Легендарным сярод мастакоў Заходняй Беларусі па праве лічыцца Язэп Драздовіч, які быў сапраўды народным майстрам.
(Працяг тэмы. Папярэдняя публікацыя — па гэтай спасылцы)

Са спадчынай аўтара азнаёмяць многія музеі краіны, але з асаблівай цеплынёй зберагаюць памяць аб гэтым выбітным чалавеку на яго родным Паазер’і. У вёсцы Германавічы ў Шаркаўшчынскім раёне дзейнічае Мастацка-этнаграфічны музей, які носіць імя Драздовіча.

Нарадзіўся ён у 1888-м у Пуньках на Глыбоччыне. Пасля заканчэння гімназіі ў Дзісне паступіў у Вільні ў мастацкую школу, якой кіраваў вядомы жывапісец Іван Трутнеў. З першых жа творчых спроб Драздовіч аддаваў перавагу сюжэтам, звязаным з прыгажосцю роднага краю і яго мінуўшчынай. Гэта зрабіла мастака адным з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу.
Узлёт маладога талента быў прыпынены ўдзелам у Першай сусветнай вайне ў якасці фельчара. Па рэвалюцыі 1917 года, вярнуўшыся ў родныя мясціны, Язэп Драздовіч з імпэтам далучаецца да новай хвалі нацыянальнага адраджэння. У 1919-м была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і творца перабраўся ў Мінск, працаваў мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры.

Але пасля падпісання ў 1921-м Рыжскай мірнай дамовы зноў адправіўся на малую радзіму, якая апынулася ў складзе Польшчы, і цягам 1920-х гадоў ахапіў вандроўкамі ўсю Заходнюю Беларусь, малюючы яе помнікі гісторыі і культуры. Разам з тым Драздовіч выкладаў у беларускіх гімназіях Радашковічаў, Вільні, Навагрудка. Адметна, што мастак плённа супрацоўнічаў з Інстытутам беларускай культуры (папярэднікам Акадэміі навук БССР), дасылаючы ў Мінск замалёўкі і этнаграфічныя матэрыялы.

У 1930-х наша школьніцтва зведвае ўсё большы ўціск з боку польскай улады. Язэп Драздовіч вяртаецца ў родныя мясціны і апошнія гады зарабляе на жыццё пераважна тым, што, падарожнічаючы па вёсках, стварае на замову дываны — сёння яны лічацца неацэннымі ўзорамі нацыянальнага інсітнага мастацтва.

Цяпер на Паазер’і аб Драздовічу нагадваюць яго пахаванне на могілках у вёсцы Ліпляні, памятны знак на месцы яго роднага хутара Пунькі, а таксама экспазіцыя германавіцкага музея — скарбніца знаходзіцца ў колішнім палацы шляхецкага роду Шырынаў, збудаваным у XVIII стагоддзі. Акрамя багатай этнаграфічнай калекцыі, тут можна пабачыць мноства матэрыялаў, звязаных з жыццём мастака, яго асабістыя рэчы, а таксама тры дзясяткі твораў.
Працяг будзе.
Антон РУДАК. Фота аўтара і з адкрытых крыніц