Памяць пра яшчэ аднаго выдатнага паэта з Заходняй Беларусі захоўваюць у Лідзе, дзе каля сцен старажытнага замка прытуліўся дом Валянціна Таўлая.
(Працяг тэмы. Папярэдняя публікацыя — па гэтай спасылцы)

Творца нарадзіўся ў 1914-м у Баранавічах. За актыўнасць у камсамольскім падполлі ён прабавіў два гады ў турмах, потым нелегальна перайшоў мяжу, працаваў у Савецкай Беларусі. Пазней вярнуўся ў родныя мясціны для падпольнай працы і ў выніку быў паўторна арыштаваны і асуджаны ўжо на восем гадоў. Вызваліўся ў 1939-м з прыходам Чырвонай арміі.

Аўтар заставаўся на радзіме і ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі, удзельнічаў у падполлі ў Навагрудку, быў арыштаваны і толькі цудам уратаваўся ад смерці. Зрэшты, здароўе Валянціна Таўлая моцна падарвалася праз доўгае зняволенне — ён памёр у 1946-м у Мінску. Месца спачыну літаратара можна знайсці на сталічных Вайсковых могілках.

У Лідзе ж памяць аб Валянціне Паўлавічу захоўваюць у доме, дзе творца жыў з 1939 па 1941 год, калі працаваў у раённай газеце. Прывабны асабнячок стаіць у самым цэнтры горада.
Цяпер гэта філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея, з 2010-га тут даступны мемарыяльны пакой паэта.

Працяг будзе.
Антон РУДАК. Фота Ірыны Станкевіч і з адкрытых крыніц