Тэатру-студыі кінаакцёра споўнілася 45 гадоў: загад аб заснаванні быў падпісаны 16 верасня 1980-га.

Пастанова ж пра стварэнне калектыву выйшла раней, у чэрвені. А пілотны, як сказалі б сёння, спектакль быў падрыхтаваны яшчэ ў 1979-м, хаця першы паўнавартасны тэатральны сезон адкрыўся толькі ў 1982-м. Нарэшце, у 1991-м тэатр узначаліў яго цяперашні мастацкі кіраўнік — рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, народны артыст Беларусі.
З падобнай “біяграфіяй” юбілеі можна адзначаць не раз — у залежнасці ад пункту адліку. І ўсё ж афіцыйны дзень нараджэння менавіта цяпер.

Так, мы распыталі акцёраў розных пакаленняў: што для іх гэты творчы калектыў?

Анатоль Гур’еў:
— Гэта маё жыццё. Іменна тут, хоць я маю багаты кінематаграфічны вопыт, праходзіць асноўная частка і маёй творчай дзейнасці, і майго чалавечага існавання. Трапіў сюды, калі ўсё толькі стваралася. З тых артыстаў засталіся Уладзімір Грыцэўскі, Лідзія Мардачова, што працуюць з 1981 года, Аляксандр Кашпераў, Святлана Сухавей. Я не змяню наш тэатр ні на які іншы! Тут выключны рэпертуар, цудоўная драматургія, добрая рэжысура.
Мяне часам пытаюцца: як ты, чалавек з музычнай сям’і, апынуўся ў драме? Бацька, маці — усе ў оперы спявалі, сястра Ганна і зараз там салістка, больш за 30 гадоў. Маё дзяцінства і сапраўды прайшло ў закуліссі нашага Вялікага тэатра, але марыў я найперш пра кіно. Памятаю, як зусім маленькім працягнуў кветачку знакамітай Юліі Барысавай, якая з Тэатрам Вахтангава прыязджала ў Мінск на гастролі. Яна ўсміхнулася, запытала: “Кім хочаш быць?” — “Артыстам!” — “Значыць, будзеш”. Так і склалася.
Кіно мне падарыла паездкі па ўсім Саюзе, сустрэчы з вялікімі майстрамі. Тэатр жа дае штодзённы бесперапынны трэнінг і больш разнастайныя ролі. А наш — адзін з найлепшых не толькі ў краіне, але і сярод замежных. Бо гэта Мастацтва.

Уладзімір Мішчанчук, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар:
— Гэта мой другі дом. Лабараторыя, дзе адбываецца цуд. Школа, універсітэт, дзе нараджаюцца вобразы класікі і сучаснасці, выхоўваецца прага да спасціжэння жыцця і самога сябе. Гэта адзін з найлепшых тэатраў краіны, працаваць у ім — вялікі гонар. Калектыў — сапраўдная суполка аднадумцаў і паплечнікаў. І ў гэтым бачыцца вялікая заслуга кіраўніцтва, якое дбае пра добры псіхалагічны мікраклімат.
Дадатковай адказнасці патрабуе наша дачыненне да “Беларусьфільма”. Многія рэжысёры, назіраючы за намі ў спектаклях, уяўляюць, якім можа быць той ці іншы наступны кінагерой. Так павялося з дня заснавання тэатра і працягваецца дагэтуль.
Ва ўсе часы ў нас шчыравалі выдатныя творцы. Спектаклі ставілі Валерый Анісенка, Барыс Луцэнка, Аляксандр Бяспалы і Уладзімір Грыцэўскі, Валерый Рубінчык, іншыя. З 1991 года і па сёння — выдатны майстар тэатра і кіно Аляксандр Яфрэмаў. Ён беражліва адносіцца да спадчыны, удасканальвае яе ў адпаведнасці з запытамі часу, праз спектаклі вядзе дыялог з гледачом, выхоўвае нашу моладзь.
Разам са мной тут працуюць многія мае выпускнікі. Радуе, што яны запатрабаваны, бо гэта забяспечвае пераемнасць пакаленняў. Творчай несупакоенасці ўсім!
Сяргей Лапаніцын:
— Разам з уласным выкладчыкам іграць вельмі адказна. Мы даўно калегі, але я працягваю ў яго вучыцца. І заўжды згадваю словы настаўніка, што ў сваёй прафесіі трэба ўмець усё рабіць самому: і касцюм прыдумаць, і падшыць сёе-тое, як спатрэбіцца. Бо тэатр не мода, ён вечны заўжды.

Антон Жукаў:
— Наш тэатр — дом, дзе я жыву. Мяне прывёў сюды Уладзімір Мішчанчук, у якога я вучыўся. І цяпер з захапленнем падглядаю, як ён працуе: працягваю вучыцца ва Уладзіміра Андрэевіча майстэрству вышэйшага пілатажу. Хаджу ў тэатр не як на працу, па абавязку, а да людзей, дзеля сумеснай творчасці. У нас няма тых, міма каго хацеў бы прашмыгнуць незаўважна, каб не сутыкнуцца, не павітацца. Я ўсіх рады бачыць! Маю вялізную падтрымку калег, рэжысёра і мастацкага кіраўніка. Яны вераць у мяне часам больш, чым я сам.

Яна Хадановіч-Лапаніцына:
— Гэта сям’я. Не толькі таму, што я тут разам з мужам і дачкой Стэфаніяй, якая расце за кулісамі і ў шэсць гадкоў ведае ўсе спектаклі ледзь не на памяць. Наш тэатр — непадзельны калектыў, дзе пануе атмасфера ўтульнасці. Ёсць нават штосьці сімвалічнае ў тым, што цяперашні сезон адкрываецца 11 верасня — і днём раней дзевяць гадоў таму мы з Сяргеем пабраліся шлюбам. А пазнаёміліся яшчэ ў Акадэміі мастацтваў, бо вучыліся на адным курсе. Час праляцеў імгненна! Так бывае, калі ўсё радуе.

Ірына Мароз:
— У нас вельмі згуртаваная, сапраўды сямейная трупа, дзе працуюць вядомыя мэтры, усе падтрымліваюць адзін аднаго і выгадавалі ўжо некалькі пакаленняў “закулісных” дзяцей, сярод якіх і мая чатырохгадовая Лізавета. У тэатр мяне паклікаў Аляксандр Васільевіч Яфрэмаў, яшчэ калі я вучылася на чацвёртым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. І першым спектаклем была бліскучая камедыя становішчаў “№ 13”, дзе я сыграла Джэйн Уорзінгтан.
Паралельна шмат здымалася ў кіно — і дарасла да цэнтральнай ролі ў стужцы “Класная”. Там усё іначай, паводзіны акцёраў максімальна набліжаны да жыцця. А ў тэатры — свае прыёмы. І галоўнае — тут ты можаш усё глыбей спасцігаць персанажа, з кожным паказам спектакля знаходзіць у ім і сабе штосьці новае.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра