см. Вышыня ж “нашай” скульптуры — болей за метр. Адпаведна, гутарка вялася пра іншае ўкрыжаванне…

Што цікава, “сапраўднае” Галубіцкае распяцце таксама знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага.

 — Яго лёс мне ўдалося прасачыць, — распавядае даследчык. — У 1945-м гэты твор трапіў у фонды Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а потым ужо ў нашу калекцыю — дзе захоўваецца і пагэтуль. Але ж пра раманскі стыль і нават XVIІ стагоддзе гутарка ў дадзеным выпадку не вядзецца: гэта куды пазнейшае народнае мастацтва. Скульптура зробленая, мабыць, на пачатку XIX стагоддзя нейкім тутэйшым майстрам. Захавалася яна, на жаль, толькі фрагментарна.

 

З ЧЫСТАГА АРКУША

А вось гісторыя таго распяцця, якое цягам дзесяцігоддзяў вывучалі даследчыкі, ізноў пераўтварылася ў чысты аркуш. Зрэшты, ненадоўга, бо росшукі працягваліся. Як выявілася, гэты шэдэўр ацанілі таксама і акупанты: ён быў скрадзены і адпраўлены ў Германію.

— Мне ўдалося знайсці твор у вопісе вывезеных з Беларусі прадметаў, зроблены ў Мюнхене, — распавядае Станіслаў Чавус. — І тады стала зразумела: распяцце да вайны знаходзілася не ў Віленскім музеі, а ў Беларускім дзяржаўным — папярэдніку Нацыянальнага гістарычнага. Інвентарны нумар той самы, апісанне цалкам супадае з тым творам, які мы сёння бачым у зале музея. Ёсць і “асобая прыкмета”: шчыліна на скульптурным целе Хрыста ад ключыцы да сцёгнаў.

З часам Станіслаў Чавус здолеў высветліць і папярэдні этап гісторыі твора. У 1920-я ўкрыжаванне было перададзенае ў БДМ з Мсціслаўскага царкоўна-археалагічнага музея. Як адзначыў даследчык, у фондах Нацыянальнага мастацкага ёсць шэраг артэфактаў з падобным правенансам, і ўсе яны паходзяць менавіта з Мсціслава і ваколіцаў. Такім парадкам, і фігура Хрыста наўрад ці была выключэннем.

І тут узнікла новая загадка: якім чынам скульптура — а яна мае выразны ўплыў заходняга мастацтва — з’явілася ці не ў самым усходнім рэгіёне Беларусі? Прычым у адзінкавым экзэмпляры: аналагаў, якія б дазвалялі казаць пра існаванне нейкай мясцовай мастацкай школы, пакуль не выяўлена. Адказу на пытанне няма — хіба гіпотэзы.

Як тлумачыць Станіслаў Чавус, папершае, узораў старадаўняй скульптуры захавалася вельмі мала — добра калі адзін працэнт ад усіх назапашаных скарбаў. Адпаведна, матэрыялу для аналізаў навукоўцам бракуе.

Аднак ёсць яшчэ адна імаверная прычына: творы мастацтва нярэдка перамяшчаліся ў прасторы. Часам гэта было звязана з лёсам іх уласнікаў: скажам, шляхта мела маёнткі і фундавала касцёлы ў розных кутках краю. Часам — са стварэннем новых кляштараў таго ці іншага манаскага ордэна. У Мсціславе іх было некалькі: езуіты, кармеліты, бернардыны… Гіпатэтычна манахі аднаго з іх маглі прывезці “намоленае” распяцце з нейкага іншага кляштару.

Адным словам, лёс гэтага твора ў кожным разе цікавы ды інтрыгоўны. Хаця падрабязнасцямі “музейныя дэтэктывы” пакуль не гатовыя дзяліцца.

 

ПРАБЛЕМА — У ЛІПЕ

Адкрытым застаецца і пытанне датавання распяцця — тут і зачапіцца няма за што. За выключэннем, бадай, дадзеных дакладных навук, якія не так даўно дазволілі вызначыць гады заснавання Менеска з дапамогай дэндрахраналагічнага метаду. А паколькі ўкрыжаванне таксама зроблена з дрэва, магчыма, ён прымяняльны і тут?

— Каб вызначыць датаванне метадамі дэндрахраналогіі, патрэбныя спецыяльныя табліцы, якія ўключаюць дрэвы з дадзенага рэгіёна, пачынаючы ад сучаснасці і сканчаючы часам, калі быў выраблены твор, — тлумачыць Станіслаў Чавус. — Яны ёсць па дубе, часткова па хвойных пародах… Але па ліпе мы іх, на жаль, не маем. А скульптура вырабленая з ліпы.

Аднак пры гэтым даследчык не схільны меркаваць, што загадка твора ніколі не будзе разгаданая:

— Трэба разумець, што навука ніколі не заходзіць ў тупік. Таму веру, што некалі справа зрушыцца, — проста трэба гэтага дачакацца. Або лепей не чакаць, а працягваць пошукі.

 

СЕНСАЦЫЯ НАВІДАВОКУ

Не так даўно Станіслаў Чавус у сваіх сацсетках зрабіў заяўку яшчэ на адно адкрыццё. Гутарка ізноў вядзецца пра ўкрыжаванне, якое знаходзіцца, так бы мовіць, навідавоку — у цэнтральным алтары аднаго з мінскіх касцёлаў.

— У мінулыя часіны на Беларусі асаблівае шанаванне мелі не толькі абразы, найчасцей Маці Божай, але таксама і скульптуры, найперш — выявы Хрыста. Аднойчы мне патрапілася старая брашура, прысвечаная Ягелонскаму ўкрыжаванню, якое знаходзілася ў сяле Плябань на шляху з Мінска ў Маладзечна — калісьці яна мела назву Новае Краснае Сяло. У ХІХ стагоддзі Хрыста Краснасельскага, або Ягелонскага, ведалі далёка па-за межамі той вёскі, аднак цяпер пра яго прызабылі.

Калі верыць легендзе, гісторыя з’яўлення гэтай фігуры Хрыста вельмі даўняя і… вострасюжэтная. Уцякаючы ад пагоні, кароль Ягайла паабяцаў Богу збудаваць касцёл у тым месцы, дзе ён адчуе сябе ў бяспецы. Абяцанне выканаў. А найперш узвёў капліцу з укрыжаваннем. Было (ці, дакладней, магло быць) гэта, нагадаем, недзе на мяжы XIV і XV стагоддзяў!

Спраўдзіць легенду пакуль немагчыма: Ягелонскае ўкрыжванне, здавалася, знікла бясследна ў віхуры падзей. Ды нядаўна даследчык усё ж здолеў натрапіць на яго след. І стала гэта поўнай неспадзяванкай…

— На вокладцы брашуры быў здымак Ягелонскага распяцця, — кажа Станіслаў Чавус. — І нешта яно мне нагадала... Урэшце я ўспомніў пра тое ўкрыжаванне, якое цяпер знаходзіцца ў Кальварыйскім касцёле. Параўнаўшы абодва, я прыйшоў да высновы: магчыма, гэта адзін і той самы скульптурны твор!

Пра гісторыю распяцця пробашч касцёла шмат распавесці не змог: яно з’явілася яшчэ да прыходу святара на гэтую парафію. Раней усе лічылі, што скульптура, як і іншыя дэталі інтэр’еру, паўстала ўжо ў наш час.

— Верагодна, яно і сапраўды патрапіла ў Кальварыйскі касцёл пасля яго вяртання касцёла вернікам у 1980 годзе, — дадае Станіслаў Чавус. — Тым болей першы ксёндз, які тут служыў пасля аднаўлення дзейнасці храма — Ян Адамовіч, — прыязджаў на Кальварыю з сяла Краснае, што суседнічае з Плябанню. Адпаведна, мог перавезці ў Мінск і старадаўняе ўкрыжаванне.

Зрэшты, як адзначае даследчык, гэта толькі гіпотэза. Датаваць скульптуру больш дакладна можна будзе адно пасля яе дэталёвага вывучэння. Станіслаў Чавус спадзяецца, што неўзабаве навукоўцы такую магчымасць атрымаюць. І хто яго ведае, можа, у тым самавітым і зацішным кутку старога Мінска з’явіцца новая рэліквія, якая будзе прывабліваць пілігрымаў і простых турыстаў? Ці, дакладней, не з’явіцца, але адкрыецца — бо распяцце даўно ўжо размешчана ў касцёле на самым бачным месцы.

Як прызнаўся даследчык, легендзе з уцёкамі Ягайлы ён асаблівай веры не дае. Але гэта не выключае, што ўкрыжаванне можа быць вельмі старадаўнім і каштоўным помнікам нашай мастацкай спадчыны. А да ўсяго — і сведкам забытых сёння народных традыцый. Якія, на шчасце, у нас часам уваскрасаюць ледзь не з нябыту.

 

ДЗЕ КОПІЯ, А ДЗЕ АРЫГІНАЛ?

Яскравы прыклад — вяртанне колішняй славы іконы Божай Маці Барунскай. Гісторыя гэтага абраза не менш даўняя ды цікавая, ніж Будслаўскага, традыцыі ўшанавання якога прызнаныя ЮНЕСКА важным набыткам спадчыны ўсяго чалавецтва. І паколькі лёс іконы — як, зрэшты, і храма ды саміх Барунаў, — надзвычай пакручасты, сёння ніхто не ведае адказу нават на самае простае пытанне: ці з’яўляецца абраз, размешчаны ў бакавым алтары касцёла ў Барунах, арыгіналам XVII стагоддзя?

— Сярод даследчыкаў даўно існуе думка, што гэта позняя копія. Арыгінал жа быў страчаны падчас апошняй вайны, — кажа Станіслаў Чавус. — Аднак я вырашыў гэта спраўдзіць — і выправіўся ў Баруны.

Атрымаць доступ да той іконы, змешчанай наўпрост у алтары, у даследчыка не атрымалася. Але ў плябаніі пробашча знайшоўся яшчэ адзін яе спіс, які раней знаходзіўся ў храме.

— Мяне гэты абраз вельмі заінтрыгаваў, — прызнаецца суразмоўца. — Выява Маці Божай здаецца зусім свежай, але рэльеф паказвае: гэта пазнейшы запіс, а пад ім ёсць іншыя. Папрасіў паказаць адварот — і выявілася, што матэрыял адносна новы, але ж паміж ім і фарбай ёсць яшчэ слой марлі. Гэта след той тэхналогіі, калі выява пераносіцца з дрэва на палатно!

Тут мастацтвазнаўца прыгадаў вядомыя звесткі з гісторыі іконы. На пачатку яна была намаляваная, як і належыць, на дошцы. Аднак ужо ў савецкі час выяву абраза Барунскай Маці Божай літоўская рэстаўратарка Алена Шмігельскайтэ перанесла з ужо амаль струхнелага дрэва на палатно. Адпаведна, з’явілася версія, што ікона і з’яўляецца арыгіналам XVIІ стагоддзя!

 Зрэшты, даследчык не спяшаецца з высновамі: да правядзення ўсебаковых даследаванняў яны будуць заўчаснымі. І спадзяецца, што неўзабаве спецыялісты змогуць праліць новае святло на і без таго няпростую гісторыю адной з самых шанаваных у Беларусі абразоў Божай Маці.

…Калі старадаўняя мастацкая спадчына Беларусі ацалела хіба на адзін працэнт, то ведаем мы пра яе, мабыць, яшчэ меней. Нягледзячы на такі сціплы вынік, мой суразмоўца поўны аптымізму: ён не сумняецца, што цікавых задач хопіць яшчэ для многіх пакаленняў мастацтвазнаўцаў. Ды і навуковыя метады не стаяць на месцы… А таму можна з пэўнасцю казаць: новыя адкрыцці абавязкова будуць!

Ілья СВІРЫН. Фота аўтара і з архіва героя