У сузор'і натхнення

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны харэаграфічны ансамбль “Сузор’е” Салігорскага Палаца культуры ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Ініцыятыва, што пачыналася з аднаго ўдзельніка, сёння аб’ядноўвае сотні танцораў розных пакаленняў і напаўняе шахцёрскі горад святлом, рытмам і творчай энергіяй.

 

ДРЭВА ТАЛЕНТУ

— Ансамбль заснаваны ў 1999-м, — успамінае яго кіраўнік, выпускнік Універсітэта культуры і мастацтваў Вадзім Матанцаў. — Тады я вярнуўся ў родны Салігорск, і на базе гарадскога Палаца культуры мне прапанавалі стварыць калектыў — дзіцячы або моладзевы. Для мяне галоўным было адно: захаваць нацыянальны каларыт і развіваць беларускую народную харэаграфію. Спачатку прыйшоў усяго адзін чалавек. Шчыра кажучы, з’явілася сумненне: ці атрымаецца ўвасобіць задуму. Але ўжо праз тыдзень пачалі далучацца іншыя — пераважна маладыя рабочыя горада. Праз месяц у нас было каля 20 юнакоў і дзяўчат.

Так нарадзілася “Сузор’е”. У 2014-м гурт атрымаў званне “заслужаны”. Сёння ансамбль аб’ядноўвае болей за 400 удзельнікаў: ад малечы чатырох гадоў да танцораў, якім ужо за восемдзесят.

— Чаму такі шырокі ўзроставы дыяпазон? — разважае Вадзім Пятровіч. — Усё проста. Яшчэ калі ствараўся моладзевы склад, я разумеў: патрэбныя дзеці, каб з часам працягнулі справу. Так з’явіўся ансамбль “Зорачкі”, які пазней атрымаў званне “ўзорны”. Затым быў створаны фальклорны калектыў “Тапатушкі”, у складзе якога — сталыя танцоры ва ўзросце ад 50 да 80 гадоў.

Але на гэтым творчае дрэва не спыняе росту.

— Летась я ўзначаліў узорны ансамбль танца “Іскарка”, — працягвае Вадзім Матанцаў. — Гэты калектыў асабліва дарагі сэрцу: менавіта тут пачаўся мой уласны шлях у мастацтве. Яго заснавальніца — легенда харэаграфіі Майя Хоміч, якая больш за паўстагоддзя выхоўвала танцораў у Салігорску і пакінула пасля сябе вялікую школу. У знак павагі і ўдзячнасці я прапанаваў надаць калектыву імя яго стваральніцы — “Іскарка імя Маі Цітаўны Хоміч”. Так на нашым творчым дрэве з’явілася яшчэ адна яркая галіна.

Сёння пад крылом Вадзіма Матанцава заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны харэаграфічны ансамбль “Сузор’е”, узорныя “Зорачкі” і “Іскарка”, народны ансамбль “Тапатушкі”. Разам яны ўтвараюць сапраўдны сусвет, дзе кожная зорка свеціць па-свойму, напаўняючы культурную палітру горада святлом, рухам і душой.

 

ЗЗЯННЕ ВЯРШЫНЬ

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь стала заканамерным вынікам шматгадовай натхнёнай працы калектыву.

— Усе нашы ўзнагароды — найперш заслуга выканаўцаў і педагогаў, — адзначае Вадзім Матанцаў. — Шматлікія гастролі, перамогі на міжнародных і нацыянальных конкурсах — трывалы падмурак, які адкрыў нам шлях да высокага прызнання. Так сярэбраны медаль, заваяваны на Міжнародных Дэльфійскіх гульнях у Кыргызстане, натхніў нас падаць заяўку на запаветную прэмію.

За плячыма калектыву — насычаная канцэртная і фестывальная геаграфія. Сярод апошніх выступленняў — удзел у гала-канцэрце майстроў мастацтва Мінскай вобласці ў межах рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня” (Мінск), у патрыятычным форуме, прысвечаным Дню народнага адзінства (Мінск), а таксама ў праграме грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства” (Маладзечна, Салігорск).

Ансамбль неаднаразова станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Дэнс-кангрэс” і годна прадстаўляў Беларусь на міжнародных пляцоўках: фестывалі “Масты над Нявой” (Санкт-Пецярбург), IV Усерасійскім конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Ружа вятроў” (Ніжні Ноўгарад) ды іншых прэстыжных форумах. Сёлета творчая каманда запрошана прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. “Сузор’е” актыўна ініцыюе і ўласныя праекты.

— Чатыры гады таму атрымалі грант Прэзідэнта на правядзенне Міжнароднага фестывалю харэаграфічнай творчасці. Так з’явіўся фестывальконкурс “TERRICON”, — расказвае Вадзім Матанцаў. — 24 і 25 кастрычніка ў Салігорску прайшоў ужо чацвёрты сезон. У наш горад прыехалі замежныя госці і вядучыя танцавальныя калектывы краіны. Самі не выходзім на сцэну як канкурсанты — наша задача стварыць падзею высокага ўзроўню, якая прынясе сапраўднае задавальненне як артыстам, так і гледачам.

 

ЭНЕРГІЯ РУХУ

— Кожная харэаграфічная кампазіцыя нараджаецца з сэрца, — раскрывае сакрэт творчага поспеху Вадзім Матанцаў. — Натхненне можа прыйсці адусюль: ад прыроды, жывапісу, музеяў, падарожжаў ці новых знаёмстваў. Працуем у шырокім жанравым спектры — ад народнай і фальклорнай харэаграфіі да класічных, эстрадных і сучасных вулічных стыляў, такіх як хіп-хоп і стрыт-дэнс.

Моладзь імкнецца да свабоды самавыяўлення, а старэйшае пакаленне захоўвае культурную спадчыну. Гэтае гарманічнае спалучэнне надае калектыву адметны і пазнавальны воблік. Менавіта сінтэз традыцый і інавацый, узаемадзеянне пакаленняў і няспынны пошук ідэй вывелі “Сузор’е” ў лідары нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва.

— Спачатку чалавек стварае імідж, а потым імідж працуе на яго, — заўважае кіраўнік. — Сёння бацькі прыводзяць дзяцей да нас, бо ведаюць: тут не проста заняткі, а сапраўдная школа жыцця і творчасці. Для мяне важна, каб усё, што робім, мела глыбокія карані, развівалася і давала новыя парасткі.

У гэтым — сутнасць мастацтва. З таго, што калісьці было ідэяй, вырас танцавальны рух, які стаў часткай культурнага аблічча Салігорска і Беларусі ў цэлым. І як у сапраўдным сузор’і, тут нараджаюцца новыя яркія зоркі, што неўзабаве заззяюць на творчым небасхіле краіны.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву