Падзея, якая не пакіне абыякавымі!

Апублiкавана: 10 кастрычнiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

 

У Магілёве 26 кастрычніка стартуе Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер”. Сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня яго заснавання.

 

Упершыню “Залаты шлягер” прайшоў у лістападзе 1995 года пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. І на сённяшні дзень гэта адна з самых чаканых і папулярных падзей для Магілёўшчыны, брэнд, паводле якога рэгіён ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

 

Мэта мерапрыемства заключаецца ў захаванні і прадаўжэнні лепшых традыцый музычнай культуры ў песенным жанры. Сярод задач фестывалю — аб'яднанне культурнай прасторы краін СНД і далёкага замежжа, пашырэнне міжрэгіянальных інтэграцыйных сувязей, а таксама развіццё пераемнасці пакаленняў у галіне культуры і мастацтва.

 

Арганізатары па добрай традыцыі абяцаюць здзівіць яркай і насычанай праграмай, якая прадстаўляе розныя творчыя напрамкі. Галоўнай падзеяй XXX Міжнароднага музычнага фестывалю “Залаты шлягер” стане гала-канцэрт урачыстага адкрыцця, які адбудзецца 28 кастрычніка ў Лядовым палацы Магілёва. На сцэну выйдуць прызнаныя зоркі эстрады: Аляксандр Ярмоленка і ансамбль “Сябры”, народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” і арт-група “Беларусы”, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, Жанэт, Ірына Дарафеева і Валерый Шмат, а таксама Аляксандра Гайдук, балет Вольгі Шамровай, шоу-балет “Сенсацыя”, народная артыстка Расіі Таццяна Аўсіенка, заслужаныя артысты Расійскай Федэрацыі Аляксей Глызін і Марына Хлебнікава і многія іншыя беларускія і замежныя выканаўцы і калектывы.

А правядуць мерапрыемства народны артыст Расіі Дзмітрый Харацьян, тэлевядучая Мар'яна Муранкова і прадстаўніца Беларусі на музычным конкурсе “Інтэрбачанне-2025” Анастасія Краўчанка.

На шматлікія мерапрыемствы жыхароў і гасцей Магілёўшчыны запросяць розныя ўстановы культуры рэгіёна. Так, напрыклад, у абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна можна будзе наведаць рэтравыставу “Па старонках « Залатога шлягера»”, пабываць на выставе-прэзентацыі выданняў знакамітых пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны “Таленты ад роднай зямлі” і на літаратурна-музычнай сустрэчы з удзелам беларускіх паэтаў “Натхнёныя восенню”. У Мастацкім музеі імя П.В. Масленікава будзе прадстаўлена рэтравыстава мастакоў магілёўскага краю “Наша мінулае XX стагоддзе”.

У Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Яўгена Глебава адбудзецца творчая сустрэча таленавітай моладзі вобласці з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь, загадчыкам кафедры эстраднай музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірынай Дарафеевай. Тут пройдуць і канцэрты-ўрокі з элементамі майстар-класаў ад беларускіх і замежных дзеячаў культуры. З аналагічнай мэтай наведаюць Дзіцячую школу мастацтваў №1 імя І.М. Лучанка салісты заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.

Юбілейны творчы вечар “Мы — разам” уладальніцы медаля Францыска Скарыны, вядучага майстра сцэны Магілёўскай абласной філармоніі, аўтара і выканаўцы песень Вольгі Гарнічар адбудзецца ў Палацы культуры вобласці. Добрыя старыя фільмы з “Залатой калекцыі беларускага кіно” пакажуць у магілёўскіх кінатэатрах “Радзіма”, “Чырвоная Зорка”, “Космас”. А Магілёўскі абласны тэатр лялек запросіць дзяцей і дарослых на некалькі спектакляў.

Прыхільнікаў рэтракласікі парадуюць сваёй творчасцю на розных канцэртных пляцоўках народныя артысты Расійскай Федэрацыі Аляксандр Малінін, Алег Газманаў, Ларыса Доліна, а таксама грузінскі гурт “BRAVO METEHI” і вядомы выканаўца італьянскай папулярнай музыкі мінулых гадоў Рыкарда Фарэзі.

Канцэртную афішу фестывалю арганічна дапоўняць і іншыя мерапрыемствы, у тым ліку на адкрытых пляцоўках горада. Гэта караоке-паядынкі, танцавальныя спаборніцтвы, інтэрактыўныя гульні і конкурсы, маладзёжныя флэшмобы.

З падрабязнай праграмай “Залатога шлягера – 2025” можна азнаёміцца на сайце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіву фестываля