Як паведамілі ў “Белрэстаўрацыі”, працягваецца аднаўленне і добраўпарадкаванне многіх помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. Частка трэцяя.

Рэканструкцыя і рэстаўрацыйныя работы ў замку XIV стагоддзя ў Крэве Смаргонскага раёна распачаліся ў 2017-м.
Гэта быў першы мураваны замак на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які дайшоў у добрым стане да XVIII стагоддзя, але пазней імкліва разбураўся, асабліва ад артылерыйскіх абстрэлаў падчас Першай сусветнай вайны, калі праз мястэчка праходзіла лінія фронту.
Апошнім часам тут праводзіліся работы па кансервацыі муроў, усталяванні лесвіцы і кроквеннага даху, аднаўленне даху з чарапіцы, пракладка ўнутраных інжынерных сетак, наладка пажарных рэзервуараў і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Згодна з праектам плануецца аднавіць чатыры замкавыя сцяны, галерэі і вежы, а таксама закансерваваць іх для аховы ад ападкаў.
У будучыні мае адбыцца рэстаўрацыя вежы і яе прыстасаванне пад музейную экспазіцыю, а таксама рэканструкцыя з прыстасаваннем пад адміністратыўнае памяшканне будынка сінагогі пачатку ХХ стагоддзя, які размешчаны побач з замкам. Будуць тут захаваныя і сляды пазнейшых падзей — нямецкія доты, прыбудаваныя да замкавых сцен у гады Першай сусветнай вайны.
Працяг будзе!
Антон РУДАК