Год добраўпарадкавання крочыць па краіне. Якія помнікі мінуўшчыны даведзены да ладу апошнім часам, мы даведаліся ад начальніка каштарысна-дагаворнага бюро ААТ “Белрэстаўрацыя” Руслана Градовіча. Частка чацвёртая.

Па звестках “Белрэстаўрацыі”, аднаўленне касцёла Божага Цела XVI стагоддзя ў Нясвіжы вядзецца з 2010 года.
Гэта адзіны рэлігійны аб’ект Беларусі ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, вядомы як другі ў свеце і першы ва Усходняй Еўропе касцёл у стылі ранняга барока. Храм быў спраектаваны італьянскім архітэктарам Янам Марыяй Бернардоні па фундацыі Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.
За аснову праекта была ўзятая планіроўка галоўнага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме. Летась тут выконваліся ўладкаванне драўлянай падлогі ў капліцы, рэканструкцыя кроквеннай сістэмы, рэстаўрацыя вонкавай паверхні цаглянага мура, сёлета ідуць работы ў інтэр’еры.
Праектам прадугледжаныя рэстаўрацыя жывапісу, алтароў, амбона, аднаўленне люстраў, спавядальні, лавак, іншых элементаў унутранай аздобы храма. Плануецца, што гэтыя работы працягнуцца да 2030-га.

У Свята-Успенскім саборы XVII стагоддзя ў Жыровіцах Слонімскага раёна былі распачатыя работы ў 2022-м. Летась тут ладзіліся рамонтна-рэстаўрацыйныя меры на скляпеннях сцен левай і цэнтральнай частак сабора, а таксама замена падлогі.

Цяпер праводзіцца рэстаўрацыя іканастасу, цэнтральная частка якога мае памеры 12 на 6 метраў, а бакавыя элементы — 7 на 5. Гэта адзін з найстарэйшых іканастасаў у Беларусі, цэнтральная частка якога створаная ў 1730-х у стылі барока і распісаная ў 1780-х майстрам Рыгорам Мядзведскім.

Летась стартавала рэстаўрацыя і музеефікацыя мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” у рамках праекта Саюзнай дзяржавы. Тут ужо завершаная рэстаўрацыя Паўночных варот і казематаў, над паўночным уездам створаны новы насып, умацаваныя сцены і скляпенні арачнага комплексу. Распачатыя работы на казематах каля галоўнага ўваходу “Зорка”, у паўднёвай і паўднёва-заходняй казармах, будзе праведзены капітальны рамонт манумента “Мужнасць” і парахавога склепу №1, рэстаўрацыя руін будынкаў 44-га стралковага палка, а таксама руін каля Музея абароны.
Таксама налета запланавана стварэнне зоны “Смутак” з памятным знакам на месцы, дзе 20 ліпеня 1941 года невядомым абаронцам крэпасці быў зроблены надпіс “Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма!”.
Працяг будзе!
Антон РУДАК