Таленты Беларусі — будучыня краіны

Апублiкавана: 03 снежня 2025 Стужка Афіцыйна не указан Фестывалі

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі адзначыць 30-годдзе ў студзені 2026-га. З нагоды юбілею Міністэрства культуры ініцыявала новы маштабны праект — рэспубліканскі фестываль “Таленты Беларусі — будучыня краіны”.

 

Сярод яго арганізатараў таксама — Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М. Фінберга, абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і многія іншыя. Праект накіраваны на папулярызацыю дзейнасці фонду, прафесійных і творчых поспехаў стыпендыятаў, колькасць якіх перавысіла 350 чалавек. Усяго ж спецыяльнай прэміі за ўвесь час удастоілася больш за 4,5 тысячы грамадзян і 375 калектываў. Заахвочваннямі “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” з 2024-га адзначаны заслугі 18 педагогаў і кіраўнікоў ансамбляў.

 

У ВАНДРОЎЦЫ ПА КРАІНЕ

Першы фестывальны вечар адбыўся 12 лістапада ў Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Р.Шырмы.

Затым “Таленты Беларусі…” сустрэла Віцебская абласная філармонія, Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н. Сакалоўскага.

Далей у маршруце былі Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, маладзечанскі Палац культуры, Палац культуры вобласці ў Магілёве.

— Аб’ехаўшы ўсе рэгіёны, фестываль прыбыў сёння, 3 снежня, у сталіцу. Фінальным акордам стане грандыёзны гала-канцэрт у вялікай зале Палаца Рэспублікі, што арганізуюць напрыканцы студзеня, — распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Кацярына Усава.

 

ДЗЕЛЯ ПРАФЕСІЙНАГА РОСТУ

Цэнтральны элемент праграмы ў кожным рэгіёне — канцэрт юных талентаў у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М. Фінберга. Дырэктар калектыву Людміла Манакова адзначае:

— Такія мерапрыемствы важныя для нас. Надаваць вялікую ўвагу маладым выканаўцам, развіваць іх творчыя здольнасці — традыцыя, закладзеная яшчэ Міхаілам Фінбергам. Трымаемся яе многія гады. Музычны праект “Мары дзяцінства” — адзін з прыкладаў нашай працы з таленавітай моладдзю. І мы з радасцю прымаем у склад аркестра інструменталістаў і вакалістаў з ліку стыпендыятаў. Дзякуючы своечасовай падтрымцы фонду, пачаткоўцаў заўважылі і ацанілі на нацыянальным узроўні, што дазволіла ім далучыцца да нас і павысіць майстэрства.

Як падкрэсліў мастацкі кіраўнік — галоўны дырыжор калектыву Максім Расоха, удзельнікі праекта “Таленты Беларусі…” прадстаўляюць вакальную, інструментальную і цыркавую творчасць. Дзеля гэтага зроблены аранжыроўкі нават таго матэрыялу, выкананне якога ў суправаджэнні аркестра не прадугледжана. На думку Людмілы Манаковай, шанц выступіць з такімі вядомымі і моцнымі артыстамі — адно з найлепшых заахвочванняў для маладых музыкантаў.

 

НЕ ТОЛЬКІ НА СЦЭНЕ

Акрамя канцэртаў ва ўсіх рэгіёнах, ладзяцца выставы жывапісу і дэкаратыўна-прыкладной творчасці стыпендыятаў, навучэнцаў школ мастацтваў і каледжаў сферы культуры.

Таксама адбудзецца ўсяго 39 майстар-класаў ад артыстаў аркестра, уладальнікаў прэміі “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі”, іншых педагогаў, аўтарскія методыкі і напрацоўкі якіх дазваляюць дасягаць поспеху на прэстыжных конкурсах і фестывалях.

Дарэчы, уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ, фота з адкрытых крыніц