Вяртанне гістарычных вобразаў: з клопатам аб студэнтах

Як паведамілі ў “Белрэстаўрацыі”, працягваецца аднаўленне і добраўпарадкаванне многіх помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Частка шостая.

Паводле атрыманай інфармацыі, летась пачаліся работы ў галоўным корпусе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, узведзеным у 1958 годзе.

Працэс падзелены на тры этапы: капітальны рамонт, рэканструкцыя і рэстаўрацыя.

Першы прадугледжвае поўную замену камунікацый. Трубы, інжынерныя сістэмы, перакрыцці, дах і падлога будуць цалкам абноўленыя. Будынак абсталююць сістэмай кандыцыяніравання з мінімальным узроўнем шуму, каб падтрымліваўся аптымальны для музычных інструментаў мікраклімат.

Падчас рэстаўрацыі адмысловую ўвагу нададуць цэнтральнай частцы галоўнага корпуса, будзе адноўлены іскрыста-белы колер фасада, які выкарыстоўваўся першапачаткова. Мяркуецца вярнуць арыгінальны відарыс аконных рам, адрэстаўраваць мармуровыя лесвіцы, ляпніну, паркет і столі.

У межах рэканструкцыі плануецца мадэрнізацыя аўдыторый для паляпшэння акустыкі і стварэнне студыі, дзе студэнты і педагогі змогуць рабіць высакаякасныя запісы для конкурсаў і выступленняў.

У перспектыве магчыма не толькі аднаўленне гістарычнага аблічча будынка, але і рэалізацыя некаторых задум архітэктара Рамана Гегарта, якія раней засталіся па-за ўвагай. Справа і злева ад увахода могуць з’явіцца ўтульныя скверы з кустамі руж, дарожкамі і са скульптурай, прысвечанай беларускім музыкантам.

У абноўленым корпусе будуць створаныя ўсе ўмовы для камфортнага навучання будучых знакамітасцяў беларускай культуры.

Антон РУДАК