Маладзёжна, аркестрава, зладжана

Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета выступіў 24 лістапада ў Маскве і 25-га ў Мінску. Канцэрты сталі вынікам буйнога праекта Саюзнай дзяржавы.

Аркестр быў створаны ў 2008 годзе — як адна з праяў сусветнай тэндэнцыі супрацоўніцтва творчай моладзі ў галіне культуры. Пазней быў перапынак, выкліканы пандэміяй. А ў 2023-м дзейнасць калектыву аднавілася. І калі раней яго ўзначальвалі розныя знаныя дырыжоры, дык цяпер ужо трэці раз запар працэсам кіруе славуты Юрый Башмет.

Склад аркестра, зразумела, штогод змяняецца. Бо гэта не ўстойлівая канцэртная адзінка з распісанымі планамі рэгулярных публічных выступленняў і гастроляў. І нават не звычайны вучэбны калектыў з разраду тых, што дапамагаюць музыкантам больш асэнсавана ўявіць сабе далейшую прафесійную дзейнасць.

Гэта маштабны, аб’ёмны праект, які ўключае ў сябе не толькі ўласна аркестравае музіцыраванне, але і папярэдні рэпетыцыйны перыяд, багаты на майстар-класы з вядучымі прафесіяналамі. У праект трапляюць лепшыя маладыя музыканты розных спецыяльнасцей — пераважна студэнты музычных ВНУ абедзвюх краін, але сустракаюцца і навучэнцы спецыялізаваных каледжаў.

Выканаўцаў, што прайшлі папярэдні адбор, чакае напружаная праца. Спачатку яны вучаць свае партыі, каб дабіцца дасканалай інтэрпрэтацыі. Прыблізна за тыдзень да першага выступлення ўсіх удзельнікаў збіраюць у Маскве, дзе з імі займаюцца вопытныя выкладчыкі і старэйшыя калегі. Ідуць і аркестравыя рэпетыцыі, і заняткі ў групах, і нават індывідуальныя кансультацыі. Бо выкананне на кожным інструменце мае свае асаблівасці, а група аднолькавых ці падобных тэмбраў павінна гучаць роўна, як адзінае цэлае.

Сёлета сярод прафесуры, што дае такія майстар-класы, задзейнічаны і трое прызнаных беларускіх прафесіяналаў. Усе яны — выпускнікі розных гадоў нашай Акадэміі музыкі. Флейтыст Арцём Нямірскі і трубач Максім Паліенка, апроч выкладання, іграюць у сімфанічным аркестры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Кларнетыст Віталь Зубраўскі — артыст вядучага калектыву сталічнай філармоніі — Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра.

Сярод удзельнікаў праекта — 29 студэнтаў нашай Акадэміі музыкі і адзін прадстаўнік Рэспубліканскай музычнай гімназіі-каледжа пры гэтай ВНУ. А таксама 60 маладых музыкантаў з усіх куткоў Расіі: акрамя Масквы і Санкт-Пецярбурга, з Астрахані, Екацярынбурга, Казані, Набярэжных Чалноў, Нарыльска, Ніжняга Тагіла, Новарасійска, Новасібірска, Омска, Пярмі, Разані, Растова-на-Доне, Севастопаля, Сыктыўкара, Чэбаксар, Яраслаўля…

— Удзел у такім аркестры дае ўнікальныя магчымасці для творчай моладзі, — гаворыць прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дацэнт кафедры духавых інструментаў і аркестравага дырыжыравання, кандыдат мастацтвазнаўства Максім Шкулепа. — Маю на ўвазе не толькі выступленні на дзвюх найбуйнейшых акадэмічных пляцоўках Саюзнай дзяржавы — у Вялікіх залах Маскоўскай кансерваторыі і Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Для студэнтаў гэта не проста канцэртная падзея, а важны арыенцір і прыклад таго, куды іх рухае прафесійная музычная адукацыя.

Асаблівая каштоўнасць праекта — у аб’яднанні маладых талентаў Беларусі і Расіі. Гэта жывая мадэль прафесійнай музычнай супольнасці. Праца ў інтэрнацыянальным калектыве, узаемадзеянне з маэстра такога ўзроўню, як Юрый Башмет, выступленні на найлепшых сцэнах — усё гэта задае высокую планку для творчага і прафесійнага росту студэнтаў.

Праграма праекта сімвалічная і глыбока выхаваўчая: яна прысвечана памяці Вялікай Айчыннай вайны і 185-годдзю з дня нараджэння Пятра Ільіча Чайкоўскага. Гучанне “Рэквіема” Кузьмы Бадрова на вершы Роберта Раждзественскага і Пятай сімфоніі згаданага генія паказвае, як праз мастацтва асэнсоўваюцца ключавыя гістарычныя і духоўныя тэмы, як класічная музыка становіцца мовай памяці і дыялогу пакаленняў. Ва ўмовах няпростага сусветнага кантэксту такія праекты чарговы раз дэманструюць, што класічнае мастацтва застаецца прасторай супрацоўніцтва, узаемнай павагі і стварэння, а не разбурэння.

Падтрымка з боку Міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы падкрэслівае стратэгічнае значэнне праекта: фарміруецца адзіная культурная прастора, у якой сённяшнія студэнты Акадэміі музыкі заўтра стануць вядучымі выканаўцамі, педагогамі і лідарамі музычнага жыцця.

Дарэчы, ідэя стварэння Рэквіема “Вечная памяць героям” на вершы Роберта Раждзественскага належала Юрыю Башмету і “Рускаму канцэртнаму агенцтву”, якія і прапанавалі кампазітару Бадрову яе матэрыялізаваць. Прэм’ера адбылася ў 2021-м, у выкананні Усерасійскага юначага аркестра на ІІ Маскоўскім міжнародным зімнім фестывалі Юрыя Башмета. Чытальнікам, як і цяпер, выступіў адзін з культавых акцёраў тэатра і кіно Сяргей Гармаш.

А праз некалькі месяцаў, 9 мая таго ж года, на Міжнародным фестывалі Башмета ў Яраслаўлі адбылася прэм’ера другой рэдакцыі, для якой кампазітар стварыў некалькі харавых нумароў.

У Маскве да Маладзёжнага аркестра дадаўся студэнцкі хор тамтэйшай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага. А ў нас — хор нашай Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка. Атрымалася сапраўднае сяброўства дзвюх краін, розных пакаленняў, класікі і сучаснасці.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА