Закрыты паказ фільма “Класная” адбыўся 2 верасня ў сталічным кінатэатры “Масква”. Мы ў ліку тых, хто ўбачыў карціну першымі. У чаканні агульнанацыянальнай прэм’еры, якая адбудзецца 18 верасня, расказваем, чым стужка здольная здзівіць і ў чым яе ўнікальнасць.

КЛАСНАЯ КАМАНДА
Акцёрскі склад фільма шматгранны і цікавы. На адной пляцоўцы ўдалося сабраць і заслужаных дзеячаў, і пачаткоўцаў кінагаліны, і нават блогераў. Сярод выбітных асоб, якія зняліся ў карціне, — народная артыстка Беларусі Тамара Міронава (у ролі строгага каменданта інтэрната), міністр куль туры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі (у ролі старшыні камісіі па размеркаванні), член Беларускай гільдыі кінаакцёраў Віктар Рыбчынскі (дырэктар школы ў аграгарадку). Былі запрошаны і артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. У прыватнасці, вядучы майстар сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Цвірка, а таксама памочнік рэжысёра Аляксей Анісеня (выканаў ролю маладога настаўніка інфарматыкі, выпускніка БДУ). Экранных падапечных Таццяны Вітальеўны ўвасобілі маладыя беларускія і расійскія акцёры. Рэжысёр Кірыл Халецкі зрабіў стаўку на праўдападобнасць, адмовіўшыся ад распаўсюджанай практыкі грыміравання дарослых пад падлеткаў. У выніку сфармавалася каманда, дзе самаму юнаму “адзінаццацікласніку” Даніілу Серыкаву — 14 гадоў, а “старэйшаму” школьніку, папулярнаму гумарыстычнаму блогеру Кірылу Малышаву — 20. Максімальнай рэалістычнасці стваральнікі “Класнай” імкнуліся дасягнуць і ў падборы педскладу. — Аднойчы падчас здымак зрабілі сумеснае фота нашых настаўнікаў і паказалі яго спецыялістам з Міністэрства адукацыі. Яны былі ўражаны, наколькі натуральна выглядае калектыў, — расказаў Кірыл Халецкі.

КЛАСНЫ СЮЖЭТ
Амаль у кожнага персанажа карціны ёсць свой боль, свая гісторыя сталення і пошуку сябе. Да прыкладу, галоўная гераіня. Маладая настаўніца, якая апынулася ў незнаёмым асяроддзі, прайшла праз шэраг выпрабаванняў, сутыкнулася як з унутранымі перажываннямі і сумневамі, так і з вонкавымі выклікамі, першымі цяжкасцямі няпростай педагагічнай справы. Унікальны шлях, адзначаны падлеткавымі пакутамі і драматычнымі паваротамі, пераадолелі і яе новыя вучні. Адлюстраванне ў стужцы знайшоў і вечны канфлікт бацькоў і дзяцей, паказаны праз супрацьстаянне Таццяны Вітальеўны з завучам школы, душа якой разрываецца ад асабістай трагедыі, жудасці страты блізкага чалавека і гнятлівай адзіноты. Сярод гэтых перапляценняў лёсаў і экзістэнцыйных цяжкасцяў кожны з гледачоў зможа знайсці штосьці значнае для сябе, пераасэнсаваць уласныя перыпетыі. Акрамя драматычных, ёсць у фільме і шмат камічных, радасных момантаў. — “Жыццё як каробка цукерак. Ніколі не ведаеш, што табе дастанецца”, — сказалі ў карціне “Форэст Гамп”. У нашым творы гэтак жа: ёсць і напружаныя, і натхняльныя, і душэўныя, і кранальныя эпізоды. Усё як у рэальнасці, — распавёў рэжысёр.

КЛАСНЫ САЎНДТРЭК
Як расказаў Кірыл Халецкі, з асаблівым трапятаннем каманда паставілася да музычнага афармлення карціны. Для гэтага запрасілі маладога таленавітага кампазітара Максіма Пятрушу, які напісаў амаль 50 хвілін арыгінальнага саўндтрэку. Адмысловае месца ў стужцы заняў хіт расійскага гурта Beautiful Boys “Пяшчотнае каханне”, які суправаджае адну з самых кранальных і прыгожых сцэн фільма — танец Таццяны Вітальеўны з настаўнікам інфарматыкі. Гэта, дарэчы, адзін з улюбёных момантаў актрысы Ірыны Мароз, якая і ўвасобіла цэнтральны вобраз карціны.

КЛАСНЫЯ КАДРЫ
Цікавае візуальнае рашэнне — яшчэ адна яркая фішка фільма. Аператар Аляксей Карабко з наватарствам падышоў да працы, прапанаваўшы здымаць на ўнікальную камеру, аналагаў якой няма ў СНД. Для стварэння ж асабліва цёплай атмасферы выкарыстоўвалася анамарфотная оптыка, якая надала карцінцы плёначнай вінтажнасці. З асаблівай увагай стваральнікі стужкі паставіліся і да колеракарэкцыі, дзякуючы якой сцэны набылі больш выразнасці, яркасці і маляўнічасці.
І КЛАСНАЯ ПРЭМ’ЕРА!
Як у выніку склаўся лёс галоўнай гераіні ды іншых персанажаў карціны? Ці змаглі яны пераадолець усе ўнутраныя і вонкавыя мітрэнгі? Наколькі дакладна ўнікальная камера перадала на экране каларыт нашай глыбінкі? Якія непаўторныя беларускія краявіды адлюстравала? Ці змагла раскрыць усю гаму пачуццяў, усю глыбіню эмоцый персанажаў музыка? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, даведацца пра іншыя плюсы і цікавінкі фільма, трэба ісці на прэм’еру. Білеты, дарэчы, ужо ў свабодным продажы.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ