На 29 спектакляў з шасці краін — 12 узнагарод: ХХІХ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа” падвёў вынікі. Сярод найлепшых у розных намінацыях — дзве пастаноўкі айчынных калектываў: з Магілёва і Бабруйска.

Тэатральны форум у Брэсце доўжыўся восем дзён: з 5 па 12 верасня публіку радавалі як класічныя спектаклі, так і сучасныя інтэрпрэтацыі твораў вядомых драматургаў.
Пераможцаў вызначаў экспертны савет на чале са старшынёй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, доктарам мастацтвазнаўства Веранікай Ярмалінскай. Ацэнкі складаліся са штодзённых публічных абмеркаванняў убачанага крытыкамі з Арменіі, Беларусі, Расіі. Па сутнасці ж пераможцамі аказаліся ўсе, пачынаючы з гледачоў. Бо кожны спектакль утрымліваў уласныя цікавосткі.
Але ж узровень любога фестывалю ці конкурсу вызначаецца не колькасцю дыпломаў, нават не сярэднестатыстычнай планкай мастацкіх знаходак, а тым, хто з найбольш моцных удзельнікаў на яго завітаў.
Сёлета такім лідарам аказаўся славуты ТЮГ імя А. Бранцава з Санкт-Пецярбурга, што атрымаў прыз глядацкіх сімпатый за неверагодна прыгожае, эстэтычна вытанчанае “Першае каханне” паводле І. Тургенева. “Найлепшым спектаклем тэатра драмы” стала “Улпан” з Алматы — таксама, можна сказаць, “тюгаўскай вытворчасці”, а дакладней, Казахскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра для дзяцей і юнацтва імя Г. Мусрэпава.

Спалучэнне даўніны з сучаснасцю, нацыянальных матываў з агульначалавечымі памкненнямі ў той ці іншай меры было ўласціва ўсім пастаноўкам.

А на першы план такая сувязь выходзіла ў зваротах да фальклору і аўтарскіх твораў гістарычнай тэматыкі. “За папулярызацыю нацыянальнага эпасу” вылучылі спектакль “Гуляем у Аланхо” з Якутыі. “За сучаснае ўвасабленне рускай класікі” — “Капітанскую дачку” з Северадзвінска, жанрава пазначаную як “электра-вулічны нуар” з жывым музычным выкананнем. “Найлепшым спектаклем для дзяцей” прызналі даволі фантазійныя, відовішчныя, вынаходлівыя па рэжысуры і мастацкім афармленні “Казкі Пушкіна” Омскага ТЮГа.
А адзін з найбольш важкіх дыпломаў справядліва атрымаў Магілёўскі абласны драматычны тэатр, бо яго “Гульцы” з цікавымі прыдумкамі і бліскучай ігрой артыстаў (у тым ліку на ўдарных музычных інструментах) сталі “Найлепшым спектаклем малой формы”. “За найлепшае візуальнае ўвасабленне” адзначылі “Матчына поле” з Ніжнякамска (Татарстан), дзе маналогі цэнтральнай гераіні чаргаваліся з разгорнутымі пластычнымі сцэнамі.“За развіццё традыцый камедыі дэль артэ на рускай сцэне”
— “Баладу пра рыцара Радрыга” з Пензы, бо італьянскі тэатр масак рушыў да праблематыкі маленькага чалавека, уласцівай мастацтву Расіі ХІХ стагоддзя. “Ноч у тэатры” з Таджыкістана па творах А. Чэхава ўзнагародзілі “За акцёрскае майстэрства”.
А да найлепшых жаночай і мужчынскай роляў (Любоў Савіна з Кургана і Андрэй Якаўлеў з Новасібірска) дадаўся спецдыплом “За ўвасабленне вобраза Эдыт Піаф” (Ларыса Пакрэўская з Бабруйска).

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіваў фестывалю