Зазірнём у дзённік здымачнай каманды драмы “Класная”, убачым дамашнія, кантрольныя і класныя работы, якія былі выкананы падчас стварэння фільма.

Верасень 2023
ЗАДАЧА З ЗОРАЧКАЙ
Ідэя стужкі зарадзілася два гады таму — падчас нарады ў Прэзідэнта, прысвечанай паляпшэнню якасці адукацыі. Прапанова стварыць фільм аб важнасці педагагічнай справы зыходзіла ад дырэктара сярэдняй школы №73 імя М.Ф. Шмырова Ірыны Родзік.
— Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў маю думку, але сказаў, каб усё было праўдзіва, без прыхарошвання, — успамінае размову з Кіраўніком дзяржавы дырэктар. — Задума была ў тым, каб людзі ўбачылі, наколькі няпростая і высакародная справа настаўніка.
Кірыл Халецкі
Красавік — лістапад 2024
ДВАНАЦЦАЦЬ ВАРЫЯНТАЎ
Сюжэт для будучай карціны ўзнік дзякуючы конкурсу, арганізаванаму Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Пераможцам стаў магістр педагогікі Андрэй Курс, які напісаў сцэнарый “Класная дама”.
Затым вызначыўся рэжысёр — малады і перспектыўны выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі. Перш за ўсё ён прапанаваў змяніць назву. Так з’явілася проста “Класная”, што надало карціне актуальнасці і прывабнасці.
— Для ўвасаблення ідэі каманда прыклала каласальныя намаганні. Адзін толькі сцэнарый, каб дасягнуць максімальнай дакладнасці, перапісвалі 12 разоў, — распавёў рэжысёр. — Цесна працавалі з педагогамі, міністэрствамі культуры і адукацыі, вывучалі падручнікі, учытваліся ў тэрміналогію, кансультаваліся наконт дэталяў — імкнуліся паказаць праўдзівую гісторыю, а не проста мастацкую фантазію.
У цэнтры сюжэта — лёс маладой выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, настаўніцы гісторыі Беларусі і грамадазнаўства. Па размеркаванні яна трапляе ў невялікую школу ў аграгарадку Міжрэчча.

Верасень — лістапад 2024
ПЕРШЫЯ СПРОБЫ
Акцёраў для карціны шукалі рознымі спосабамі. Некаторых запрашаў на пробы сам рэжысёр. Іншыя ўдзельнікі трапілі ў праект дзякуючы намаганням кастынг-дырэктара Дар’і Чучман. Гэта гісторыя Ірыны Мароз, якая ўвасобіла цэнтральны вобраз карціны, настаўніцу Таццяну Вітальеўну, а таксама Максіма Залажука і вядомага гумарыстычнага блогера Кірыла Малышава, экранных адзінаццацікласнікаў.
— Перадусім былі самапробы: прэтэндэнтам дасылалі ўрыўкі сцэнарыя, мы рабілі відэа, — расказала Ірына Мароз. — Затым — асабістая сустрэча з рэжысёрам і вочныя пробы. Неверагодна хвалявалася, асабліва калі рэпеціравала сцэны з іншымі акцёрамі. А вось з Кірылам Халецкім адразу адчула ўзаемаразуменне: яму імпанаваў мой падыход да працы, і я была ў захапленні ад яго бачання гераіні.

Люты — май 2025
АД ЗВАНКА ДА ЗВАНКА
Здымкі стартавалі 5 лютага на тэрыторыі сталічнай сярэдняй школы №5 імя Алега Кашавога. Там разбілі традыцыйную талерку з назвай фільма і подпісамі ўдзельнікаў карціны. Вонкавы выгляд установы адукацыі ідэальна ўбудаваўся ў агульную атмасферу “Класнай”.
Цягам наступных 33 здымачных дзён каманда застала змену пораў года — ад зімовай сцюжы да майскага цяпла, аб’ехала шэраг маляўнічых вёсак і гарадоў краіны — і ў рэшце рэшт ажывіла ў кадры ўсе сцэнарныя перапляценні.

Адна з апошніх працоўных змен праходзіла каля той жа СШ №5 — гісторыя нібы закальцавалася. Здымкі ўрачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў, — прыгожы і вельмі важны момант карціны, адна з самых масавых сцэн, якая аб’яднала каля 150 акцёраў.
Некаторыя ўрыўкі фільма, дарэчы, да таго часу ўжо ацанілі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі: больш за 80% ад агульнага хронаметражу ў 93 хвіліны паспелі зманціраваць паралельна са здымкамі.

Чэрвень 2025
ВЫДАТНА! ДЗЕСЯЦЬ!
Карціна прайшла праз чараду ўдасканаленняў, каб паўстаць перад гледачом у самым дынамічным і яркім варыянце. Першымі поўную мантажную версію “Класнай” убачыла фокус-група з маладых педагогаў і прадстаўнікоў творчых прафесій. Стужку прынялі вельмі цёпла. Настаўнікі дзякавалі стваральнікам за адыход ад шаблонаў, а музыканты, рэжысёры і аператары дзяліліся прапановамі і парадамі аб тым, якія кадры можна палепшыць.
— Тое, што ўбачыла на экране, — сапраўднае ачышчэнне душы. “Класная” прымусіла плакаць, — сказала пасля прагляду начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Кіндзірэнка.
Пасля дапрацоўкі стужка адправілася на колеракарэкцыю, мантаж гуку і графіку.

Верасень 2025
ДЗЯКУЙ ВАМ, НАСТАЎНІКІ!
Прэм’ерны паказ з удзелам здымачнай групы адбыўся ў кінатэатры “Масква”. Білеты на яго, як расказаў рэжысёр, раскупілі хутка: “Класная” выклікала непадробную зацікаўленасць у моладзі.

— Каманда імкнецца максімальна прасоўваць карціну, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. На платформе TikTok у тызера сумарна 2,5 мільёна праглядаў, 250 тысяч лайкаў. Добрая статыстыка і ў Instagram. Захапляюцца ў асноўным людзі 18-24 гадоў — гэта мэтавая аўдыторыя, для якой і створаны фільм, — расказаў рэжысёр.
“Класная” адкрыла паказы на IX Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце. Частка акцёрскага ансамбля, дарэчы, убачыла карціну раней, на закрытым паказе на пачатку верасня.
— Стужка атрымалася неверагодна кранальнай. Мы чыталі сцэнарый, амаль увесь час знаходзіліся на здымачнай пляцоўцы і прыкладна ўяўлялі, што ўбачым на экране. Але Кірыл унёс свае карэктывы, сюрпрызы. Вынік перасягнуў усе чаканні! — падзялілася ўражаннямі Ірына Мароз.

Генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў упэўнены: драма “Класная” — выдатная магчымасць нагадаць аб каштоўнасці адной з самых высакародных прафесій і сказаць дзякуй па-сапраўднаму дарагім людзям:
— Працу педагога не заўсёды ацэньваюць па заслугах. А настаўнік — чалавек, з якога ўсё пачынаецца. Ён выхоўвае ў нас лепшыя якасці: уменне сябраваць, быць сумленным з сабой і іншымі, імкненне дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Выдатна, калі фільм натхніць гледачоў патэлефанаваць тым, хто ішоў поплеч усе школьныя гады, падзякаваць за веды і досвед. Такі вынік для нас — сапраўдная ўзнагарода.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ