Працягваем расказваць пра пераможцаў конкурсу на саісканне прэмій Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва.

У бібліятэчнай справе, абагнаўшы сем канкурэнтаў, стала лідарам Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага. І не дзіва. Такой колькасцю праектаў, напэўна, мала хто можа пахваліцца. Прычым усе накіраваны на папулярызацыю чытання.

Напрыклад, ініцыятыва “БІК: бібліятэка, інклюзія, культура” разлічана на тое, каб зацікавіць кнігай дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Хлопчыкам і дзяўчынкам, якія абмежаваны ў пэўных дзеяннях, работнікі скарбніцы чытаюць услых. А потым агучанае абмяркоўваецца. Дарэчы, гэты праект атрымаў прэзідэнцкі грант.

Сярод дарослых чытанне прасоўваецца праз ініцыятыву “Кніга кожнаму, кніга для кожнага”: сустрэчы з аматарамі літаратуры ладзяцца непасрэдна на прадпрыемствах, у арганізацыях і ва ўстановах. Як запэўніла дырэктар бібліятэкі Марына Ігнатовіч, гэта дзейсная мера. Пасля такіх імпрэз колькасць наведвальнікаў значна павялічваецца.

Да таго ж пастаянна праводзяцца гульні, віктарыны, квэсты па творах беларускіх і замежных аўтараў. Пры кніжнай скарбніцы ёсць аматарскія аб’яднанні для дарослых і дзяцей.
Працяг будзе.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва установы