Кінафестываль: свежы подых

Апублiкавана: 20 верасня 2025 Стужка Кіно Брэст і вобласць

Аўтар: Аўтары

IX Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў разгорнецца ў Брэсце з 25 па 29 верасня. Чакаецца цікавая і свежая праграма.

Сярод арганізатараў — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларускі саюз кінематаграфістаў, Брэсцкі аблвыканкам і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.

Як расказала начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, сёлетні фестываль парадуе гасцей абноўленым фарматам. У праграме — пяць конкурсных блокаў з ігравымі, неігравымі, тэлевізійнымі, анімацыйнымі і са студэнцкімі фільмамі. У спаборніцтве паўдзельнічаюць стужкі, створаныя з 2020 па 2025 год. Сярод іх — праекты беларускіх прадзюсараў, тэлерадыёкампаній і ўстаноў адукацыі. Адкрые паказы “Класная” Кірыла Халецкага, прэм’ера якой адбылася 18 верасня.

Упершыню работы будуць ацэньвацца не адзіным журы, а асобнымі экспертнымі групамі па кожным напрамку. У склад калегій увойдуць айчынныя спецыялісты і аўтарытэтныя кінематаграфісты з-за мяжы. Гэта, у прыватнасці, народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, народны артыст Расіі Арыстарх Ліванаў, заслужаная артыстка Расіі Алена Барзова, лаўрэат многіх міжнародных фестываляў Сяргей Зайцаў, заслужаны работнік культуры Расіі кінапрадзюсар Аляксандр Герасімаў і іншыя.

Акрамя конкурсных сеансаў у кінатэатрах Брэста, зладзяць выставы, рэтраспектыўныя паказы, прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі, 100-годдзю беларускага кіно і юбілеям майстроў.

Як адзначыла Ірына Дрыга, вяртанне фестывалю пасля прыкметнага перапынку — маркер таго, што нацыянальны кінематограф знаходзіцца ў стадыі развіцця: з’яўляецца больш цікавых фільмаў, якія ёсць каму глядзець.