Позірк класіка на парозе вечнасці

Апублiкавана: 27 жнiўня 2025 Стужка Музеі Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Вялікія творцы для нас неўміручыя – што, аднак, не адмяняе іх смяротнасці, уласцівай кожнаму чалавеку. Гэты парадокс стаў лейтматывам выставы з не менш парадаксальнай назвай – “Жахлівая прыгажосць”. Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея Якуба Коласа наважыліся закрануць далікатную і складаную тэму – як выглядаў геній перад абліччам смерці. Упершыню ў адной экспазіцыі былі сабраныя пасмяротныя маскі беларускіх класікаў

 

ПРЫГАЖОСЦЬ ІНШАСВЕТУ

Якія інтэнцыі тояцца за стварэннем пасмяротнай маскі? Жаданне адлюстраваць той выраз твару, з якім чалавек пакідае гэты свет, памкненне захаваць пра яго памяць для блізкіх? Так, але не варта выключаць і чыста практычныя намеры. Злепак, зроблены непасрэдна з твару нябожчыка, можа стаць добрым узорам для скульптурных партрэтаў — тых жа помнікаў. Так было, скажам, у выпадку з пасмяротнай маскай Якуба Коласа, якую яе стваральнік Заір Азгур потым “развіў” у асобны твор, што ўвасабляе Песняра на ложы смерці (абодва артэфакты прадстаўленыя на выставе).

Так ці іначай, але ж традыцыя пасмяротных масак з’явілася яшчэ ў антычнасці і не знікла да нашых дзён. Яна квітнела і ў савецкую эпоху, якая адрынула многія старыя звычаі. Злепкі былі зробленыя і з твараў многіх беларускіх славутасцяў. Што праўда, пра гэта мала хто ведаў — прынамсі, да адкрыцця згаданай выставы.

Хаця музеі іншых краін такія артэфакты дэманструюць ахвотна. Пасмяротныя маскі Пушкіна, Талстога, Маякоўскага — ды і наогул ці не кожнага з класікаў рускай літаратуры — можна ўбачыць у прысвечаных ім экспазіцыях. Прычым створаных яшчэ ў тыя даўнія часы, калі памкненне “паказытаць нервы” публіцы музейшчыкам зусім не было ўласцівае.

— Раней стаўленне да феномену смерці было куды больш спакойным ды ўзважаным, — лічыць куратарка выставы Алена Жасткова. — Пасмяротныя маскі можна было ўбачыць не толькі ў музеі, але нават у прыватных інтэр’ерах. Прыкладам, ёсць звесткі пра тое, што легендарны скульптар Андрэй Бембель меў у сваім кабінеце злепак з твару Пушкіна. То-бок такія маскі ўспрымаліся як прыгажосць — хай сабе і жахлівая. Але ўжо ў наш век адбылося пераасэнсаванне гэтага феномену: гаварыць пра смерць многія нібы саромеюцца…

Выстава атрымалася камернай — усяго з тузін экспанатаў. Ды, як прызналася куратарка, яе падрыхтоўка запатрабавала нямала высілкаў:

— Звычайна ў такой справе ты можаш карыстацца набыткамі папярэднікаў, тут жа давялося рабіць усё, як кажуць, з чыстага аркуша. На вялікі жаль, гэтая тэма пакуль у нас не вывучалася — прынамсі, мае пошукі ў бібліятэках не прынеслі плёну. Экспанаты былі сабраныя з фондаў розных беларускіх музеяў: Нацыянальнага мастацкага, Купалы, Азгура, а таксама прыватных калекцый…

Пасмяротная маска аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Беларусі Нестара Сакалоўскага адшукалася ў Бягомльскім музеі народнай славы (кампазітар родам з тых краёў). Алена Жасткова не сумняецца, што выявіць удалося далёка не ўсе падобныя творы. Ды і з’яўляліся яны на беларускіх землях куды раней за ХХ стагоддзе. А таму нас чакае яшчэ нямала адкрыццяў.

 

ЧОРНЫ РАЗАМ З БАРЛАХАМ

Не выпадае сумнявацца ў тым, што за кожнай пасмя- ротнай маскай тоіцца свая гісторыя. Прыкладам, пра “апошні партрэт” Караткевіча парупіліся яго сябры — блізкіх сваякоў у пісьменніка на момант смерці не засталося. Маска Кузьмы Чорнага была зробленая Андрэем Бембелем яшчэ падчас вайны. Як, вядома, пісьменнік памёр у нядаўна вызваленым Мінску. Знакаміты скульптар таксама паспеў туды вярнуцца з эвакуацыі — і такім чынам шляхі дзвюх творчых асоб перакрыжаваліся.

Сяброўства Якуба Коласа і Заіра Азгура доўжылася дзесяцігоддзі, і за гэты час скульптар стварыў не адзін знакавы партрэт Песняра. Таму можна сабе ўявіць, з якімі пачуццямі ён рабіў пасмяротную маску чалавека, блізкага яму з юнацтва.

Некаторыя гісторыі распавесці пакуль немагчыма — хаця не выпадае сумнявацца ў тым, што яны ёсць. Адна з прадстаўленых на выставе масак пазначаная як твор невядомага аўтара. Чыё аблічча там выяўленае, таксама высветліць не ўдалося. Аднак можна спадзявацца на тое, што з часам музейная этыкетка зменіцца: на ёй з’явяцца канкрэтныя імёны. Вядома, у тым выпадку, калі цікавасць да тэмы, выкліканая выставай, натхніць даследчыкаў на пошукі.

Між тым, першае адкрыццё яна ўжо мімаволі спарадзіла. Адзін з прадстаўленых у экспазіцыі твораў таксама доўгі час значыўся ў фондах Нацыянальнага мастацкага як “безыменны”. Аднак калі гэтая работа апынулася ў цэнтры ўвагі, супрацоўнікі музея здолелі яе атрыбутаваць. Вынік папраўдзе сенсацыйны. Як выявілася, перад намі — ці не апошні партрэт знакамітага нямецкага скульптара Эрнста Барлаха, зроблены незадоўга да яго смерці жонкай і саратніцай Маргай Бёмер. Якім чынам унікальны твор патрапіў у беларускі музей? Гэта яшчэ адна загадка, пошукі адказаў на якую, можна меркаваць, адкрыюць новыя інтрыгоўныя сюжэты.

 

НЯЎЛОЎНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

Памкненне ўвекавечыць знакавую постаць скульптурнымі сродкамі было ўласцівае нашым продкам здавён. Згадайма хаця б шляхецкія надмагіллі XVII стагоддзя, выкананыя ў пафасных традыцыях сармацкага партрэта — у састарэлых ужо тады даспехах. Такую стылістыку яшчэ ў той час аспрэчыў Радзівіл Сіротка, маўляў, перад смерцю ніхто не выглядае як рыцар… Аднак яна прэвалюе да сёння — з улікам зменлівых культурных кодаў. Помнікі — гэта, безумоўна, парадныя партрэты, мэта якіх данесці абагулены і трохі ідэалізаваны вобраз вялікай асобы. Іншая справа — пасмяротныя маскі. Яны зробленыя механічным чынам, з мінімальным удзелам скульптара. Іх мэта — бадай дакументальна зафіксаваць для нашчадкаў тое аблічча, з якім творца пакідаў гэты свет. Як быццам увасобіць у матэрыяле яго апошні ўздых…

— Углядаючыся ў гэтыя творы, часам прыходзіш да высновы, што тут нашы класікі больш сапраўдныя, чым на хрэстаматыйных парадных партрэтах, — кажа Алена Жасткова. — Пасмяротныя маскі нібы адкрываюць няўлоўныя таямніцы тых асоб, якіх кожны з нас ведаў здаўна.

Ілья СВІРЫН. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА