Ці можна ўявіць сабе замак без падземнага хода? Так. Па-першае, не кожнаму феадалу па кішэні іх будаваць. А па-другое… не заўсёды ў тым была патрэба. А вось без легенд пра патаемныя лабірынты, па якіх нібыта магла прамчаць карэта, здаецца, не абыходзіцца ніводны палац.

ПАД ГУК РЫДЛЁВАК
Аднак часам легенды адпавядаюць рэчаіснасці – як, напрыклад, у Заслаўі, дзе археолагі лаз надоечы раскрылі. Што заканамерна выклікала сенсацыю. Хваля хайпу, вядома, схлыне. Раскопкі, прымеркаваныя да абласных “Дажынак”, неўзабаве завершацца. Мяркуючы па ўсім, гаспадарамі (ці, дакладней, аканомамі) новаадкрытых аб’ектаў стануць супрацоўнікі Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. І ўжо сёння яны задумваюцца пра тое, як належна распарадзіцца гэтымі набыткамі. Прычым гутарка не толькі і нават не столькі пра падземны лаз…
— Цяпер галоўная задача — стварыць усе ўмовы для захавання гэтых каштоўных знаходак ад згубнага для іх атмасфернага ўздзеяння, — кажа намесніца дырэктара музея-запаведніка Ксенія Сямашка. — Ну а далей… было б цудоўна, каб у Заслаўі з’явіўся новы аб’ект паказу, унікальны для Беларусі і прывабны для турыстаў. Строга кажучы, пра існаванне лаза было вядома даўно: яшчэ ў 1972-м яго выявіў падчас раскопак легендарны Георгій Штыхаў.
І вось сёлета напрыканцы чэрвеня падземны ход зноў паказаўся з нетраў зямлі — пасля чаго журналісты навыперадкі рушылі ў Заслаўе. Працэсу раскопак гэта не нашкодзіла. Іх кіраўнік — малады і руплівы археолаг з Інстытута гісторыі НАН Беларусі Іван Спірын — каментаваў нядаўнія адкрыцці пад характэрны гук рыдлёвак, што ўгрызаліся ў зямлю:
— Вынік нас узрадаваў: тунэль захаваўся няблага, хаця былі апаскі, што ён абрынуўся. Лаз не засыпаны зямлёю, і калі адсунуць краты, якія закрываюць уваход, можна лёгка туды патрапіць. Як далёка? Гэтага не правяралі. У нас задачы іншыя. Паспрабуем выявіць другі ўваход, з адваротнага боку. Куды ж вядзе падземны ход? І дзеля чаго ён быў збудаваны?

ФУТАРАЛ ДЛЯ РУІН
Музейшчыкі нагадваюць, што падземны ход — усяго адзін са складнікаў куды большага помніка археалогіі. Парэшткі ўязной брамы ў Заслаўскі замак, раскрытыя падчас сёлетніх раскопак, выглядаюць даволі ўнушальна. Прычым гэта прыблізна палова ад таго, што ацалела.
Другая частка руін брамы — па іншы бок ад уваходу на замчышча — пакуль збольшага тоіцца пад зямлёю. Адпаведна, належыць вызначыць будучыню не толькі падземнага хода, але і ўсіх раскапаных парэшткаў брамы. Менавіта такая задача будзе пастаўленая перад архітэктарамі “Белрэстаўрацыі”, якія павінны ўзяцца за працу па завяршэнні работы археолагаў. І распачынаць праектаванне не давядзецца з нуля.
Старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Генадзь Сівохін дастае з шафы тэчку, тытульны аркуш якой выдрукаваны на машынцы. Гэта прапановы па музеефікацыі Заслаўскага гарадзішча, выкананыя яшчэ ў 1972-м групай архітэктараў-рэстаўратараў пад кіраўніцтвам Сяргея Багласава.
На адной з выяў бачым поўнасцю адноўленую браму замка. Выглядае яна даволі… пераканаўча. Дык мо варта гэтую задуму ўвасобіць? Такі падыход турыстам даспадобы: ёсць на што паглядзець… Аднак спецыялісты лічаць яго зусім не бясспрэчным. Справа ў тым, што матэрыялаў для навуковай рэканструкцыі брамы недастаткова. Як яна выглядала ў пару росквіту замка, якое мела наверша, колькі паверхаў? На жаль, гэтага не ведаем: выяў з таго часу не захавалася.
Аднаўляць помнік спадчыны без належнага навуковага базісу лічыцца метадалагічным маветонам. Зрэшты, такая праблема ў наш век паспяхова вырашаецца ў іншы спосаб. Замест аднаўлення “таго, што было”, ацалелыя парэшткі змяшчаюцца ў свайго кшталту футарал — нібы ў музейную вітрыну. Сучасныя элементы часцяком наўмысна робяцца “на кантрасце з аўтэнтыкай” — скажам, са шкла. Гэта каб падкрэсліць, што на ролю помніка вітрына ніякім чынам не прэтэндуе. Падобны падыход выкарыстоўваецца, напрыклад, у Гальшанскім замку ці пры аднаўленні Шчытоўкі ў Навагрудку. На думку супрацоўнікаў музея-запаведніка, ён цалкам прымяняльны і тут.

НЕКЛАСІЧНЫ МУЗЕЙ
У тым, што заслаўскае гарадзішча “Вал” — гэта, як цяпер кажуць, месца сілы, пераконваць нікога не давядзецца. Ды, разам з тым, турыстаў там не так шмат, як на іншых помніках спадчыны — нават куды болей аддаленых ад сталіцы. Прычыны зразумелыя: наведвальнікі не раз скардзіліся на брак цікавостак. Узняцца на валы, каб паўглядацца ў краявіды, завітаць у старадаўні храм…
Гэта, вядома, выдатна, але болей чым на паўгадзіны “звычайны” турыст тут не затрымаецца. Згадайма для прыкладу музейны комплекс у Мерачоўшчыне пад Косавам. Калі палац Пуслоўскіх стаяў у руінах, турыстаў там было не тое каб шмат, дый завітвалі яны туды ненадоўга. Цяпер, пасля рэстаўрацыі, іх безліч, прычым многія прыязджаюць ледзь не на цэлы дзень, у ахвоту пакідаючы свае кроўныя…
Не выпадае сумнявацца, што і заслаўскае гарадзішча мае шансы загучаць па-новаму, а брама з падземным ходам гэтаму паспрыяюць. Па словах Ксеніі Сямашка, казаць пра класічны музей у дадзеным выпадку наўрад ці выпадае. Без сумневу, галоўным (а мо і адзіным) экспанатам тут павінны стаць самі руіны:
— У нас будзе магчымасць паказаць гэты аб’ект у анатамічным разрэзе — што, безумоўна, па-свойму цікава.
— Да ўсяго, прыставанне пад музей — далёка не адзіны спосаб надаць новае жыццё помніку спадчыны, — дадае Генадзь Сівохін. — Часам бывае, што іншыя функцыі больш спрыяюць яго запатрабаванасці сярод турыстаў і ўключанасці ў жыццё мясцовай супольнасці. Дзверы музея “сярэднестатыстычны грамадзянін” адчыняе не так і часта: спярша ў маленстве прыйшоў на экскурсію, потым прывёў сваё дзіця…
Вось таму музей, што называецца, выходзіць у народ. Напярэдадні “Дажынак” у Заслаўі мяркуюць увасобіць вельмі смелае “ноу-хау”: экспазіцыя пра гісторыю горада разгорнецца наўпрост на Рынкавай плошчы. Прычым не толькі на свята, а назаўсёды! Вітрыны з густоўнай падсветкай будуць змяшчаць інфармацыйны матэрыял, макеты, рэплікі артэфактаў. Зразумела, квіткі ў гэты музей купляць не давядзецца, а працаваць ён будзе круглыя суткі. Магчыма, такое адкрытае экспанаванне — аптымальны варыянт будучыні таксама і для руін замкавай брамы. І не варта сумнявацца: турысты на новы аб’ект адрэагуюць адразу…
Ну а тыя з іх, хто ласы на эмоцыі, мажліва, здолеюць патрапіць і ў падземны лаз. Зразумела, за адмысловую плату, з адмысловым рыштункам і пасля азнаямлення з інструкцыяй па бяспецы. Аднак варта адразу зразумець: здарыцца гэта не заўтра. Таму надзённыя праблемы маюць зусім іншы характар.

НЕРАМАНТЫЧНАЯ ГІПОТЭЗА
Расповеды пра заслаўскія сутарэнні, якія нібыта ўтвараюць сапраўдныя лабірынты, яшчэ і сёння можна пачуць ад тутэйшага люду. Аднак навуковец ставіцца да іх са скепсісам. Маўляў, такія мудрагелістыя ў інжынерным плане канструкцыі робяць будаўніцтва замка шматкроць даражэйшым, а вось практычная іх карысць невідавочная.
Пагатоў прыватная фартэцыя Глябовічаў была хоць і перадавой паводле тэхналогій, але не самай магутнай. Таму рабочая гіпотэза археолага адносна функцыянальнага прызначэння падземнага хода не рамантычная:
— Мяркую, найперш гэта ліўнёўка. Магчыма, пры жаданні можна было выпаўзці праз той лаз падчас асады — скажам, ганца даслаць. Аднак галоўная функцыя, на маю думку, — менавіта каналізацыя. Іншых варыянтаў водаадводу з замкнёнай тэрыторыі замка ў роў папросту не было.
На карысць такой празаічнай версіі ёсць важкі аргумент. Падземны ход вёў непасрэдна да брамы — у тое месца, якое непрыяцель падчас асады несупынна трымаў пад наглядам. Калі б тунэль меў функцыю патаемнага “аварыйнага выйсця”, уваход у яго быў бы добра замаскіраваны.
— Зрэшты, пакуль гэта гіпотэза, — абнадзейвае археолаг. — Раскопкі яшчэ не скончаныя, таму хто ведае, ці не адкрыюцца нейкія новыя дэталі, здатныя скарэктаваць наша разуменне? З іншага боку, ліўнёўка XVI стагоддзя — гэта, пагадзіцеся, таксама цікава. Дзе яшчэ ўбачыш у нас падобны ўтылітарны аб’ект, ды настолькі добра захаваны?
А рамантычныя байкі, абавязкова звязаныя з каханнем, экскурсаводы, без сумневу, напрыдумляюць. І тут новае пытанне: ці здолеюць некалі патрапіць у той лаз усе ахвотныя? І ці паўстане ў нас музейны аб’ект, які дасюль не мае ў Беларусі аналагаў — хаця запыт на яго, здавалася б, відавочны?

ЭКСКУРСІІ НА КАРАЧКАХ
За мяжой падземныя экскурсіі прапануюць турыстам нярэдка — згадайма хаця б знакамітыя рымскія катакомбы. Поспехам карыстаюцца і лёхі, якія некалі мелі прыземленую функцыю — скажам, сярэднявечныя падвалы-піўніцы Пльзені (тут разумееш, чаму падвалы сталі называць піўніцамі). Вядома, такія аб’екты працуюць не зусім як звычайныя музеі: наведванне сутарэнняў магчымае толькі ў складзе невялікай арганізаванай групы і абавязкова з гідам. Здавалася б, вось ён, гатовы алгарытм.
Аднак у выпадку з Заслаўем сітуацыя ўскладняецца. Памеры тунэлю — усяго 120 на 80 см. Адпаведна, у поўны рост тут не станеш… Кагосьці гэтыя габарыты, вядома, спыняць. Ды не выпадае сумнявацца, што знойдуцца аматары вострых адчуванняў, якія пагодзяцца лезці пад зямлю літаральна на карачках— прычым за плату.
Аднак музейшчыкі — людзі практычныя. Таму адразу тлумачаць: перад тым як адкрываць падземны аб’ект для турыстаў (ці, дакладней, наогул разглядаць такі варыянт), трэба правесці сур’ёзныя інжынерныя даследаванні стану яго захаванасці і атрымаць “дабро” многіх адмыслоўцаў не музейнага профілю. Бо бяспека наведвальнікаў — перадусім.

НАЙПЕРШ — ЗАХАВАЦЬ
Спрычыніцца да дыскусій наконт новага музея, знакавага для ўсёй краіны, — гэта ўжо, бадай, традыцыя абласных “Дажынак” на Міншчыне. Аднак калі летась адкрыццё экспазіцыі ў Валожынскім ешыбоце было прымеркаванае непасрэдна да свята, сёлета падрыхтоўка да яго толькі паклала пачатак маштабных работ. Пакуль архітэктары-рэстаўратары распрацуюць свае прапановы, пакуль яны пройдуць належнае ўзгадненне ў Міністэрстве культуры, пройдзе нямала часу. Што зразумела: для такіх грунтоўных спраў спешка не пасуе. А неўзабаве надыдзе восень, затым зіма. Ападкі і перапады тэмператур для адкрытых з нетраў зямлі руін уяўляюць вялізную небяспеку.
— Я гэта магу засведчыць на прыкладзе нашых раскопак, — тлумачыць Іван Спірын. — Фрагменты брамы, што былі раскрытыя больш як паўстагоддзя таму, захаваліся куды горай за тую муроўку, якую сёлета раскрылі ўпершыню. А ўсё таму, што тады, у 1970-я, раскоп некалькі сезонаў прастаў пад адкрытым небам — перад тым як яго закансервавалі зямлёй.
Археолаг упэўнены, што зараз пераўтвараць раскопкі ў “закопкі” ўжо не давядзецца: сучасныя методыкі прапануюць іншыя спосабы кансервацыі археалагічных помнікаў. Аднак справа гэтая не такая і простая. Як тлумачаць навукоўцы, накрыць раскоп часовым дахам — недастаткова. Поўнасцю спыніць руйнаванне гэтыя захады няздатныя. Па прыклады далёка хадзіць не трэба: той невялічкі фрагмент брамы, які ўжо гадоў дзесяць экспануецца пад шкляным навесам, спакваля ўсё ж разбураецца. Адпаведна, падыход павінен быць больш грунтоўным.
— Бліжэйшым часам трэба сканцэнтраваць усю ўвагу на першасным этапе — кансервацыі раскопу, — рэзюмуе Генадзь Сівохін. — Гэта дазволіць правесці далейшыя даследаванні, каб у будучыні развіваць аб’ект на належным узроўні, забяспечыўшы і яго захаванасць, і выкарыстанне ў сферы турызму.
Да сёлетніх “Дажынак” увесь гэты шлях, вядома, прайсці немагчыма. Аднак шматлікія госці восеньскага свята змогуць убачыць старую муроўку, зусім нядаўна адкрытую археолагамі. І гэта будзе нагода яшчэ раз пераканацца: пашчэрбленая вякамі цэгла сама па сабе з’яўляецца прывабным для турыстаў артэфактам.
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара