Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры учора, 23 жніўня, у чарговы раз запрасіў на “Кушлянскі фэст” — традыцыйнае літаратурна-музычнае свята, якое ладзіцца ў філіяле “Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны»”.

Сёлета фэст быў прысвечаны юбілейнай даце — 185-годдзю з дня нараджэння знакамітага паэта, публіцыста, перакладчыка, адваката і грамадскага дзеяча Францішка Казіміравіча Багушэвіча.

Свята з неверагодна душэўнай атмасферай сабрала прыхільнікаў творчасці Багушэвіча, сучасных беларускіх аўтараў, аматараў фальклору.




Гасцям прапанавалі экскурсіі па музеі-сядзібе і сустрэчы з літаратарамі, майстар-класы, гульні і віктарыны, танцавальна-спеўную праграму, а таксама рамесніцкія рады і нават духмяную габрату з зёлак і народныя прысмакі.


У свяце прымалі ўдзел творчыя калектыва Смаргонскага раённага цэнтра культуры: народны ансамбль народнай песні "Хутарок", народны фальклорны калектыў "Валэйчанка", калектыў інструментальнай музыкі "Кушлянская капэла" і майстры народнай творчасці Смаргоншчыны.

Спецыяльны музычны госць — народны фальклорны ансамбль «Сарматы» БДУ.




Фота Ірыны СТАНКЕВІЧ