Каб свет рабіўся дабрэйшым

Летась у снежні музейна-выставачнай экспазіцыі "Партнёры, сябры, пабрацімы" Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева споўнілася 10 гадоў. І ўвесь гэты час комплекс карыстаецца вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў.

Нядзіўна! Тут прапануецца шырокі матэрыял аб гарадах, з якімі Барысаў мае цесныя сяброўскія сувязі. Дэманструюцца падарункі ад дэлегацый, што наведвалі горад у рамках культурнага абмену: творы мастацтва, прывітальныя адрасы, сувеніры. Экспануюцца брашуры, буклеты, наборы паштовак і кнігі пра гісторыю (у тым ліку пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны), культуру, традыцыі і прамысловы патэнцыял расійскіх рэгіёнаў-партнёраў.

— Мы падтрымліваем сувязі амаль з двума дзясяткамі гарадоў-пабрацімаў, — распавядае дырэктар бібліятэкі Алена Капыток. — Сярод апошняга — падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з горадам Арцёмам Прыморскага краю і з Петушынскім раёнам Уладзімірскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, з Арцёмам, што знаходзіцца за 10 000 кіламетраў ад Беларусі, наш горад звязвае і гісторыя: Арцём заснаваны ў 1908-м выхадцам з Барысава Рыгорам Хадасевічам!

Поўнае ўзаемаразуменне знайшлі і з адміністрацыяй Ніжнетаўдзінскай муніцыпальнай акругі Цюменскай вобласці: падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з бібліятэкай Ніжняй Таўды, у рамках якога ўжо правялі серыю вэбінараў і маюць планы на далейшае ўзаемадзеянне.

— Заўсёды рады сустрэчам з прадстаўнікамі Багародскага краю Расійскай Федэрацыі і асабіста з намеснікам кіраўніка Багародскай гарадской акругі Сяргеем Пастуховым, — працягвае Алена Капыток. — Сяргей Пятровіч — член Саюза пісьменнікаў Расіі, аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі. Ужо склалася добрая традыцыя: падчас візітаў у Барысаў ён дорыць чытачам нашай бібліятэкі сваю новую літаратурную працу.

Нядаўні набытак — зборнік “Каб свет станавіўся добрым...” з аўтографам аўтара. Кніга, як выказаўся сам Сяргей Пятровіч, няпростая: у ёй ёсць вершы, прысвечаныя расійскім ваеннаслужачым, якія загінулі падчас СВА. Сярод герояў — людзі, якіх ведаў аўтар; радкі даліся яму нялёгка, напісаны з вялікім болем у сэрцы. Выданне заняло дастойнае месца ў фондзе бібліятэкі і карыстаецца попытам у чытачоў.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіва бібліятэкі