Іванава: як справы?

Развіццё інфраструктуры, рэкордныя пазабюджэтныя даходы і бум творчага жыцця — ключавыя здабыткі Іванаўшчыны пасля атрымання звання “Культурная сталіца Беларусі — 2025”.

Прысваенне Іванава ганаровага статусу стала для раёна не толькі прызнаннем велізарнага патэнцыялу, але і магутным каталізатарам эканамічнага і інфраструктурнага развіцця. Па выніках дзевяці месяцаў, як паведаміла начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык, установы культуры дэманструюць уражальныя фінансавыя вынікі і рэалізуюць маштабныя праекты, выходзячы на якасна новы ўзровень працы.

Па словах Валянціны Андрэеўны, прэтэндуючы на статус, яны крыху хваляваліся, бо Іванава — цэнтр невялікага рэгіёна. І толькі пасля таго, як кампетэнтнае журы прызнала годным і культурны рэсурс, і гісторыю горада, і ўзровень мясцовых творчых калектываў, усвядомілі, якую вялікую адказнасць узяў на сябе раён.

Аднак статус дазволіў цягам года прэзентаваць культурны каларыт рэгіёна, яго самабытнасць, а таксама турыстычныя і эканамічныя рэсурсы Іванаўшчыны.

Даў магчымасць залучыць больш шырокае кола грамадскасці ў творчыя праекты, актывізаваць мясцовую культурную і краязнаўчую ініцыятыву, прыцягнуць у раён вядучыя калектывы і выканаўцаў з усёй Беларусі і з-за мяжы.

І безумоўна, стымуляваў мясцовыя ўстановы культуры выйсці на вышэйшы ўзровень правядзення як традыцыйных брэндавых фестываляў, так і новых міжнародных мерапрыемстваў. Прыкладам, фестывалі фальклору “Мотальскія прысмакі”, “Фальклор без межаў”, джазавай музыкі, цыкл вечароў арганнай музыкі. На працягу трох кварталаў ва ўсіх значных падзеях, уключаючы святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі, Дня Незалежнасці і Дня горада, удзельнічалі вядучыя калектывы краіны. 18 кастрычніка разгарнуўся музычны праект з удзелам струннага аркестра Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Міхаіла Фінберга.

Колькасць разнастайных імпрэз павялічылася ў разы, а работнікі культуры адчулі, што іх дзейнасць павінна быць яшчэ больш шырокай, актыўнай і якаснай. Наперадзе жыхароў і гасцей рэгіёна чакае не менш шчыльны графік разнастайных імпрэз.

Асаблівая ўвага ў рамках рэалізацыі праграмы “Культурная сталіца — 2025” была нададзена ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы сферы культуры.

— Мы атрымалі даволі вялікую суму фінансавання — 874 тысячы рублёў — на арганізацыю і правядзенне бягучых рамонтаў, — падкрэсліла начальнік аддзела культуры. — Дзякуючы такой падтрымцы новы воблік, эстэтыку і стан атрымалі Іванаўскі раённы цэнтр культуры і народных традыцый, дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў, цэнтральная раённая бібліятэка. Мы паспелі правесці рамонты ў летні перыяд. І ўжо прымаем наведвальнікаў, чытачоў і гледачоў у абноўленых будынках.

Паралельна вяліся работы па рамонце і стварэнні новага аб’екта — Галерэі славы знакамітых землякоў. Яго першую чаргу адкрылі да Дня горада, а цалкам экспазіцыя будзе гатовая да новага года. Акрамя таго, у лістападзе плануецца ўстанавіць арт-аб’ект — цэнтральны сімвал горада як культурнай сталіцы Беларусі. Ён застанецца напамінам пра важную веху ў гісторыі Іванава.

Адным з найбольш яркіх паказчыкаў эфектыўнай працы ў новых умовах сталі рэкордныя вынікі ў пазабюджэтнай дзейнасці устаноў культуры. Усведамляючы адказнасць перад дзяржавай, якая вылучыла сродкі, тут максімальна сканцэнтраваліся на эканамічных выніках.

— Назаву дзве асабліва значныя лічбы, — распавядае Валянціна Барадзінчык. — Мотальскі музей народнай творчасці свой даведзены план па стане на 1 кастрычніка 2025 года ў памеры 19 000 рублёў выканаў на 124 000 рублёў: болей чым 720% ад даведзенага плана. Раённы музейны комплекс выканаў план на 230% ад даведзенага плана. І падобнае можна сказаць па многіх калектывах сферы культуры нашага раёна.

Валянціна Андрэеўна таксама падкрэсліла, што вядзецца актыўная праца па прыцягненні спонсарскіх сродкаў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сферы культуры і арганізацыю брэндавых фестываляў. Гэта сведчыць аб сур’ёзным развіцці дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў рэгіёне. Адным з найбольш папулярных праектаў у рамках года культурнай сталіцы сярод мясцовых жыхароў стаў марафон “Галасы адзінства”. Падчас яго творчыя калектывы выязджалі з канцэртамі непасрэдна на прадпрыемствы і ў арганізацыі Іванаўскага раёна. Ініцыятыва дазволіла падарыць мастацтва тым, у каго не заўсёды ёсць магчымасць наведваць канцэртныя залы. Праграма наглядна прадэманстравала багаты творчы патэнцыял рэгіёна. Вельмі добры праект атрымаўся!

Па выніках дзевяці месяцаў Рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца Беларусі” зноў пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Для Іванаўскага раёна яна стала рэальным інструментам эканамічнага росту, інфраструктурнага абнаўлення і павышэння якасці культурнага жыцця. Наперадзе — рэалізацыя новых цікавых праектаў.

Віктар ГАЎРЫШ. Фота з архіва аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама