Мерапрыемства Саюзнай дзяржавы “Фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш»” пройдзе ў Магілёве 23—26 верасня.

Фестываль праводзіцца з 2003 года раз на два гады. Дагэтуль — у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, а з 2017 года ўжо чацвёрты раз — у нашай краіне, у Магілёве.
З 2025 года фестываль будзе праводзіцца штогод.

Дзяржаўным заказчыкам — каардынатарам фестывалю выступае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзяржаўным заказчыкам — Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Адказным выканаўцам і каардынатарам з'яўляецца Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, на базе якога пройдуць мерапрыемствы фестывалю.

Фестываль праводзіцца з мэтай захавання ў рамках Саюзнай дзяржавы адзінай культурнай прасторы, стымулявання актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі Беларусі і Расіі і стварэння стабільнай сістэмы ўзаемнага супрацоўніцтва дзвюх краін у галіне мастацкай творчасці людзей з інваліднасцю.

Удзел прымуць творчыя дэлегацыі рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, г. Мінска і сямі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: Маскоўскай, Бранскай, Калужскай, Пскоўскай, Цвярской, Смаленскай і Калінінградскай абласцей. Усяго 300 удзельнікаў з ліку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, старэйшыя за 18 гадоў.

Кожны дзень будзе прысвечаны асобнай тэме: Дзень Беларусі, Дзень Саюзнай дзяржавы, Дзень Расіі, Дзень творчых дасягненняў.

Пройдуць конкурсныя выступленні ўдзельнікаў фестывалю па 12 намінацыях: народныя спевы; акадэмічныя спевы; эстрадныя спевы; жэставыя спевы; харэаграфічнае мастацтва; музычна-інструментальнае выканальніцтва; аўтарская паэзія і бардаўская творчасць; тэатральнае мастацтва; мастацкае слова; арыгінальны жанр; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; выяўленчае мастацтва.

У праграме фестывалю таксама запланаваны выступленні беларускіх і расійскіх артыстаў, удзельнікаў і гасцей фестывалю, выязныя канцэрты ў спецыялізаваныя ўстановы Чавускага і Магілёўскага раёнаў, выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, круглы стол, прэс-канферэнцыя, майстар-класы членаў журы, экскурсіі, гала-канцэрт і ўзнагароджанне пераможцаў і іншыя культурныя мерапрыемствы.
Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца 24 верасня ў канцэртнай зале Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы