Вяртанне гістарычных вобразаў: новае жыццё сядзіб

Даведаліся, як аднаўляюцца помнікі мінуўшчыны. Частка пятая.

Рэканструкцыя і рэстаўрацыя ў Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі ХІХ стагоддзя ў Кіраўскім раёне праводзіцца з 2009-га, паедаміў аглядальніку рэдакцыі “К” начальнік каштарысна-дагаворнага бюро ААТ “Белрэстаўрацыя” Руслан Градовіч.

Палац быў спраектаваны архітэктарам Каралем Падчашынскім на заказ бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака. У мінулым стагоддзі тут размяшчаліся па чарзе дзіцячы дом, заатэхнічны тэхнікум і Бабруйская трохгадовая агранамічная школа, пасля выезду якой палац пачаў занепадаць.

Сёлета запланавана завяршэнне работ у парку, што ўваходзяць у чацвёртую чаргу рэстаўрацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку аднаўленне воднай сістэмы, ачыстка ставоў, стварэнне штучнага вострава, на якім будзе павільён з альтанкамі, а таксама будынкаў колішняй карэтнай, дзе размесцяцца кафетэрый, гатэльныя нумары, рамесніцкія майстэрні і пункт пракату веласіпедаў.

Летась распачалі і рэканструкцыю з рэстаўрацыяй колішніх гаспадарчых пабудоў ХIХ стагоддзя ў сядзібна-паркавым комплексе Прушынскіх і Любанскіх у Лошыцы, дзе размяшчаліся млын і вінакурня (адметна, што яшчэ ў пачатку 2000-х гэта былі жылыя памяшканні). Тут мусяць з’явіцца міні-гатэль, кафэ і залы для правядзення шлюбных цырымоній. У адпаведнасці з праектам будуць узведзеныя прыбудовы да будынкаў на завулку Чыжэўскіх №№ 5, 6 і 17. Колішні гаспадарчы двор у Лошыцы, займеўшы новыя аблічча і прызначэнне, зробіцца яшчэ адным цэнтрам прыцягнення ў гэтым раёне для мінчан і гасцей сталіцы.

Працяг будзе!

Антон РУДАК