Як працуе памяць? І пры чым тут лыжы?

Апублiкавана: 22 кастрычнiка 2025 Стужка не указан Мінск Музейная прастора

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Ідучы на юбілейную мастацкую выставу, у назве якой ёсць слова “архіў”, думаеш убачыць рэтраспектыву “правераных часам”  твораў, з якіх дзеля такой нагоды быў сцёрты музейны пыл. Аднак Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь чаканні не спраўдзіў. Да дзясятых угодкаў установа (якая, дарэчы, мае неблагія фонды) прапанавала публіцы не падсумаванне мінулага досведу, а цалкам новы і арыгінальны праект.

Праект адлюстроўвае тэму зменлівай памяці — асабістай, сямейнай ды калектыўнай. Экспазіцыя “Архіў. Прастора паміж…” ставіць пад пытанне саму магчымасць аб’ектыўнага ды неперадузятага погляду на пройдзены шлях — нават на ўласны. Бо ў спробы нашай свядомасці рэканструяваць “карціну мінулага” заўсёды будуць умешвацца розныя “бітыя пікселі” ды іншыя хібы. Зрэшты, як выявілася, яны могуць стаць добрым “палівам” для творчых праектаў. Адкрывае выставу зала і сапраўды “архіўная”: 10 супрацоўнікам НЦСМ — ад кіраўніцтва да музейнага наглядчыка — было прапанавана абраць з фондаў па адным творы на ўласны густ.

Гэтую задуму таксама можна назваць канцэптуальным праектам у модным сёння рэчышчы інстытуцыянальнай крытыкі. Яна паказвае, што ўсе рэйтынгі ў мастацтве суб’ектыўныя: іх фарміруюць людзі, абапіраючыся на свае ўяўленні пра хараство і актуальнасць. Зрэшты, нічога апрыёры дрэннага тут няма. У падборку патрапілі цікавыя ды разнастайныя творы.

Чаго вартая хаця б малавядомая сюррэалістычная карціна Селешчука! Побач — асабістыя рэчы згаданых супрацоўнікаў: крэсла, кубак, лінейка...Гэты жэст не пазбаўлены іроніі. Калі многія мастакі цягнуць у выставачную прастору неўласцівыя ёй прадметы (прыём ready made не губляе актуальнасці больш за стагоддзе!), дык чаму б тое самае не зрабіць людзям, якія тут працуюць? Пагатоў ім бліжэй несці — з кабінетаў у залу.

 

ЗДЫМКІ З МАРСА І “РАСФАРБОЎКІ” ФАКСА

Здавалася б, самы надзейны метад архіўнай “кансервацыі рэчаіснасці” — фатаграфія. Аднак і тут падводныя камяні. На выставе — шэраг праектаў, што паказваюць: гэты метад фіксацыі — небясхібны.

Мэтр беларускай фатаграфіі Вадзім Качан не так даўно надрукаваў здымкі з негатываў са свайго архіва, зробленых дзесяцігоддзі таму. На картках натуральным чынам праявіўся час — у выглядзе белых плям пашкоджанай эмульсіі…

Іншая аўтарка, Ірына Багдусевіч, нагадвае: частка відарыса можа сцерціся, знікнуць — і тады яе давядзецца рэканструяваць. Пункцірнымі лініямі, як у дзіцячых часопісах.

Сяржук Мядзведзеў таксама выкарыстоўвае старыя негатывы, быццам выпадкова набытыя на “барахолцы”. У эпоху аналагавага фота да іх не дайшлі рукі, і негатывы засталіся пустымі. І вось ужо сённяшні творца вырашыў усё ж даць ім пуцёўку ў жыццё. Аднак разам з любымі беларускімі пейзажамі майстра на паперы раптоўна сталі ўзнікаць прывідныя дзівосы. Як выявілася, фотастужка была не простай, а чароўнай — здатнай зафіксаваць нябачныя воку сусветы. Калі гэты праект Сержука Мядзведзева толькі выклікае сумневы ў праўдзівасці, то другі адназначна з’яўляецца мак’юментары, прыдумкай. Аўтар адшукаў чамадан Язэпа Драздовіча, у якім сярод іншага былі фота, зробленыя слынным візіянерам… на Марсе. Зрэшты, і ў гэты арт-фэйк нехта ды паверыў. Пагатоў у наш век менавіта здымкі (найчасцей сэлфі) становяцца дакументальным доказам наведвання той ці іншай мясціны.

Ігар Нікалаенка выкарыстоўвае чужыя фота вельмі спецыфічным чынам. Карткі з альбомаў 1980-х надрукаваны на факсавай паперы (тады факс быў навінкай тэхнікі). Зразумела, колер і якасць згубіліся — як і эмацыйная насычанасць успамінаў. Але кожны глядач вольны выправіць гэты непазбежны ўплыў гадоў. Уладкаваўшыся на малюткім крэселцы, якое паходзіць з той жа эпохі, ты можаш расфарбаваць пабляклыя выявы алоўкамі — як некалі ў дзіцячым садку. Хаця сядзець на такім крэселцы даросламу не надта ўтульна…

 РАЗБІТЫЯ ТАЛЕРКІ

Мастачка Вольга Маслоўская прапанавала свой спосаб зафіксаваць ход часу. Цягам трох месяцаў яна штодня разбівала аб цагляны мур у двары дома талерку ці нейкі іншы прадмет начыння. Відэа гэтага метадычнага перформанса можа нагадаць сумныя высновы Эклезіяста. Аднак ролік таксама дапамагае наведвальніку засяродзіцца на пражыванні часу — уласнага, зразумела. І падумаць, ці не быў гэты дзень падобным да разбітай талеркі.

Іншая ўдзельніца выставы, пад псеўданімам Бетонамяшалка, выбірае не менш вынаходлівы спосаб заархіваваць час. Яна калекцыянуе талончыкі на транспарт, скасаваныя ўласнаруч. Побач з імі — сціслыя каментарыі, якія адлюстроўваюць жыццёвыя падзеі, эмацыйны стан або актуальны на той момант гардэроб гераіні. Праект нагадвае: многія важныя рэчы здараюцца ў будзённых і даволі банальных абставінах. Хаця самі абставіны не могуць быць перашкодай для значных падзей, знешніх ці ўнутраных.

 

БІТУМ ЯК КАНСЕРВАНТ

Як жа тады захаваць непарушным тое, чым сёння мы даражым? Анастасія Серганёва прапануе нестандартны сродак кансервацыі — бітум. Яе праца “Забыццё. Вечнасць пахне нафтай” мае два складнікі. Першы — асабісты ліст, напісаны чыёйсьці рукою ў далёкім 1956-м. Другі — той самы прадукт з нафты. Ён паступова паглынае радкі, надзейна іх архівуючы — але адначасова і знішчаючы. “Бітум у гэтай інсталяцыі выступае як сімвал «вечнасці»”, — тлумачыць мастачка.

Скульптар Кірыл Крахалёў звяртаецца да ўласцівага яго прафесіі сродку “захавання для вечнасці” — гіпсу. Гераіня перформанса спярша архівуе ў гэтым матэрыяле ўласныя рэчы, потым — сябе. Твор таксама артыкулюе пакутлівы выбар: ці варта зберагаць нешта жывое такой цаной? Варыянт адказу можна знайсці ў суседняй зале.

Аліна Сінкевіч і Паліна Корзун-Фомчанка назвалі свой фільм “Нельга захаваць навечна”. Мастачкі выкарысталі ўласную інсталяцыю ў літаральным сэнсе як паліва для новага твора — прыгожай дакументацыі знішчэння першага. Ад яго застаецца толькі жменька попелу, аднак тая энергія, якая выпраменьваецца пры згаранні, уражвае не менш за саму інсталяцыю.

Суб’ектыўнасць і “ненадзейнасць” памяці аспрэчыш хіба жартам — што і робяць Анастасія Вусік і Алёна Сінкевіч. Яна ператварыла адзін з закуткоў НЦСМ у навуковую лабараторыю, дзе наведвальнікі могуць апісаць свае ўспаміны з дапамогай дбайна прадуманых крытэрыяў, трымаючы ў руках адмысловы кубік Рубіка.

 

КАТАЛАГІЗАЦЫЯ ПУСТЭЧЫ

Традыцыйныя віды мастацтва на выставе таксама прысутнічаюць, але ж іх аўтары ссоўваюць акцэнт з візуальнага на канцэптуальны складнік.

Валерый Карпянкоў разглядае скульптуру як архіў дотыкаў пальцаў. Адпаведна, зробленыя ім бюсты важныя найперш як адзіны спосаб зафіксаваць тактыльнасць.

Кірыл Крахалёў заняўся каталагізацыяй пустэчы. Набраўшы на сметніках упакоўкі ад тавараў, скульптар выкарыстаў яе ў якасці формы для бетонных злепкаў. Такім чынам аўтар паспрабаваў захаваць і “ўвекавечыць” тое, што ад пачатку асуджана на ўтылізацыю.

 

СЯМЕЙНЫЯ ФОТА З КРЫЛАМІ

Архівы — з’ява не толькі глабальная. Яны здавён ствараліся ў кожным доме. Сведчанне таго — прыгожа аздобленыя сямейныя альбомы.

Паліна Міцкевіч выцягнула з шафы спадчыну маці і бабулі, каб распрацаваць свой праект. Аточаны аксамітам альбом прадстаўлены як рэліквія, перад якой трэба ўкленчыць на адмысловай пунсовай падушцы. Аднак, раскрыўшы гэты фаліянт, мы бачым не сапраўдныя здымкі, а фантасмагарычныя выявы, на якіх продкі мастачкі маюць крылы або вушы эльфаў. Аўтарка перамалявала родзічаў з фота, дадаючы дэталі “ад сябе”. Навошта? Яна ўкладае сямейны альбом ад імя дзіцяці, чый светапогляд арганічна сумяшчае фантазіі і рэальнасць. Як падкрэслівае Паліна Міцкевіч, дарослым у гэтым выпадку таксама ўласцівыя свае гульні…

Аляксандр Трускоўскі зрабіў татальную інсталяцыю “Кабінет” там, дзе некалі і сапраўды знаходзіўся кабінет легендарнага Міхаіла Савіцкага. Але ж гэты праект далёкі ад па-музейнаму датклівай рэканструкцыі гістарычных інтэр’ераў. Мастак стварае выдуманую прастору, абуджае міф пра “патаемны пакой”, дзе жыццё ідзе паводле сваіх законаў. Глядач можа спрабаваць іх зразумець. Чаму жырандоль апушчана да самага стала, з якой прычыны вокны закладзены кавалкамі шкла, чаму знайшлося месца для цацачнай машынкі? І пры чым тут лыжы, якія стаяць побач? Аднак сам жанр татальнай інсталяцыі, якая літаральна паглыбляе публіку ў сваю прастору, звязаны найперш не з разуменнем, а з непасрэдным адчуваннем.

…Дарэчы, калі гутарка ідзе пра юбілей і падвядзенне вынікаў, варта адзначыць, што выкшталцоны “прыкладнік”-вітражыст Трускоўскі стаў вядомы таксама і як аўтар татальных інсталяцый дзякуючы НЦСМ.

 

MEMENTO MORI

Што можа выяўляць марнасць зямнога жыцця лепш за банкетны стол з брудным посудам? Свята скончылася, прыемныя імгненні прамінулі, пакінуўшы па сабе адны клопаты… Мастачка Аляксандра Баўтрук не проста “накрыла” такі стол. Яна пайшла далей: посуд упрыгожаны выявамі, зробленымі ў складанай тэхніцы надглазурнага роспісу. Навошта было гэтак высільвацца для ўвасаблення недаедзенай кімсьці салаты? Пэўна, каб метафарычна адлюстраваць недарэчнасць многіх іншых нашых старанняў, якія песцяць эга і павышаюць статус, але бачацца нікчэмнымі на фоне вечнасці. Творца канстатуе: якім бы дарагім ні быў абед, ад яго ўсё адно застанецца толькі брудная талерка.

Тэму “memento mori” працягвае праект Веранікі Архіпавай “Райскія сады”. Прыгледзеўшыся, можна зразумець: краскі на здымках — штучныя. Аднак яны сплецены з натуральнымі кветкамі і травою, што расце на старых магілах. Аўтарка рабіла фота на вясковых пагостах поўначы Беларусі. Адтуль і паўсцёртыя медальёны, дзе твараў ужо не відаць. “Магіла — канчатковы архіў чалавека. Апошняя ячэйка з персанальнымі дадзенымі”, — піша мастачка, маючы на ўвазе, вядома, нашу фізічную сутнасць — а не духоўную.

 

ГЕНЕТЫЧНЫ КОД ВАЛАСОЎ

Носьбіты памяці могуць быць самымі рознымі. Напрыклад, валасы — як у праекце Анастасіі Атакулавай і Вольгі Лорас. Мастачкі разглядаюць іх у якасці “працягу нашага цела, што мае моцнае сімвалічнае значэнне”. Часткай мультымедыйнай татальнай інсталяцыі стала архетыпічная жаночая фігура з вялізнымі, бы карані дрэва, косамі (прычоска будзе мяняцца). Яна — увасабленне пазачасавых сутнасцей, якія перадаюцца ў спадчыну ўжо многія стагоддзі. У апошнім можа запэўніць гукавая частка праекта — расповеды рэальных жанчын. Як выяўляецца, сакралізаваныя ўяўленні пра валасы не зніклі і ў тэхнакратычны век. Прыкладам, адна гераіня ўспамінае, што ў раддоме акушэрка загадала ёй распусціць касу ў самы адказны момант…

Адпаведна, валасы — невідавочны транслятар спадчыны і повязі паміж пакаленнямі. Да праекта дапасавана архіўнае відэа знакамітага перформанса Людмілы Русавай 30-гадовай даўніны, на якім мастачцы адсякаюць доўгія валасы. Яно, уласна, і завяршае выставу. Такі куратарскі ход нібы закальцоўвае гісторыю беларускага сучаснага мастацтва, нават паказвае яе як спіраль. З аднаго боку, у класікаў ёсць свае наступнікі, з другога — менавіта наступнікі не дазваляюць працам класікаў пакрывацца музейным пылам.

 

***

Як і належыць, юбілейная выстава атрымалася маштабнай, запоўніўшы ўсе залы экспазіцыйнай прасторы на вуліцы Някрасава. І паколькі плошчу эканоміць не даводзілася, творцы (пераважна маладыя аўтары, падтрымка якіх і з’яўляецца адной з галоўных задач НЦСМ) здолелі ўвасобіць свае задумы відовішчна ды пераканаўча.

Добра вывераная куратарская драматургія не дазволіць гледачу занудзіцца, нават калі ён правядзе на выставе пару-тройку гадзін. Наведвальніка чакае нямала неспадзяванак. Многія праекты не толькі адкрыты для інтэрпрэтацыі, але і маюць інтэрактыўны складнік. Гэта ўжо стала своеасаблівай фішкай НЦСМ.

Ахвотных паўдзельнічаць у прапанаваных мастакамі і куратарамі гульнях знаходзіцца багата. Магчымасць асабіста прыкласці руку да мастацтва — не проста займальны атракцыён для гледача, а пашырэнне інструментарыю аўтара. Да таго ж інтэрактыў стварае паралельныя (ці, хутчэй, гарызантальныя) каналы камунікацыі — не толькі паміж аўтарам і публікай, але яшчэ і паміж самімі гледачамі.

“Ад мяне камусьці”, — напісаў нехта на “расфарбоўцы” Ігара Нікалаенкі. Без сумневу, меседж быў атрыманы. Але найбольш уражвае іншы аспект “Архіва”: маладыя мастакі наважваюцца ўздымаць “вечныя” тэмы, якія не давалі спакою мыслярам і творцам усіх пакаленняў. Можа, хтосьці лічыць: выказвацца на гэты конт мовай сучаснага мастацтва немагчыма. Аднак выстава стала пераканаўчым аргументам на карысць адваротнага.

Ілья СВІРЫН. Фота аўтара