Служба рэстаўрацыі музейных каштоўнасцей Дзяржаўнага Рускага музея — адна з самых аўтарытэтных у Расіі. Яе гісторыя адмервае ўжо другое стагоддзе! Зразумела, прафесійнага досведу за такі час назапашана багата. І вось магчымасць пачарпнуць з гэтай скарбніцы займелі маладыя рэстаўратары з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Двухтыднёвая стажыроўка ў Санкт-Пецярбургу атрымалася насычанай: новыя практычныя веды, праца пад апекай прафесіяналаў, а таксама карысныя ў будучым кантакты з калегамі. Без сумневу, усё гэта прыдасца рэстаўратарам для іх працы ў родным музеі.
ПЛЁН СУПРАЦОЎНІЦТВА
Стажыроўка айчынных рэстаўратараў у Рускім музеі праходзіла ўпершыню. Хаця загадчык аддзела рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага Вольга Канаплёва прызналася, што даўно марыла накіраваць таленавітую моладзь “па навуку”. Ды справа гэта нятанная...

Яна Янішчыц
Сітуацыя змянілася дзякуючы інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне культуры. Стажыроўка маладых рэстаўратараў стала адным з яе вынікаў. Пуцёўкі ў скарбніцу прафесійнага досведу атрымалі Анна-Марыя Шпунт, Яна Янішчыц і Вольга Разумава, якія працуюць у штаце музея. Маладыя спецыялісты ўжо вызначыліся са сваім шляхам і нават зрабілі на ім першыя крокі — але патрабуюць падмацавання ведамі і досведам. І ахвотна гатовыя іх убіраць.
НА ПРАКТЫЦЫ
Навучанне ў майстэрнях Рускага музея мела практычны характар. Кожная з удзельніц стажыроўкі атрымала канкрэтную задачу — і канкрэтны прадмет, над якім належала працаваць. У выпадку з Вольгай Разумавай гэта паліхромная скульптура вышынёй болей за метр.

Вольга Разумава
— Зразумела, поўнасцю аднавіць такі вялікі твор за два тыдні немагчыма, — кажа яна. — Таму для мяне было важна “правільна пачаць”: распрацаваць методыку і падыходы. Прыкладам, нас навучылі, як належыць браць пробы з дрэва і фарбы, як іх падпісваць, як потым інтэрпрэтаваць вынікі хімічных аналізаў… Усё гэта было для мяне цікавым і карысным.
Анне-Марыі Шпунт, якая спецыялізуецца на рэстаўрацыі старых тканін, было даручана аднаўляць стулу — элемент літургічнага ўбрання каталіцкага святара, свайго кшталту аналаг епітрахілі ў праваслаўі.
— Прадмет зроблены з шоўку, а праца з такім матэрыялам вымагае ведання шматлікіх нюансаў: чыстка тканіны, яе пластыфікацыя, умацаванне, — распавядае рэстаўратар. — Скажам, спецыялісты музея правялі тэхніка-тэхналагічныя даследаванні галуноў з металізаваных нітак, што дапамагло мне падабраць спосаб іх ачысткі. У калекцыі нашага музея шмат рэчаў з шоўку, якія патрабуюць рэстаўрацыі. І атрыманыя падчас стажыроўкі веды мне прыдадуцца.
РОЗНЫЯ ШЛЯХІ ДА МЭТЫ
Выраз “Век жыві — век вучыся” для рэстаўратараў актуальны асабліва. Справа гэтая не менш датклівая за хірургію, і наўрад ці ў ёй можна карыстацца адно напрацаваным наборам алгарытмаў. Таму непасрэдны абмен досведам вельмі важны.
— Рэстаўрацыя ў кожнай краіне і нават у кожным музеі мае свае адметнасці, — расказвае Вольга Разумава. — Розныя погляды, падыходы, матэрыялы… Нехта аддае перавагу традыцыйным, а нехта актыўна выкарыстоўвае сінтэтыку. Нехта мяркуе, што рэстаўратары павінны аднаўляць страчаныя фрагменты твора, а нехта лічыць такое ўмяшальніцтва недапушчальным…
На працягу гэтых двух тыдняў нам было што абмеркаваць з калегамі. Такія дыскусіі ў нашай прафесіі вельмі карысныя. Адметнасці маюць і глыбокі гістарычны характар. Калі для шматканфесійнай Беларусі паліхромная сакральная скульптура — з’ява распаўсюджаная, то для Расіі яна хутчэй экзотыка.
Ёсць адчувальная розніца і ў традыцыях касцюма — як народных строяў, так і сакральнага адзення.

Анна-Марыя Шпунт
— Але ў плане рэстаўрацыі тканіны методыкі ў нас збольшага падобныя, — кажа Анна-Марыя Шпунт. — Вядома, спецыялісты Рускага музея маюць свае ноў-хаў, у іх болей досведу. Ёсць і чыста тэхнічныя нюансы — скажам, у плане выкарыстання клею або правядзення вільготнай ачысткі… Даведацца пра іншыя падыходы вельмі цікава і карысна. А напрыканцы стажыроўкі ў мяне з’явілася такая выснова: хай і рознымі шляхамі, але мы прыходзім да аднаго і таго самага добрага выніку. Старэйшыя калегі з Расіі са мною пагадзіліся.
КРЫНІЦА ЭНТУЗІЯЗМУ
На думку Вольгі Канаплёвай, яшчэ адзін несумненны плён такіх стажыровак — асабістыя кантакты, якія могуць прыдацца ў будучым. Асабліва важныя яны ў тых вузкіх спецыялізацыях, дзе прафесійны дыялог здатныя падтрымаць хіба адзінкі, — як, напрыклад, тая ж рэстаўрацыя паліхромнай скульптуры.
— Калі рэстаўратару бракуе стасункаў з калегамі з іншых краін, яму даводзіцца нярэдка вынаходзіць ровар, — перакананая Вольга Міхайлаўна. — Важна, каб была магчымасць параіцца, падзяліцца думкамі… Стажыроўка такія кантакты дазваляе наладзіць. Да таго ж яна пашырае кругагляд, дапамагае атрымаць новыя веды і навыкі. І… дадае ўпэўненасці: мы ў нашым музеі ўсё робім правільна!
Дзелячыся ўражаннямі ад стажыроўкі ў знакамітым музеі, маладыя рэстаўратары падкрэслівалі, што асноўныя прынцыпы і методыкі працы з музейнымі прадметамі вытрымліваюцца ў Беларусі няўхільна. І з расійскімі калегамі мы размаўляем на агульнай мове.
— Калі разумееш, што робіш не горай за іншых, — пагадзіцеся, гэта натхняе і дадае энтузіязму! — кажа Вольга Канаплёва. — А ён вельмі спатрэбіцца моладзі ў далейшай працы.
Ілья СВІРЫН. Фота з архіваў гераінь