Перашкода не ўтрымала — яна натхніла. Вакальны ансамбль “Карагод” з Бабруйска ператварыў бар’ер у трамплін і дабіўся высокага выніку — спецыяльнай прэміі Прэзідэнта за ўклад у развіццё талентаў. Як нараджаюцца поспехі і што дае сілы рухацца наперад, расказала нязменны кіраўнік калектыву Марына Арцёмчык.

АДЧУВАННЕ СЭНСУ
Вакальны ансамбль “Карагод” быў заснаваны ў 2010-м на базе аддзялення народных спеваў дзіцячай школы мастацтваў №1 імя Я.К. Цікоцкага. З першых дзён місія гурта — захоўваць і творча пераасэнсоўваць беларускую песенную спадчыну, адкрываючы яе сённяшняму слухачу праз новыя мастацкія формы.
— З самага пачатку, — згадвае Марына Віктараўна, — хацелася паказаць дзецям, што народная песня — гэта не рэліквія, а жывы імпульс, здольны гучаць актуальна і натхняльна, калі да фальклору ставіцца з любоўю і павагай.

Рэпертуар “Карагода” адлюстроўвае шырыню такога падыходу. У ім спалучаюцца аўтэнтычныя беларускія мелодыі, што захавалі першаснае гучанне, і творы, пераасэнсаваныя ў сучасных аранжыроўках. Паводле слоў кіраўніка, падрыхтоўка аднаго нумара — няпросты і працяглы працэс, які можа доўжыцца ад некалькіх тыдняў да паўгода. Усё залежыць ад складанасці, характару матэрыялу і ўзроўню ўдзельнікаў.
Але нават пры інтэнсіўнай працы заняткі ніколі не ператвараюцца ў механічную руціну. Кожная песня становіцца асобнай гісторыяй — эмацыйнай, глыбокай, пражытай разам. Іменна так дзеці вучацца адчуваць, разумець і перадаваць сэнс музыкі.

МАРАФОН ПЕРАМОГ
“Карагод” упэўнена крочыць наперад, пашыраючы межы сваіх магчымасцей. Мінулы год быў яркім доказам гэтага росту — сапраўдным марафонам перамог. Юныя артысты з годнасцю заваёўвалі сцэны розных узроўняў.
— На рэспубліканскім свяце музычнага мастацтва “Спадчына” ў Заслаўі атрымалі дыплом лаўрэата I ступені. Потым — галоўная ўзнагарода на міжна родным фестывалі “Залатая пчолка” ў Клімавічах. У родным Бабруйску, на конкурсе “Толькі.BY”, нас таксама прызналі найлепшымі. І, безумоўна, асаблівае месца займае перамога ў “Маладых талентах Беларусі”, якая і адкрыла нам шлях да спецыяльнай прэміі, — з гонарам адзначае Марына Арцёмчык.
“Карагод” упершыню паўдзельнічаў у рэспубліканскім радыёконкурсе яшчэ ў 2022-м. Тады калектыў не прайшоў нават адборачны тур, але расчараванне не прывяло да адчаю — наадварот, стала штуршком для росту.

— Успрынялі няўдачу як выклік, — распавядае педагог. — Гэтае спаборніцтва мае высокі ўзровень і аб’ядноўвае таленавітых выканаўцаў з розных куткоў краіны. Таму пачалі працаваць яшчэ больш мэтанакіравана, удасканальваць вакальныя навыкі, сцэнічную падрыхтоўку
І восенню 2024-га паўторная спроба прынесла жаданы вынік. Атрыманне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта адкрыла для “Карагода” новую старонку на творчым шляху.

— Прэмія — сведчанне таго, што наш уклад заўважаны і ацэнены, — падкрэслівае Марына Віктараўна. — Але галоўнае для нас — магчымасць рухацца наперад, адкрываць песенныя скарбы, эксперыментаваць і натхняць дзяцей на далейшыя дасягненні. Гэта прызнанне, якое абавязвае: мы павінны трымаць планку і ўпэўнена ісці да чарговых перамог.

РАЗАМ — МАЦНЕЙШЫЯ
За кожнай узнагародай стаіць не толькі талент і штодзённая праца. Асноўная крыніца поспеху — тое, што не вымяраецца дыпломамі: адзінства, давер і ўзаемадапамога. Яны робяць калектыў сапраўднай творчай сям’ёй.
— Вакальная падрыхтоўка вельмі важная, але без вытрымкі на сцэне ніяк, — тлумачыць суразмоўніца. — Дзеці вучацца пераадольваць хваляванне, разумець адно аднаго, з годнасцю прымаць і перамогі, і няўдачы. Гэта вопыт, які застанецца на ўсё жыццё.
Асноўная сіла ансамбля — у згуртаванасці. Тут разам займаюцца дзяўчынкі і хлопчыкі ад 7 да 15 гадоў. Старэйшыя заўсёды клапоцяцца пра малодшых: дапамагаюць рыхтавацца да выступленняў, падбадзёрваюць і падказваюць, як паводзіць сябе на сцэне.
— Мы сапраўды адна вялікая каманда, — адзначае кіраўнік. — У нас няма падзелу на “старэйшых” і “малодшых”: кожны адчувае сябе часткай агульнага цэлага. Нашы дасягненні — вынік супольнай працы, якая прыносіць велізарнае задавальненне. Шмат часу праводзім разам — і на рэпетыцыях, і ў паездках на конкурсы, і проста на сяброўскім адпачынку. Менавіта гэта і робіць наш калектыў жывым.

ПОГЛЯД У БУДУЧЫНЮ
Сёлета “Карагод” святкуе 15-годдзе. Ансамбль прайшоў шлях ад невялікага школьнага гурта да лаўрэата прэстыжных конкурсаў і ўладальніка спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. У аснове дасягненняў — талент і дапытлівасць дзяцей, іх працавітасць і вера ў сілу музыкі. А яшчэ — адданасць сваёй справе Марыны Арцёмчык, якая ўмее гарманічна спалучаць традыцыі ды сучаснасць, натхняць і весці за сабой.

Сёння калектыў глядзіць у будучыню з упэўненасцю. У планах — пашырэнне рэпертуару, удзел у новых конкурсах і фестывалях, а таксама праекты, што дапамогуць наблізіць беларускую народную песню да моладзі. І, пэўна, самае каштоўнае ўжо даўно здзейснена: дзеці навучыліся адчуваць шчырую радасць ад таго, што ствараюць разам. А гэта азначае — наперадзе ў “Карагода” яшчэ шмат песень, адкрыццяў і перамог.
Ганна КАЛІНІНА Фота з архіва калектыву