Міжнародны конкурс лічбавага мастацтва "КІНАМАТЫК — НЕЙРАСЕТКАВАЕ ВІДЭА"

Апублiкавана: 12 лiстапада 2025 Стужка Кіно не указан Конкурсы

Аўтар: Аўтары

Свет традыцый і сучасныя тэхналогіі сустракаюцца ў першым Міжнародным конкурсе лічбавага мастацтва "КІНАМАТЫК – НЕЙРАСЕТКАВАЕ ВІДЭА". Гэта творчы выклік для тых, хто гатовы спалучаць духоўнасць, культуру і найноўшыя магчымасці штучнага інтэлекту.

 

Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца Міжнацыянальны дзелавы сход Беларускага грамадскага аб'яднання "Русь ". Арганізатары — Міжнацыянальны дзелавы сход Беларускага грамадскага аб'яднання "Русь", Сінадальны аддзел па ўзаемадзеянні са свецкімі ўстановамі адукацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міжнародная грамадская арганізацыя "Саюз праваслаўных жанчын", Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз кінематаграфістаў".

 Мэта конкурсу — адкрыць новыя імёны і падтрымаць тых, хто праз лічбавае мастацтва хоча гаварыць пра традыцыі, духоўнасць, сямейныя каштоўнасці, веру і любоў да сваёй Радзімы.

 Прыняць удзел у творчым спаборніцтве могуць прадстаўнікі краін Еўразійскага эканамічнага саюза — ад вучняў да прафесіяналаў у галіне кінавытворчасці ва ўзросце ад 8 гадоў. У працэсе правядзення конкурсу могуць быць дабаўлены новыя краіны-ўдзельніцы, у тым ліку — нацыянальныя і этнічныя аб'яднанні.

 Трэба стварыць з дапамогай нейрасетак адно відэа працягласцю ад 30 да 60 секунд і даслаць яго да 31 снежня 2025 года на адрас: konkurs@kinomatic.ai.

Тэматыка шматгранная. Сярод тэм, што прапануюць арганізатары, — "Маці", "Мой храм", "Тры сястры", "З чаго пачынаецца Радзіма", "Сяброўства і таварыскасць", "Духоўнае багацце сям’і", "Старажытны горад" і іншыя.

Агульны старт мерапрыемстваў па стварэнні нейрасеткавага відэа — 21 лістапада.

Ініцыятыва скіраваная на выхаванне дзяцей і інтэлектуальнае развіццё дарослага пакалення на аснове патрыятызму, а таксама духоўна-маральных традыцый народаў краін-удзельніц.

Пераможцы атрымаюць дыпломы, каштоўныя падарункі ад арганізатараў, заснавальнікаў і партнёраў конкурсу, а таксама паломніцкія паездкі па праваслаўным Мінску.

Больш падрабязная інфармацыя — на сайце конкурсу (https://kinomatic.ai).

 РВУ "Культура і мастацтва" выступае інфармацыйным партнёрам Міжнароднага конкурсу "КІНАМАТЫК – НЕЙРАСЕТКАВАЕ ВІДЭА". На старонках газеты "Культура" і ў сацыяльных сетках мы будзем расказваць пра ўдзельнікаў, творчыя адкрыцці і наватарскія ідэі, што народзяцца на мяжы мастацтва і сучасных тэхналогій.

kultura-info.by