Пацвярджаючы высокі статус

Музей-запаведнік “Нясвіж” з'яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД у напрамку “музейная справа”. Рашэнне аб наданні гэтага статусу было прынята Саветам кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2014 годзе. Аб працы па развіцці міжнароднага культурнага супрацоўніцтва на прасторы ЕАЭС распавядае дырэктар музея-запаведніка Дзмітрый Яшчанка.

 Дзмітрый Яшчанка

ЗНАЧНЫЯ ПРАЕКТЫ

— На працягу апошніх гадоў наша ўстанова актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні міжнародных праектаў як на сваёй пляцоўцы, так і ў музейных установах у розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, — гаворыць Дзмітрый Леанідавіч. — У іх ліку — канферэнцыі, семінары, круглыя сталы. Адным з ключавых мерапрыемстваў навуковай скіраванасці стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД”, якая адбылася пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Выканкама СНД і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у 2023-м. Тады ў пленарным пасяджэнні і рабочых секцыях прынялі ўдзел каля 60 даследчыкаў з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расійскай Федэрацыі.

Летась Палацавы ансамбль музеязапаведніка стаў месцам правядзення Еўразійскага міжурадавага савета. Мы падрыхтавалі пляцоўкі для пасяджэння ў вузкім і пашыраным складзе, арганізавалі тэхнічную падтрымку і забеспячэнне абсталяваннем для працоўных сустрэч. Удзельнікам і гасцям прапанавалі экскурсійнае суправаджэнне, цікавую культурную і тэатралізаваную праграму.

 

24 мая 2024 года ў Маскоўскім аб'яднаным музеі-запаведніку "Каломенскае" адбылася рабочая сустрэча
спецыялістаў музея-запаведніка "Нясвіж" па пытаннях арганізацыі міжнароднага выставачнага праекта

І РЭАЛЬНА, І ВІРТУАЛЬНА

— Пашыраць культурныя сувязі і абменьвацца вопытам нам дазваляюць пагадненні аб супрацоўніцтве з шэрагам айчынных і замежных арганізацый, — распавядае дырэктар. — Сярод нашых партнёраў — Краснадарскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей-запаведнік імя Я.Д. Фяліцына, Дзяржаўны музейзапаведнік “Паўлаўск”, Дзяржаўная ўстанова “Востраў-град Свіяжск”, Дзяржаўны гісторыка-мастацкі палацава-паркавы музей-запаведнік “Гатчына”, іншыя.

У рамках дагавора аб супрацоўніцтве дэлегацыя экскурсаводаў, навуковых супрацоўнікаў і іншых спецыялістаў музея-запаведніка "Нясвіж" наведала Маскоўскі дзяржаўны аб'яднанымастацкі гісторыка-архітэктурны і прыродна-ландшафтны музей-запаведнік "Каломенскае-Ізмайлава"

Паводле слоў Дзмітрыя Яшчанкі, адным з асноўных напрамкаў культурнага дыялогу з’яўляецца выставачная дзейнасць, у тым ліку абменныя праекты.

На фотавыставе "Нясвіж – здабытак сусветнай культуры" на тэрыторыі Гатчынскага палаца. 2024 год

На тэрыторыі Гатчынскага палаца працавала фотавыстава, якая расказала пра музей-запаведнік “Нясвіж” як унікальны нацыянальны помнік культуры Беларусі.

Прэзентацыя ў дзяржаўным музеі-запаведніку "Казанскі Крэмль" аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Палацава-паркавага ансамбля XVI-XIX стагоддзяў у горадзе Нясвіжы. 2024 год

Таксама беларускі аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з поспехам прэзентавалі на тэрыторыі дзяржаўных музеяў-запаведнікаў “Казанскі Крэмль” у Рэспубліцы Татарстан і “Херсанес Таўрычны” ў Севастопалі.

Выстава "Аб'екты Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Татарстан"
у музеі-запаведніку "Нясвіж"

А ў “Нясвіжы” гледачы змаглі пазнаёміцца з аб’ектамі Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Татарстан. Доступ да экспазіцый і гістарычных матэрыялаў пашыраецца таксама і праз сучасныя формы ўзаемадзеяння з наведвальнікамі, у прыватнасці праз віртуальныя выставы.

 

У Нацыянальным музеі-запаведніку "Нясвіж"

СУАЙЧЫННІКАМ АБ РОДНАЙ КРАІНЕ

Дзякуючы экспазіцыям, якія арганізуюцца ў музеі-запаведніку “Нясвіж” пры ўдзеле дзяржаў, што ўваходзяць у ЕАЭС, нашы суайчыннікі адкрываюць для сябе новыя старонкі гісторыі ўласнай краіны.

На выставе "Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі"

— Так, выставачны праект “Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі” распавядае пра сям’ю армянскіх майстроў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культуры беларускіх зямель XVIII—XIX стагоддзяў, — прыводзіць прыклад Дзмітрый Леанідавіч. — Наведвальнікі з цікавасцю даведваюцца аб тым, што з гэтым родам звязана гісторыя аднаго з культурных сімвалаў Беларусі — слуцкіх паясоў: менавіта Ян Маджарскі стаяў ля вытокаў стварэння фабрыкі па выпуску кунтушовых паясоў, а ў 1760-м прадпрыемства было пераведзена з Нясвіжа ў Слуцк.

На выставе "Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі"

Гэты праект стаў першым сумесным мерапрыемствам нашай установы і фонду армяназнаўчых даследаванняў “АНИВ”. І працяг супрацоўніцтва будзе!

Дзмітрый Яшчанка выступае на адкрыцці выставачнага праекта "Золата іканастасаў.
Майстэрства беларускіх майстроў у Маскве"

У “Нясвіжы” дэманструецца міжнародны праект “Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве” з фондаў Маскоўскага дзяржаўнага аб’яднанага мастацкага гісторыка-архітэктурнага і прыродналандшафтнага музея-запаведніка, які падкрэслівае шматвекавыя мастацкія сувязі двух славянскіх народаў.

Праект "Золата іканастасаў. Майстэрства беларускіх майстроў у Маскве"

Прадстаўлены прадметы пазалочанай разьбы XVII стагоддзя: царскія вароты, абразы ў рамах-картушах, фрагменты іканастасаў. Дарэчы, з’яўленне пазалочанай скульптурнай разьбы ў Расіі звязана з перасяленнем туды беларускіх майстроў. Асаблівасць выставы ў тым, што многія экспанаты ўпершыню пакінулі межы Расіі — каб здзейсніць падарожжа ў Беларусь.

 

У Маскоўскім дзяржаўныі аб'яднаныі мастацкіі гісторыка-архітэктурным і
прыродна-ландшафтныі музеі-запаведніку "Каломенскае-Ізмайлава"

НА ЎМАЦАВАННЕ СУВЯЗЯЎ

— Міжнароднае супрацоўніцтва з музейнымі ўстановамі на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні культурных сувязяў, абмене вопытам і развіцці сумесных праектаў, якія накіраваны на папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны краін — удзельніц ЕАЭС. Такое ўзаемадзеянне садзейнічае павышэнню ўзроўню музейнай справы, правядзенню навуковых даследаванняў і адукацыйных праграм, стварэнню сумесных выстаў і абмену экспанатамі, а таксама распрацоўцы лічбавых платформ і праектаў па захаванні культурных каштоўнасцей. Гэтыя ініцыятывы станоўча адбіваюцца на ўмацаванні міждзяржаўных сувязяў, развіцці турызму і павышэнні міжнароднай рэпутацыі музейных устаноў, — рэзюмаваў Дзмітрый Яшчанка.

Святлана ЧЭКАЛ­ВА. Фота з архіва Нацыянальнага музея-запаведніка “Нясвіж”