Адкрываючы новыя магчымасці

Дзве нядаўнія прэм’еры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у Шанхаі. Першую — сёння, 27 кастрычніка.

Спектаклі РТБД будуць прадстаўлены ў межах XXIV Кітайскага Шанхайскага міжнароднага фестывалю мастацтваў і Восеньскага фестывалю. З 25 лістапада па 7 снежня ў Маладым тэатры (Theatre Young) — адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў мегаполіса — публіка ўбачыць “Вечар” паводле п’есы Аляксея Дударава і праект Цэнтра беларускай драматургіі “Май хомлэнд”. Абедзве пастаноўкі прагучаць на роднай мове з кітайскімі і англійскімі субцітрамі. Выступленні артыстаў у Шанхаі — іх першыя гастролі ў гэтым горадзе з насельніцтвам амаль 25 мільёнаў чалавек і тэатральным асяроддзем, што дынамічна развіваецца.

 

ЦІКАВАСЦЬ УЗАЕМНАЯ

— У сусветнай палітыцы трывала замацавалася паняцце “кітайскі эканамічны цуд”. За вельмі кароткі час краіна перажыла фенаменальныя якасныя перамены. Думаю, гэта ў многім стала магчымым дзякуючы ўнікальнай кітайскай культуры, традыцыям народа, сістэме чалавечых каштоўнасцей, — лічыць дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, рэ­жысёр Святлана Навуменка. — Калі паўтарамільярднае грамадства кансалідуецца, працуе на агульную ідэю — вось у чым, мабыць, галоўны цуд. І падобная еднасць выклікае каласальную павагу.

Кіраўнік адзначае:

— Мы адразу адчулі шчырую цікавасць тэатральнай супольнасці Шанхая да нашых прапаноў.

Паводле слоў Святланы Навуменка, падрыхтоўка была няпростай: патрабаваліся пераклады тэкстаў, адаптацыя матэрыялу і вялікі аб’ём арганізацыйнай працы. Але жаданне прадставіць сучасны беларускі тэатр на міжнароднай сцэне пераважыла ўсе цяжкасці.

— Вельмі хочам паказаць, на што здольны наш тэатр, паглядзець Шанхай і, галоўнае, закласці аснову доўгатэрміновага супрацоўніцтва, — падкрэслівае дырэктар.

 

ШТО ЎБАЧЫЦЬ КІТАЙ

У цэнтры спектакля “Вечар” тры старыя — Васіль, Ганна і Гастрыт. Яны жывуць у адной вёсцы і бавяць час разам: дзеці з’ехалі, а навокал нікога, акрамя Сонца, Неба, Зямлі ды радыё. Лірычная і светлая гісторыя самотных людзей, іх кахання, сяброўства і бацькоўства застаецца актуальнай і ў нашы часы.

“Май хомлэнд” — спектакль пра Радзіму, ідэнтычнасць і асабісты вопыт. Героі — звычайныя людзі, такія як сантэхнік Гена, што калісьці вывучыў фразу на англійскай: “Belarus is my homeland, the place where I was born. Belarus is beautiful and I love Belarus”, але цудоўна разумее яе сапраўдны сэнс.

— Гэты калектыўны праект — гісторыя пра ўсіх нас, якую кожны стварае сам, — адзначаюць у ЦБД.

Абедзве пастаноўкі выраслі з чытак, уключаны ў асноўны рэпертуар і з поспехам ідуць на вялікай сцэне.

 

ПАДРЫХТОЎКА — ГОД

Ідэю паўдзельнічаць у буйным кітайскім міжнародным форуме адной з першых прапанавала кіраўніца Цэнтра беларускай драматургіі Анастасія Васілевіч — і адразу ж прыступіла да рэалізацыі. Спектаклі абраў з рэпертуару РТБД кітайскі бок, улічыўшы канцэпцыю Шанхайскага фестывалю мастацтваў. Удзел у ім стаў лагічным працягам дзейнасці ЦБД, які актыўна развівае сучасныя фарматы, і тэатра, часткай якога цэнтр з’яўляецца.

Як кажа Анастасія Васілевіч, падрыхтоўчы працэс быў маштабным:

— Мы разумелі, што працуем над праектам, які можа стаць новым пунктам росту для ўсяго РТБД. Вялікая адказнасць — падрыхтаваць тэксты, адаптацыю для субцітраў, наладзіць камунікацыю з кітайскім бокам. Але для нас гэта не проста гастролі, а магчымасць заявіць пра беларускі тэатр на адной з самых прэстыжных сцэн Азіі.

Паводле слоў кіраўніцы ЦБД, адкрываецца некалькі ключавых перспектыў:

— Па-першае, наш тэатр атрымлівае пляцоўку для ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі іншай школы. Па-другое, удзел у буйным міжнародным форуме дазваляе гаварыць пра айчынную драматургію як пра самастойную мастацкую традыцыю, цікавую для гледача з іншай культурнай прасторы. І, вядома, для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі гэта шанц умацаваць партнёрскія сувязі, развіваць сумесныя праекты, абменьвацца вопытам і адкрываць новыя магчымасці аўтарам, акцёрам і рэжысёрам.

 

АСВЕТНІЦКІ БЛОК

Акрамя спектакляў, калектыў вязе ў Шанхай аб’ёмную адукацыйную праграму. Так, майстар-клас “Псіхалагічны тэатр і біямеханіка: Станіслаўскі і Меерхольд” правядзе Святлана Навуменка. З лекцыяй “Беларускі тэатр: гісторыя і сучаснасць” выступіць у публічнай бібліятэцы Анастасія Васілевіч. Таксама адбудзецца творчая сустрэча “Праца акцёра над роляй” з артысткамі Надзеяй Цвятковай і Ганнай Лебедзевай.

Усе гэтыя мерапрыемствы накіраваны на папулярызацыю айчыннага тэатральнага мастацтва і беларускай культуры ў цэлым.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіва РТБД